Міжнародны валютны фонд заявіў, што запускае віртуальную місію ў Беларусі. Гэтае рашэнне было прынятае «на фоне заклапочанасці» з-за выплаты рэжыму Аляксандра Лукашэнкі звыш 900 мільёнаў долараў у межах падтрымкі дзяржаваў падчас змагання з пандэміяй каронавіруса.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Місія зʼяўляецца часткай мандату МВФ па эканамічным наглядзе і маніторынгу. Яе мэта — збор дадатковай інфармацыі аб эканамічных падзеях у Беларусі і захадах уладаў у адказ на пандэмію COVID-19, заявілі ў прэс-службе МВФ.
Місія стартуе ў панядзелак, 13 верасня.
Сёлета ў жніўні Міжнародны валютны фонд ухваліў рашэнне раздаць $ 650 млрд у мэтах падвышэння ўстойлівасці дзяржаваў падчас змагання з пандэміяй каронавірусу. У тым ліку звыш 900 мільёнаў долараў у выглядзе «спецыяльных праваў пазыкі» («Special Drawing Rights», SDR) вылучылі Беларусі. У верасні сродкі былі залічаны ў золатавалютныя рэзервы Беларусі.
Пастанова МВФ вылучыць Беларусі амаль мільярд долараў выклікала хвалю абурэння: Міжнародны валютны фонд вінавацяць у тым, што такім чынам ён фінансуе дыктатарскі рэжым Лукашэнкі.
ІІ belsat.eu