Будзем п’янымі і дурнымі? Медыцына і адукацыя Беларусі працягваюць дэградаваць


У 2003 годзе Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што, страціўшы настаўнікаў, беларусы будуць «хадзіць п’янымі і дурнымі». Але мінулі яшчэ дваццаць гадоў ягонага кіравання, і сітуацыя ў сферы адукацыі Беларусі толькі пагоршылася. Адукацыя працягвае масава губляць працаўнікоў. З улікам жа таго, што ў ахове здароўя сітуацыя не нашмат лепшая, магчымасць беларусаў «хадзіць» таксама знаходзіцца пад пытаннем.

Як адзначае праект «Кошт урада», у Беларусі ахова здароўя і адукацыя «дэградуюць ужо многія гады, а адкладзены вынік гэтага мы ўбачым пазней, і ён будзе мець для краіны катастрафічныя наступствы на дзесяцігоддзі».

У сферу аховы здароўя штогод у жніўні–кастрычніку прыходзіць некалькі тысяч маладых спецыялістаў (у 2022 годзе за гэты перыяд прырост занятасці ў галіне склаў каля 6 тысяч чалавек), а пасля, на працягу года, людзі сыходзяць, «стабільна апускаючы планку ўсё ніжэй і ніжэй за плінтус». У ліпені 2020-га суадносіны прынятых і звольненых склалі мінус 10 тысяч чалавек да пачатку года, а перад ліпенем 2022-га сфера страціла яшчэ 12 тысяч. У кастрычніку 2020-га чысты адток склаў толькі мінус 2 200 чалавек да пачатку 2020 года, а ў кастрычніку 2022-га лічба вырасла ўжо прыкладна да 6 тысяч да той жа даты.

Суадносіны прынятых і звольненых у ахове здароўя. Інфаграфіка: kuby.site

«Цяпер карціна ў ахове здароўя склалася наступная: за 1 квартал было прынята на працу 7465 чалавек, а звольнілася 8318. І гэта ў традыцыйна «лёгкі» з пункту гледжання адтоку кадраў сезон. Далей будзе горш», – мяркуюць эксперты «Кошту ўрада».

Што датычыць сферы адукацыі, то з лютага 2020 года па люты 2022 са школ, дзіцячых садкоў і ВНУ сышло прыкладна 25 тысяч чалавек. Улічваючы, што ўсяго ў Беларусі ў сферы адукацыі занята каля 445 тыс чалавек, атрымліваецца, што страты ўжо склалі больш за 5% за два гады. І сярэдні заробак там ніжэйшы, чым у сельскай гаспадарцы, адзначаюць эксперты. Пры гэтым сама галіна «першая ў чарзе, калі ў вобласці або раёне «аптымізуюцца выдаткі»: то тут, то там мы чуем пра тое, як зачыняецца бібліятэка, школа, дзіцячы сад».

Суадносіны прынятых і звольненых у адукацыі. Інфаграфіка: kuby.site

Як сведчыць статыстыка сярэдніх заробкаў за сакавік, як у адукацыі, гэтак і ў ахове здароўя ні ў водным з рэгіёнаў Беларусі яны не дасягаюць сярэдніх ва ўсіх сферах.

Найбуйнейшыя заробкі атрымліваюць лекары – Br 2961 у Менску і Br 2960 у Менскай вобласці. А вось выхавацелі дзіцячых садкоў, напрыклад, атрымліваюць амаль у тры разы менш – Br 1082 на Магілёўшчыне і Br 1108 на Віцебшчыне.

Не лідары, але ўсё ж…

Старэйшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна ў каментары «Белсату» падкрэсліла, што зніжэнне колькасці занятага насельніцтва, якое назіраецца ў Беларусі, – гэта ўжо само па сабе, безадносна галіны, адмоўны трэнд, што цягне за сабой шэраг агульных негатыўных наступстваў.

У прыватнасці, скарачэнне працоўнай сілы азначае, што менш падаткаў паступае ў бюджэт і ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Адпаведна менш магчымасці і для забеспячэння сённяшніх пенсіянераў.

«Гэта адбіваецца ў цэлым на магчымасці развіцця эканомікі, бо працоўныя людзі – гэта адзін з рэсурсаў. І калі гэты рэсурс скарачаецца, то адпаведна зніжаецца магчымасць далейшага росту эканомікі», – адзначыла эканаміст.

