Падслуханае. Дыялогі ў менскім электравіку


Прыгарадны электравік. За цьмяным шклом вокнаў прабягаюць палымяныя дрэвы, іх галінкі апякаюцца барвовым і жоўтым лісцем і прагнуць хутчэй ад яго вызваліцца. Пасажыры вядуць свае нетаропкія размовы. Паслухалі іх, каб даведацца, што абмяркоўваюць беларусы, на што спадзяюцца, што плануюць.

Графіка: Дэ Лёс / Белсат

На чарговай станцыі ў вагон заходзіць мужчына: вельмі простая, для лецішча, вопратка, на плячы вялікая сумка, у руках – стос календароў. Ён раскладвае па два календары на кожнае вольнае сядзенне: з вокладак глядзяць вушастыя пухнатыя трусікі (наступны 2023 год – год труса) і вочы дзевы Марыі (адзін з календароў – праваслаўны). Ён дайшоў да канца вагона і спыніўся. Пачакаў хвілінаў 5, не пабачыў аніякай цікаўнасці да свайго тавару, пайшоў назад – збіраць календары.

– Кожная царква мае алтар, куды можна заходзіць толькі пэўным людзям. У нашым шпіталі таксама ёсць такі «алтар» – аперацыйная. Шмат каму цікава, што там адбываецца, але завітаць туды можа далёка не кожны, – кажа інтэлігентны мужчына гадоў сарака пяці і паблісквае сваімі акулярамі ў тонкай аправе.

Насупраць яго сядзіць дзяўчына гадоў дваццаці пяці. Ветліва ўсміхаецца ў адказ. Пасля задуменна пытае:

– Кажуць, што цяпер вялікая праблема з дактарамі. А як у вас у шпіталі?

– Гэта так, шмат хто з’язджае.  Я разумею гэтых людзей. Часам доктар мае высокую кваліфікацыю, але праз погляды яго звальняюць. Што яму рабіць? Ісці вуліцы падмятаць? Медыцына – сфера, у якую ты ўкладаешся ўсё жыццё.  За мяжой умовы працы, заробкі ў медыкаў лепшыя. Шмат хто едзе ў Польшчу, Нямеччыну, – адказвае мужчына.

– А чаму вы яшчэ тут? – не адстае дзяўчына.

Графіка: Дэ Лёс / Белсат

Ейны суразмоўца задуменна паглядзеў у акно, пажаваў вуснамі. Затым зноўку паглядзеў на дзяўчыну:

– Ведаеце, я думаў пра гэта. Але вось паеду я ў Нямеччыну – і што буду там рабіць? Лячыць нямецкіх дзяцей? А беларускіх лячыць хто застанецца? Калі я ішоў у медыцыну, я хацеў лячыць беларусаў. Так, у Нямеччыне я буду зарабляць добрыя грошы, але ці ў гэтым сэнс? А магчыма, я проста вычарпаў ліміт зменаў у сваім жыцці.

Цяпер позірк у акно адвяла дзяўчына. Некаторы час яны ехалі моўчкі.

У вагон электравіка ўваходзіць высокі барадаты мужчына з доўгімі валасамі, сцягнутымі гумкай у хвост. Ад вуха да рота цягнецца маленькі мікрафон, у руках – гітара.

«Наша жизнь – величайшее чудо. Это значит, мы будем вечно любить друг друга», – спявае ён і падыгрывае сабе на інструменце. Пасля выканання праходзіць праз вагон. Жанчыны з выглядам «ды калі вы ўжо адчэпіцеся» дэманстрацыйна не звяртаюць на музыку ніякай увагі. Мужчына ідзе шукаць шчасця ў наступны вагон.

Графіка: Дэ Лёс / Белсат

Каля акна, падклаўшы руку пад галаву, дрэмле мужчына гадоў шасцідзесяці ў шэрым старамодным капелюшы. Побач з ім, насупраць адно аднаго, сядзіць пара, гадоў дваццаць кожнаму.

