Пракурор Уладзімір Рабаў просіць пакараць палітзняволенага жыхара плошчы Пераменаў Сцяпана Латыпава 8,5 гадамі калоніі і штрафам 300 базавых. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Латыпава вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
Пракурор запытаў у суда пакаранне для палітвязня ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 8 гадоў і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу памерам 300 базавых велічыняў.
Сцяпан Латыпаў сваёй віны не прызнае. Справу разглядае суддзя Аляксандр Волк.
Сцяпана Латыпава затрымалі 15 верасня 2020 года ў двары, калі ён прасіў сілавікоў у масках прадставіцца. Удома ў яго правялі ператрус. Спачатку яго вінавацілі ў тым, што ён нібыта планаваў атруціць сілавікоў ядахімікатамі, якія набываў дзеля знішчэння баршчэўніка. Аднак у выніку выставілі абвінавачанне ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, супраціве пры затрыманні і ў махлярстве ў асабліва буйным памеры.
На паседжанні 1 чэрвеня палітвязень заявіў пра пагрозы ягонаму бацьку і суседзям ды пра невыносныя катаванні: 51 дзень у так званай прэс-хаце – камеры, дзе літаральна выбіваюць прызнальныя паказанні. На знак пратэсту супраць катаванняў Латыпаў парэзаў сабе горла ў судзе, ён быў шпіталізаваны, яму зрабілі аперацыю. Але ўжо на наступны дзень яго вярнулі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.
ІІ belsat.eu