«Перац неймаверна дарагі. Яго можна дарыць замест кветак». Як беларусы адчулі на сабе крызіс


Улады Беларусі не раз выходзілі ў публічную прастору з матывавальнымі заявамі: маўляў, санкцыяў мы не баімся. А што адчуваюць тыя, каму адрасаваныя гэтыя суцяшальныя словы? Спыталі беларусаў, ці адчулі яны крызісныя з’явы.

Медык: Да восені насамрэч можа прыйдзецца харчавацца з прыватнага падворка

У Васіля, які сумяшчае працу ў дзяржаўнай медычнай установе і прыватным медычным цэнтры Менску, бацькі жывуць непадалёк сталіцы.

Доктар кажа, што апошнія гады стараўся дапамагаць маці і бацьку прадуктамі, бытавою хіміяй, сродкамі гігіены і пры гэтым катэгарычна забараняў саджаць бульбу, араць агарод, ставіць парнікі. Даслоўна з калькулятарам тлумачыў: маўляў, не мае эканамічнага сэнсу. Купіць у краме танней, чымся марнаваць столькі сілаў.

«І што ў выніку? – задаецца пытаннем мужчына. – Будучы кваліфікаваным спецыялістам, разам з братам, які таксама дамогся пэўнага поспеху, едзем на бацькоўскі ўчастак, каб правесці травеньскія выходныя не на шашлыках, а на сельскагаспадарчых працах».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Віктар Драчоў/ AFP PHOTO / East News

Як кажа медык, гэтым разам ён не знайшоў аргументаў, каб пераканаць блізкіх у тым, што вырошчваць гародніну на агародзе немэтазгодна: «Зашмат зменных. А да восені, паводле эканамістаў, крызіс на ўсю моц разгарыцца».

Пагрузіўшыся ў працэс куплі насеннай бульбы, плёнкі для шклярніцы, матэрыялу для накрыцця, Васіль зразумеў, што гаманец моцна cхуднеў: «А яшчэ трэба дамовіцца з трактарыстам, купіць угнаенні і завезці ўсё гэтае дабро. З улікам таго, што паліва даражэе штотыдзень, робіцца зусім сумна».

Мужчына заўважае, што сёлета кідаецца ў вочы стан дарог не толькі далей ад Менску, але і ў сталіцы: ямы лапяцца, але не так актыўна, як раней. А леташняя разметка выглядае асабліва маркотна.

Медык дапаўняе, што ў прыватным цэнтры плынь наведнікаў прыкметна зменшылася. Людзі пачалі ашчаджаць на здароўі, ідучы ў дзяржаўныя паліклінікі. «Да восені насамрэч можа прыйдзецца харчавацца з асабістага падворка. А бацькам дзякаваць за тое, што ўвесну ўгаварылі заняцца сельскагаспадарчымі працамі», – кажа доктар, намякаючы на магчымае зніжэнне даходу.

Працаўнік будаўнічай фірмы: Катэджныя паселішчы і модныя кварталы пусцеюць

Адзін з маркераў крызіснай сітуацыі – паводзіны пакупнікоў і попыт на будаўнічым рынку. Адзін з нашых суразмоўцаў, Яўген, працуе ў менскай фірме, якая спецыялізуецца на штукавальных працах:

«Калі глядзець на будаўнічы рынак, то на першы погляд нічога не змянілася. Народ ходзіць, выбірае і нешта нават купляе».

Аднак пастаўнікі кампаніі заўважаюць негатыўныя тэндэнцыі. У прыватнасці, яны спасылаюцца на ўведзеную ў пачатку красавіка забарону руху беларускіх і расейскіх фураў па тэрыторыі Еўразвязу. Гэта ўжо адбілася на асартыменце, які істотна знізіўся.

«Хацелі набыць нямецкі ламінат, але на складах усе запасы размялі, – прыводзіць прыклад Яўген. – Давялося выбіраць расейскага вытворцу, а гэта зусім іншая якасць».