Разбор
Беларусаў няма каму лячыць і вучыць. Якіх спецыялістаў бракуе ў краіне?
2023.02.10 07:05

Пры гэтым, падкрэсліла Анастасія Лузгіна, у краіне сапраўды ёсць галіны, якія дэманструюць больш актыўнае сцісканне. Асабліва гэты крызіс прыкметны ў IT-сектары і ў транспартнай галіне, дзе «вельмі актыўна ідзе такое скарачэнне». Назіраюцца гэтыя негатыўныя тэндэнцыі і ў сацыяльнай сферы, якая адказвае за здароўе і развіццё нацыі.

«Акрамя таго, што скарачаецца агульны ўзровень занятасці, яшчэ ёсць пытанне і якасці паслуг», – заявіла эканаміст.

Ніжэй за сярэднія

Анастасія Лузгіна адзначыла, што заработныя платы ў адукацыі і аховы здароўя не здольныя зацікавіць маладых людзей ісці ў гэтыя сферы.

«Сярэдняя зарплата як у адукацыі, так і ў ахове здароўя аказваецца ніжэй за сярэдняю зарплату па краіне. І тут мы нават не параўноўваем розніцу ў даходах з іншымі краінамі», – сказала яна.

А спробы і прапановы ўладаў яшчэ больш прывязаць маладых спецыялістаў да працоўнага месца, на яе думку, толькі больш будуць «скарачаць матывацыю старшакласнікаў паступаць у медычныя ВНУ, адпаведна, працягваць кар’еру ў сістэме аховы здароўя» або адукацыі.

Пры гэтым у медыкаў, у адрозненне і ад прадстаўнікоў адукацыі, ёсць магчымасць больш лёгкага працэсу рэлакацыі за мяжу, напрыклад, у Польшчу, дзе спрошчаны доступ медычных спецыялістаў да рынку працы:

«Натуральна, з улікам больш высокага заробку і ўсіх астатніх фактараў некаторыя лекары ў тым ліку абіраюць рэлакацыю за межы Беларусі, што яшчэ больш пагаршае сітуацыю ў галіне».

Трэнд не спыніць

А вось ва ўладаў магчымасцяў змяніць тэндэнцыю зніжэння колькасці занятых у гэтых дзвюх галінах – у асноўным бюджэтных – не так і шмат.

«У сітуацыі, якая цяпер існуе ў эканоміцы, бюджэтныя сродкі, натуральна, абмежаваныя. Таму магчымасці росту заробкаў у рэальным выражэнні, якія маглі прастымуляваць цікавасць да сферы аховы здароўя або адукацыі, таксама абмежаваныя. Актыўна павышаць зарплату бюджэтнікам, напрыклад за кошт росту дэфіцыту бюджэту, наўрад ці будуць, бо гэта прыводзіць да іншых праблем у эканоміцы», – адзначыла Анастасія Лузгіна.

Аналітыка
«Калі сыдуць пенсіянеры – школы вымруць». 1 верасня ў беларускіх школах бракавала педагогаў і «ваенрукоў»
2022.09.01 22:01

У гэтых умовах уладам застаецца толькі адміністрацыйным чынам абмяжоўваць адток кадраў і спрыяць стабілізацыі сітуацыі, мяркуе эканаміст. Але гэта, паводле яе, хутчэй за ўсё прывядзе да яшчэ большага адтоку.

«Больш за тое, на сітуацыю з занятасцю, у тым ліку ў адукацыі і ахове здароўя, акрамя неспрыяльных эканамічных і палітычных фактараў негатыўна ўплывае і дэмаграфічная сітуацыя. Людзей проста становіцца менш. Таму ў бягучай сітуацыі я не бачу варыянтаў, каб спыніць гэты трэнд», – падкрэсліла спецыяліст.

Пры гэтым яна не выключае пэўнага запаволення скарачэння кадраў у параўнанні з шокавым 2022 годам, калі пачалася вайна, але спыніць гэта наўрад ці сёння атрымаецца проста праз тое, што насельніцтва Беларусі паступова скарачаецца за кошт дэмаграфічных і міграцыйных працэсаў.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў