Новае кіраўніцтва Польскай тэлевізіі (TVP) пазбавіла дырэктарат «Белсату» фінансавых паўнамоцтваў. Дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўская-Гузы заявіла аб пагрозе спынення працы цягам месяца.
Дырэктарцы «Белсату» праз электронную пошту паведамілі пра ануляванне фінансавых паўнамоцтваў. Гэта азначае, што кіраўніцтва тэлеканалу цяпер не мае правоў падпісваць фінансавыя дакументы.
Агнешка Рамашэўская-Гузы адзначыла, што аніякіх тлумачэнняў ад кіраўніцтва Польскай тэлевізіі (TVP) яна не атрымала.
«У аўторак мае быць сустрэча з ліквідатарам, і я спадзяюся, што сітуацыя праясніцца ў станоўчы бок для гэтай важнай польскай ініцыятывы», – паведаміла дырэктарка «Белсату».
Адначасова яна папярэдзіла, калі бліжэйшым часам не будзе развязання, то тэлеканал апынецца пад пагрозаю спынення працы:
«Калі бліжэйшым часам паўнамоцтвы не будуць узноўленыя ў той ці іншай форме, “Белсат” апынецца пад пагрозаю спынення вытворчасці цягам месяца або паўтары месяцы, бо гэта бесперапынная вытворчасць».
У сваім Facebook Рамашэўская-Гузы ўдакладніла, што пазбаўленне фінансавых паўнамоцтваў – гэта не звальненне, аднак дэ-факта яна не можа весці гаспадарчую дзейнасць каналу.
Імаверна, кіраўніцтва «Белсату» атрымае новыя паўнамоцтвы, аднак дырэктарка канстатавала, што не ўпэўненая ў гэтым.
Сітуацыя сталася вынікам змены кіраўніцтва Польскай тэлевізіі. Кадравыя перастаноўкі ініцыявала новая ўлада, што прыйшла пасля парламенцкіх выбараў. Быў таксама звольнены менеджмент Польскага радыё і Польскай агенцыі друку.
Ва ўрадзе свае дзеянні тлумачаць неабходнасцю «аднавіць незалежнасць, аб’ектыўнасць і плюралізм у рэалізацыі грамадскай місіі» дзяржаўных медыяў. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда назваў кадравыя перастаноўкі незаконнымі.
Цяпер усе гэтыя дзяржаўныя медыі юрыдычна знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі праз тое, што прэзідэнт адхіліў праект бюджэту, які прадугледжваў для рэдакцыяў 3 млрд злотых (у пераліку каля 750 млн долараў). Такі статус неабходны, каб дзейнасць медыяў працягвалася і была магчымасць правесці рэструктурызацыю.
Раней намеснік дырэктаркі «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі выказваў спадзеў, што змена кіраўніцтва TVP не паўплывае на дзейнасць каналу:
«“Белсат” вяшчае ўжо 17-ы год, і за гэты час змяніўся не адзін урад. Але, на шчасце, усе галоўныя палітычныя сілы Польшчы заўсёды прыходзілі да кансэнсусу, што існаванне “Белсату” проста неабходнае».
Пра неабходнасць падтрымання «Белсату» казала і абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская падчас сустрэчаў у Варшаве з кіраўніцтвам МЗС, спікерамі Сейму і Сенату Польшчы, а таксама з чальцамі Камітэту замежных справаў Сейму.
Сцяпан Кубік belsat.eu