Мужчына мяркуе, што далей сітуацыя будзе пагаршацца ды адабʼецца на іншых таварах, што пакуль у наяўнасці:

«Пасля пачатку вайны ва Украіне людзі сталі лавіць момант. Той, хто планаваў рамонт, купляў будаўнічыя матэрыялы. І гэта, як аказалася, быў правільны выбар. Долар скокнуў – цэны падраслі. Долар адскочыў – кошты засталіся…»

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паводле ацэнак Яўгена, цэны выраслі ў сярэднім на 20 %, а продажы ўпалі:

«Іншы негатыўны момант звязаны з тым, што людзі адмаўляюцца рабіць рамонт. Нашая кампанія сутыкнулася ўжо з двума такімі выпадкамі. У абодвух уладальнікі кватэраў не змаглі вывесці грошай у Расеі».

Яшчэ адно назіранне адмыслоўца датычыць аб’ектаў нерухомасці, што на абслугоўванні фірмы:

«Паводле роду дзейнасці часта даводзіцца бываць у катэджных паселішчах і модных кварталах. Некаторыя дамы і кватэры апусцелі. Некалькі нашых кліентаў цяпер за мяжою. Мяркуючы з квітанцыяў ды іншай карэспандэнцыі ў паштовых скрынях, так зрабілі не толькі яны».

Менеджар: Майго акладу не пераглядалі, бо быў добры час. А цяпер усё змянілася

38-гадовы Віталь, які жыве ў Менску, працуе ў паспяховай кампаніі. Ягоны заробак прывязаны да доларавага эквіваленту, і, здавалася б, скокі курсаў валют не павінны адбіцца на даходах. Аднак не ўсё так проста.

«Дзейнасць фірмы наўпрост залежыць ад пакупніцкай здольнасці насельніцтва, – распавядае мужчына. – А яна за апошнія месяцы даволі моцна знізілася. Па выніках сакавіка прыбытак зменшыўся на чвэрць».

Работнікам абвясцілі, што заробак яны атрымаюць паводле курсу, які вызначыла кіраўніцтва кампаніі. Ён быў ніжэйшым за рынкавы. Але паколькі беларускі рубель пастаянна ўмацоўваўся, то да дня выплаты заробку розніца не была істотнаю.

«Нельга сказаць, што гэта была новая захада, – адзначае менеджар. – За мінулыя крызісы рабіліся аналагічныя крокі. А праз пару месяцаў іх адмянялі, і ўсё вярталася на свае месцы».

Асаблівасцю цяперашняй сітуацыі сталася тое, што беларускі рубель на гэты момант заняў трывалыя пазіцыі. Фіксацыя курсу на ўзроўні вышэй за рынкавы стала нявыгаднай для кампаніі.

«Таму нам прэвентыўна абвясцілі, што з траўня шмат якія работнікі атрымаюць меншы заробак у доларавым эквіваленце, – працягвае Віталь. – Мне, напрыклад, наўпрост сказалі, што мой аклад адзін з самых высокіх у аддзеле, і раней яго не пераглядалі, бо быў добры час. А цяпер усё змянілася».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Але і гэта не ўсё. Некаторым працаўнікам фірмы не працягваюць працоўных кантрактаў. Прыблізна 10 % калегаў менеджара бліжэйшым часам пазбавяцца працы.

З аднаго боку, на думку Віталя, гэта аздараўленне кадравага складу і зніжэнне выдаткаў. З другога – ёсць абгрунтаваныя асцярогі: хто можа гарантаваць, што «аптымізацыю» не працягнуць?

Мужчына прагназуе зніжэнне даходаў кампаніі ды не выключае яе банкруцтва або закрыцця. Упершыню за апошнія гады ён стаў праглядаць вакансіі. І запісаўся на IT-курсы.

Паводле звестак Белстату, інфляцыя ў першым квартале гэтага года склала 9,4 % (за красавік яшчэ не апублікавалі статыстыкі). Пры гэтым гадавая інфляцыя ў сакавіку паскорылася да 15,9 % да аналагічнага месяца мінулага года.

Сужэнства, якое валодае сямейным бізнесам: Наш прадуктовы кошык падаражэў на 20–30 %

Забяспечаныя людзі, як мяркуюць, крызісы заўважаюць у меншай ступені, ува ўсякім выпадку на побытавым узроўні. Аднак прыклад Валера і Надзеі, у якіх сямейны бізнес, кажа пра адваротнае. Прадуктовы кошык пары з Менску і дастаткам, вышэйшым за сярэдні, моцна падаражэў, а некаторыя прадукты зніклі з рацыёну альбо іх замянілі беларускія ды расейскія аналагі.

«Паводле маіх адчуванняў, цэннік павялічыўся на 20–30 %, – дзеліцца назіраннямі Надзея. – Кошт беларускіх прадуктаў практычна не змяніўся. Цэны на іх, відавочна, стрымліваюць. Але знік, напрыклад, італьянскі бекон за 12 рублёў за ўпакоўку. З’явіўся расейскі і беларускі, якасць іншая, а цана тая ж».

У цэлым, як заўважае суразмоўца, адбываецца інтэнсіўнае замяшчэнне мясной прадукцыі таварамі з РФ:

«Кошт садавіны і гародніны моцна залежыць ад сезону. Але гэтым разам кошты неяк рэзка падскочылі. Асабліва заўважна на кошце памідораў. Тыя, што маюць хоць нейкі смак таматаў, каштуюць ад 8 рублёў за кілаграм. Лепшыя – не менш за 12 рублёў. Азербайджанскія – ад 25 рублёў і вышэй. А іспанскіх, мараканскіх, турэцкіх зусім няма».

Паводле мянчанкі, агуркі каштуюць 6,5 рубля і вышэй. Нядаўна на Камароўскім рынку салата і 100 грамаў цыбулі абышліся ёй у 7 рублёў. Хоць такі ж пучок яшчэ пару месяцаў таму каштаваў 4-5 рублёў.

«Перац неймаверна дарагі, – заўважае Надзея. – Цяпер з ім можна хадзіць на дзень нараджэння і дарыць замест кветак. За адзін кілаграм просяць 15–25 рублёў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Італьянскага і французскага сыру ў крамах амаль няма. Калі ўдаецца знайсці камамбэр або бры, то кошт пачынаецца ад 18 рублёў за 100 грамаў. Падобная сітуацыя з іспанскімі каўбасамі. Затое запоўнілі прылаўкі аналагі з Беларусі і Расеі.

«Рыба – наагул балючая тэма, – уздыхае суразмоўца. – Фарэль або сёмгу раней куплялі па 42 рублі за кілаграм, а цяпер яна каштуе на 50 % даражэй. Дарада – 26–28 рублёў за кілаграм (было 20 рублёў)».

«Я п’ю піва ірландскага брэнду, – далучаецца да размовы Валер. – Колькі месяцаў таму паўлітровы слоік абыходзіўся ў 5 рублёў 25 капеек. А цяпер – 9 рублёў з лішкам. Італьянскае сталовае віно купляў па 25 рублёў за бутэльку. Цяпер – па 43 рублі. Рыба ад расейскага вытворцы абыходзіцца ў 100 рублёў за кілаграм. Хоць прадукцыя такой якасці (параўноўваць з аргентынскай ялавічынай недарэчна), на маю думку, павінна каштаваць утрая танней. Яшчэ заўважыў, што падаражэў нямецкі і швейцарскі шакалад: цяпер ён каштуе 9-10 рублёў за плітку».

Мужчына наракае, што з афіцыйнага продажу зніклі стыкі для сістэмаў награвання тытуню, на якія распаўсюджваюцца санкцыі. На чорным рынку купіць блок (200 стыкаў) можна, але значна даражэй, чымся раней, за 26 долараў. Хапае яго прыкладна на дзесяць дзён.

Таксама ён звяртае ўвагу, што ў найбліжэйшай да офісу кавярні падаражэла абедзеннае меню. За першае, другое і кампот рахунак раней складаў 9,5 рубля. Цяпер комплекс каштуе 13,5 рубля.

Сужэнства робіць выснову, што катастрофы не адбылося, але прадукты верхняга цэнавага сегменту зніклі з продажу або моцна падаражэлі.

Ігар Клеменаў /ММ, belsat.eu

Стужка навінаў