– Швецыя такая цікавая краіна! – з захапленнем кажа дзяўчына. На ёй – плюшавы капялюш, дутая модная куртка. Выразна падведзеныя чорным вочы з выклікам глядзяць на хлопца насупраць.

– Ты хацела б туды паступіць павучыцца? – пытае хлопец і мякка, шчыра ўсміхаецца. Усім корпусам цела ён нахіляецца бліжэй да сваёй спадарожніцы.

– Не, не вучыцца. Жыць жыццё, – дзелавіта адказвае дзяўчына.

Яна займаецца музыкай і хацела б выступіць на канцэрце з аркестрам, аднак цяпер для гэтага ёсць пэўныя перашкоды.

– Перад кожным вялікім публічным выступам цябе некалькі месяцаў правярае КДБ. Цэлае дасье на цябе складаюць.  Каб уладкавацца на працу ў дзяржаўныя ўстановы, кампаніі, таксама праходзіш праверкі розных органаў, – з выглядам знаўцы кажа дзяўчына. Пра КДБ яна кажа як пра нешта цалкам звычайнае, звыклае, нібыта між іншага ўзгадала любімы музычны гурт.

– Калі што, можна збегчы ў Польшчу, – з лёгкай усмешкай жартуе хлопец.

– Ага, а адтуль пераплыць раку ў Нямеччыну, – падхоплівае дзяўчына, запракідвае галаву і смяецца.

Графіка: Дэ Лёс / Белсат

Жаночы голас манатонна абвяшчае чарговы прыпынак. За акном мітуслівыя пероны змяняюцца на імжыстыя палі і выспы з дрэвамі.

– Ёсць у мяне калега па працы, у яе муж – расеец, а сваякі – украінцы. Вайна як пачалася, уяві: муж дзесьці ў Маскве на працы, сваякі ў Кіеве, куды ляцяць ракеты, а яна ў Менску сядзіць і не ведае, што ёй рабіць, – нягучна кажа жанчына сваёй суразмоўцы, якая сядзіць побач. Абедзвюм гадоў за сорак.

– Ну, вось дык гісторыя, – рэагуе другая і рэзка змаўкае. У вагон зайшла кантралёрка, правярае білеты.

Людзі старэйшага ўзросту пераважна назіраюць за зменлівымі карцінкамі за акном. Маладзейшыя – за карцінкамі ў экране мабільнага тэлефона.

– Ну вось, зноўку яна паперлася ў Пецярбург. Вайна, не вайна – пофіг, – абурана кажа дзяўчына гадоў трыццаці, адрываючыся ад свайго гаджэту.

– Дык і што, што паехала? – здзіўлена глядзіць на яе сяброўка, адарваная ад стварэння паста ў «Інстаграме».

– Ты што, не разумееш? Вось праўда, зусім не разумееш? – пачынае злавацца першая.

– Не, не разумею, чаму ты абураешся. Мая сястра разам з сябрамі таксама паехала нядаўна ў Піцер развеяцца. Гэта цяпер ці не адзіная магчымасць адпачыць. Калі паездка была запланаваная, што, цяпер адмяняць яе? – стрымана кажа ейная сяброўка.

– Я не разумею людзей, якія цяпер едуць адпачываць у Расею, – пасля няўтульнай паўзы з прыкрасцю адказала першая дзяўчына.

– А я не разумею нянавісці да беларусаў, якія ездзяць у Рашку, са справамі ці так. Калі чалавек з’ездзіць у Піцер і разгрузіцца ад жыццёвых праблемаў, што яго гнятуць у Беларусі, я асуджаць яго не буду.

– А я асуджаю. Пасля Бучы буду асуджаць, без варыянтаў. Ёсць куча спосабаў разгрузіцца ад праблемаў, і не трэба для гэтага ехаць у Расею. Ты мяне не пераканаеш, нават не спрабуй.

Графіка: Дэ Лёс / Белсат

Электравік імчыць далей. Хтосьці выходзіць з вагону, але ягонае пустое месца хутка зойме іншы, са сваімі думкамі, надзеямі, планамі, спадзевамі. І новымі дыялогамі.

Саша Гоман  belsat.eu

Стужка навінаў