«Абвінавачанне беспадстаўнае». Следства ў справе Максіма Знака завершанае


Крымінальная справа супраць сябры прэзідыуму Каардынацыйнай рады Максіма Знака хутка будзе перададзеная ў суд. Абаронцы Знака настойваюць на тым, што ў дзеяннях палітвязня няма складу злачынства.

Як піша адвакат Максіма Знака Дзмітрый Лаеўскі ў сваім тэлеграм-канале, 7 траўня стала вядома пра завяршэнне папярэдняга следства. Цяпер справу мусяць накіраваць пракурору для перадачы ў суд.

«А напярэдадні гэтага, 5 траўня, Максіму Знаку было выстаўленае так званае канчатковае абвінавачанне. Паводле інкрымінаваных артыкулаў яно не адрозніваецца ад таго абвінавачання, якое абскарджанае намі ў сакавіку, ёсць некаторыя адрозненні па тэксце. Раней нам забаранілі не толькі распавядаць пра «дадзеныя папярэдняга следства», але нават называць прозвішчы следчых. Дзіўна, бо калі людзі ўпэўненыя ў тым, што яны робяць, няма патрэбы хаваць сябе», – адзначае адвакат.

Адвакаты Знака накіравалі скаргі на абвінавачанне ў Следчы камітэт і Генеральную пракуратуру.

«У частцы інкрымінаваных Максіму Знаку дзеянняў гэтае абвінавачанне пазбаўленае якой-небудзь канкрэтыкі, – падкрэслівае Лаеўскі, – Яно складаецца з абстрактных фармулёвак, з якіх абсалютна не ясна, у чым менавіта заключаліся дзеянні Максіма, расцэненыя следчым як злачынства. У абвінавачанні на шмат старонак апісваюцца нейкія падзеі і дзеянні іншых асобаў, якія не ўтвараюць злачынства і не маюць дачынення да абвінавачанага».

Напрыклад, паводле Лаеўскага, следства ніяк не абгрунтоўвае, чаму Каардынацыйную раду ўлады лічаць «экстрэмісцкай арганізацыі», і не тлумачыцца, якім чынам КР збіралася захапіць уладу «неканстытуцыйным шляхам». «Раней мы ўжо звярталі ўвагу, што перамовы і адстаўка не з’яўляюцца спосабамі захопу ўлады, бо не прыводзяць да спынення ўладных паўнамоцтваў каго-небудзь насуперак ягонай волі», – падкрэслівае адвакат.

У частцы абвінавачанні ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацбяспекі, не прыводзяцца цытаты Знака, не названыя даты, час і месца агучвання такіх заклікаў.

«Вядома, гэта толькі малая частка таго, што дало нам падставы аспрэчыць і абскардзіць абвінавачанне. Аднак я хачу падкрэсліць: Максім пад вартай восем месяцаў, і за гэты час не высветленыя рэальныя дзеянні, якія б адпавядала прыкметам злачынства.

Выстаўленае Максіму Знаку абвінавачанне беспадстаўнае, яно супярэчыць крымінальнаму і крымінальна-працэсуальнаму закону, і таму крымінальны пераслед Максіма Знака павінен быць спынены – мы заявілі патрабаванні пра гэта на адрас усіх, хто абавязаны і ўпаўнаважаны гэта зрабіць», – заявіў Лаеўскі.

Гісторыі
«Што было б з Беларуссю, калі б мы не марнавалі час невінаватых на турмы?» Надзея Знак чакае мужа на волі з шампанскім
2021.03.06 09:00

Максім Знак – вядомы беларускі юрыст і адвакат. Падчас перадвыбарчай кампаніі 2020 года працаваў у штабе Віктара Бабарыкі. Пасля выбараў увайшоў у прэзідыум Каардынацыйнай рады. Быў затрыманы 9 верасня.

Максіму Знаку выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»), ч. 1 арт. 357 («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам») і арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім»).

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў