На мяжы Беларусі і Расеі з’явіліся чэргі з аўтамабіляў, пасля таго, як беларускія памежнікі пачалі правяранні. У людзей гэта выклікае здзіўленне. Але, як кажа ў размове з «Белсатам» палітолаг Дзмітрый Балкунец, гэтыя правяранні будуць весціся пакуль Расея працягвае вайну з Украінай. Людзям прыйдзецца прызвычаіцца да чэргаў і аглядаў.
Кіроўцы, якія перакрочваюць расейска-беларускую мяжу з 5 траўня сутыкнуліся з тым, што тут зʼявіліся беларускія памежнікі і пачаліся правяранні. Спачатку праглядалі толькі грамадзянаў Расеі, а цяпер вымушаныя праходзіць кантроль усе без выключэння.
Захада беларускага боку, як лічыць палітолаг Дзмітрый Балкунец, звязаная з некалькі момантамі. Галоўны з іх – вайна ва Украіне і пагроза, што зброя з Расеі можа патрапіць на тэрыторыю Беларусі, другі момант звязаны з нападам дронаў на Крэмль, што напружыла Лукашэнку. І трэцяя прычына звязаная з будучым палітычным транзітам. Палітолаг кажа, што Лукашэнка заўсёды баяўся, што Расея можа паўплываць не некаторыя падзеі ў краіне. Да будучых парламенцкіх выбараў у краіне застаецца каля 9 месяцаў, што не так і шмат, таму ў гэтай сітуацыі Лукашэнка хоча цалкам кантраляваць прастору ў Беларусі, каб ніхто не патрапіў у краіну.
«Я б не выключаў, верагоднасць таго, што нейкія групы могуць прыбываць у Беларусь, але відавочна, што калі будуць функцыянаваць пераходы, то нічога не перашкодзіць прайсці мяжу нейкімі сцежкамі ў лесе, напрыклад. У існай сітуацыі перакрыццё асноўных дарог звязанае з жаданне перакрыць нейкія сур’ёзныя пастаўкі цяжкіх грузаў. Шмат зброі, напрыклад, перавезці праз лес даволі складана», – кажа Дзмітрый Балкунец.
Эксперт нагадвае, што раней Расея таксама ўводзіла памежныя на мяжы, калі Беларусь увяла бязвізавы рэжым з краінамі Захаду. Але для турыстаў, у тым ліку і для тых, хто мае намер прайсці нелегальна мяжу, такія пасты не з’яўляюцца перашкодай, паколькі мяжа не ахоўваецца глабальна і не мае агароджы.
«Правяранне машын на расейска-беларускай мяжы будзе адбывацца да таго часу, пакуль не завершыцца вайна ва Украіне. Нядаўна пачалі рабіць правяранне ўсіх, бо спачатку беларускія памежнікі правяралі толькі грамадзянаў Расеі. Можа быць такое, што ў Лукашэнкі ёсць некаторыя звесткі пра рыхтаванне нейкіх забурэнняў супраць яго. Той жа Церцель абяцаў паказаць расследаванне пра «тэрарыстаў». Маўляў, сітуацыя нестабільная», – кажа палітолаг.
Эксперт таксама лічыць, што з часам пра гэта перастануць гаварыць. Пра сітуацыю забудуцца. Калі казаць пра нейкі іміджавы аспект, бо раней Лукашэнка ледзь не выкопваў на мяжы з Расеяй слупы і казаў, што ён выступае за інтэграцыю, то і тут нейкіх стратаў для яго не будзе.
«Бо Лукашэнка ніколі не быў інтэгратарам. Ён паразітаваў на стасунках з Расеяй. Інтэграцыі не было і не будзе. Праекты, якія падпісалі ў 1990-х гадах проста не працуюць, іх трэба дэнансаваць. У будучыні Беларусь можа падпісаць цяпер нейкія дамовы з Расеяй і нармальна існаваць», – выказвае перакананне палітолаг.
Што да кантролю на мяжы, то цяпер беларускія памежнікі пачалі правяраць на пастах не толькі на ўезд з Расеі, але нават і тых, што едзе з Беларусі ў Расею. Мала таго, некаторыя рэсурсы паведамляюць, што на Магілёўшчыне перакопваюць прасёлачныя дарогі на памежжы з Расеяй.
Алена Аляксандрава belsat.eu