Улады заклікаюць беларусаў выдаліць «сумнеўную» інфармацыю з сацсетак за апошнія 5 гадоў


Намеснік пракурора Гарадзенскай вобласці Андрэй Скурат падчас выступу перад працаўнікамі ААТ «Беллакт» і Ваўкавыскага мясакамбіната распавёў пра барацьбу з «экстрэмізмам».

Намеснік пракурора Гарадзенскай вобласці Андрэй Скурат.
Фота: volkovysknews.by

Нагадаем, у апошнія гады слова «экстрэмізм» прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі выкарыстоўваюць для абазначэння любых праяваў іншадумства.

Як піша ваўкавыская дзяржаўная газета «Наш час», Скурат заявіў, што колькасць распачатых крымінальных справаў па злачынства «экстрэмісцкай» накіраванасці зніжаецца. Паводле пракурора, людзі нібыта сталі «больш удумліва ставіцца да рознай сумнеўнай інфармацыі, аналізаваць сітуацыю ў свеце і ў нашай краіне, запал 2020-га астудзеў».

«Тым не менш: у кагосьці ў стужках сацсетак, на старонках асабістых акаўнтаў, магчыма, засталіся карцінкі, рэпосты, лайкі, каментары з суполак ці груп, прызнаных экстрэмісцкімі, падпіскі на іх. Гэта – правапарушэнне, пакаранне за якое дастаткова сурʼёзнае: штраф на фізічную асобу да 30 базавых велічыняў або адміністратыўны арышт на тэрмін да 15 содняў з усімі наступствамі, а ў выпадку парушэння парадку правядзення масавых мерапрыемстваў – да 100 базавых велічыняў і 30 содняў адміністратыўнага арышту.

Ніхто не зацікаўлены ў такім павароце падзеяў. Таму раю знайсці час, прагледзець свае акаўнты ў сацсетках, мэсэнджарах за апошнія пяць гадоў і выдаліць усю інфармацыю, якая выклікае сумнеў», – зазначыў намеснік пракурора Гарадзеншчыны.

Скурат заявіў, што ў 2020-м «мы атрымалі прышчэпку ад экстрэмізму і нацызму». «А цяпер пайшоў імунны адказ: унесены змены ў заканадаўства, праваахоўнікі ўкараняюць новыя тэхналогіі і метады працы. І цяпер мы, я лічу, нашмат лепш падрыхтаваныя да розных варыянтаў развіцця сітуацыі», – дадаў ён.

Hавiны
Кіраўнік МУС паабяцаў прымяніць амністыю да забойцаў і пакінуць у турмах «палітычных»
2024.01.13 21:13

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў