Польшча закрыла пункт пропуску «Баброўнікі»: Навошта ўсё гэта і як цяпер ездзіць


Польшча закрыла адзін з двух пунктаў пропуску для насельніцтва і транспарту праз польска-беларускую мяжу «па меркаваннях інтарэсаў нацыянальнай бяспекі». Гэта стала неспадзяванкай для мноства людзей. Разбіраемся, што за гэтым стаіць і як цяпер ехаць па польска-беларускіх маршрутах выязным і невыязным беларусам.

Сітуацыя на памежным пераходзе «Баброўнікі» пасля абвяшчэння пра яго закрыццё. Баброўнікі, Польшча. 9 лютага 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Крыху перадгісторыі

з 14:00 10 лютага Польшча закрыла для афармлення выезду і ўезду памежны пункт пропуску «Баброўнікі», які з беларускага боку дзяржаўнай мяжы называецца «Бераставіца». На момант выхаду гэтай публікацыі працуюць толькі памежныя пункты «Берасце-Тэрэспаль» (для легкавых аўтаў і аўтобусаў) і «Казловічы-Кукурыкі» (для грузавікоў). У выніку, на беларуск-польскай мяжы ўжо не працуюць чатыры пункты пропуску з шасці.

Афіцыйная Варшава тлумачыць гэта «меркаваннямі нацыянальнай бяспекі», не афіцыйна гэта называюць «варшаўскім прывітаннем за Пачобута». Вядомага журналіста і актывіста незалежнага Саюзу палякаў Анджэя Пачобута напярэдадні пакаралі жорсткім прысудам – 8 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму – і за тое, што журналіст і за тое, што паляк.

Людзі стаяць з роварамі ў чэрзе на памежным пераходзе «Баброўнікі», Польшча. 9 лютага 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Гэта вельмі дзейсны крок», – кажа ў інтэрвʼю «Белсату» кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак. Ён штодня займаецца эвакуацыяй «невыязных» беларусаў з-пад палітычнага пераследу лукашэнкаўскага рэжыму і добра знаёмы з сітуацыяй на межах Беларусі.

«Закрыццё пункту пропуску «Баброўнікі» – трапны ўдар. Перш, па патоках кантрабанды цыгарэт з Беларусі, за якімі стаіць лукашэнкаўскі рэжым. Бо як бы не працавалі памежнікі і мытнікі, як бы не стараліся, але пры даглядзе тэхнікі нешта ўсё ж і праскаквала, і нямала. А тут – хваробу! І лукашэнкаўскі бок зрэагаваў імкліва на такі балючы для яго крок – МЗС Беларусі ўжо выклікала прадстаўніка Польшчы на размову. Мяркую, гэта таму, што выбраны дзейсны і адчувальны інструмент ціску. Хоць беларускі бок і будзе трубіць, што ая-яй-яй, маўляў, ускладняюць людзям падарожжы. Але памятаем, што на людзей Лукашэнку пляваць, ён разумее і рэагуе толькі тады, калі чапляюць яго асабістыя інтарэсы. Гэта як раз той выпадак», – заявіў Андрэй Стрыжак.

Чэрга з машынаў на памежным пераходзе «Баброўнікі», Польшча. 9 лютага 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

У бяседзе з экспертам карэспандэнт «Белсату» звярнуў увагу на тое, што рашэнне стала непрыемнай неспадзяванкай і для мноства беларусаў і палякаў, чые інтарэсы знаходзяцца па абодва бакі мяжы. Размова пра падарожнікаў і пра працаўнікоў памежнай лагістычнай інфраструктуры.

«Кожная краіна, кожная дзяржава кіруецца, перш за ўсё, сваімі ўласнымі інтарэсамі і меркаваннямі. Так і ў гэтай гісторыі. Анджэй Пачобут – прадстаўнік польскай меншасці ў Беларусі, журналіст, вядомы прынцыповай грамадзянскай пазіцыяй. Жорсткі прысуд супраць яго выглядае як выклік Польшчы і мы бачым, што яна гэты выклік прыняла. Нагадаю, што з боку афіцыйнага Менску такіх крокаў было ўжо шмат: і руйнаванне польскіх могілкаў, і іншыя дэмаршы. Польшча бароніць сваё, і як бы гэта не было балюча, я гэты крок разумею», – патлумачыў эксперт.

Hавiны
Польскія СМІ: перад закрыццём «Баброўнікаў» там затрымалі не менш за 12 мытнікаў
2023.02.11 14:26

Сітуацыя на мяжы і вакол яе

Паводле інфармацыі з мяжы, сітуацыя ў «Баброўніках» 10 лютага развівалася імкліва. Карэспандэнт «Белсату» стаў сведкай таго, што праз пункт пропуску з польскага боку перасталі афармляць легкавы транспарт не з 14 гадзін, як было абʼяўлена афіцыйна, а з 10 гадзін раніцы. Чарга пастаяла да моманту афіцыйнага закрыцця пункту пропуску, і потым, машыны павярнулі назад.

Людзі стаяць з роварамі ў чэрзе на памежным пераходзе «Баброўнікі», Польшча. 10 лютага 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Тым часам, ля пункту пропуску прайшла невялікая акцыя пратэсту. Працаўнікі размешчаных пры мяжы польскіх крамаў і лагістычных цэнтраў перадалі ліст на пункт пропуску да кіраўніцтва Памежнай аховы Польшчы з просьбай патлумачыць, на які тэрмін і па якой прычыне пункт закрылі.

Тлумачэнне патрэбна і кіраўніцтву фірмаў, і працаўнікам, каб зразумець, што рабіць – шукаць іншую працу, ці сітуацыя часовая, і хутка ўсё вернецца на месца. Адна з прадстаўніц лагістычнай кампаніі адзначыла, што без афіцыйнага тлумачэння ёй няма чаго сказаць ні сваім працаўнікам пра лёс іх заробкаў, ні дзелавым партнёрам, перад якімі яна не зможа выканаць абавязкі. «Гэта ўсё абернецца вялікімі стратамі, таму я б хацела разумець, ці будзе кампенсацыя ад ураду за наступствы прынятага рашэння», – патлумачыла прадпрымальніца. Пакуль пра далейшы лёс гэтага звароту невядома.

Польскія памежнікі на пераходзе «Баброўнікі», Польшча. 10 лютага 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Ужо свае першыя каментары даў і беларускі бок. Спачатку Памежны камітэт заявіў, што Беларусь «не давала ніякіх падстаў» для такіх дзеянняў польскага боку, і што закрыццё пункта пропуску выклікае напружанне на мяжы і «з’яўляецца антыгуманным». Потым беларускае МЗС выклікала на бяседу Часовага паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі Марціна Вайцяхоўскага, заявіўшы яму «рашучы пратэст у сувязі з рашэннем прыпыніць рух у пункце пропуску «Баброўнікі-Бераставіца» і падкрэсліўшы «контрпрадуктыўнасць усіх спробаў ціску на Беларусь».

Пасля гэтага прэмʼер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі заявіў, што не выключае закрыцця іншых пунктаў пропуску на польска-беларускай мяжы. Паводле кіраўніка польскага ўраду, такі крок ацэньваецца зараз, бо Беларусь стала інструментам у руках Крамля і ўяўляе пагрозу для ўсёй Еўропы. Апошнім часам напружанасць у адносінах паміж польскай і беларускай дзяржавамі ўзрасла.

Рэакцыя з Масквы

На закрыццё «Баброўнікаў» адрэагаваў і Крэмль. Падчас брыфінгу прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў заявіў журналістам, што з-за закрыцця пераходу на польска-беларускай мяжы могуць узнікнуць цяжкасці.

«Гэта трэба аналізаваць, ёсць сэнс звярнуцца ў Мінтранс, каб даведацца абʼём грузаў, але, безумоўна, цяжкасці могуць узнікнуць. Трэба прааналізаваць перад далейшымі крокамі», – расказаў Дзмітрый Пяскоў.

Пра тое як цяпер ездзіць

На запыт пра найлепшы маршрут у кірунку «Менск-Варшава» пошукавік «Google» цяпер выдае дзве трасы – транзітам праз Берасце, альбо транзітам праз Вільню, Коўна і далей на пункт пропуску на літоўска-польскай мяжы «Сувалкі».

Аптымальныя маршруты з Менску ў Варшаву вечарам 10 лютага 2022 года па версіі «Google». Скрыншот з сэрвісу «Google Maps» / google.com/maps

Аб зменах маршруту паведамляюць і аўтобусныя перавозчыкі. Такое папярэджанне, напрыклад, размешчана на сайце «Экалайнз». Змены дэталяў праезду ўжо адлюстраваныя і ў іншых перавозчыкаў.

Паводле інфармацыі адной з Менскіх лагістычных фірмаў, само па сабе такое змяненне тэхнічна не складанае. Складанасць у тым, што змены адбыліся знянацку і цяпер пра гэта патрэбна тлумачыць пасажырам, што набылі білеты зараней. Таксама павялічыцца час праходжання мяжы, бо ўсе аўтобусныя маршруты накіруюцца ў адзін пункт пропуску.

Папярэджанне на сайце перавозчыка «Экалайнз». Скрыншот: ecolines.by

Яшчэ адзін суразмоўца «Белсату» заўважыў, што пасля закрыцця ўезду грамадзянам Расеі на беларуска-польскіх маршрутах пасажыраў паменшала. Суразмоўца праходзіў мяжу за дзень да абʼявы аб закрыцці «Баброўнікаў». Тады час праходжання мяжы з польскага боку быў мінімальным, «прайшлі абедзве мяжы вельмі хутка, проста выходзілі з аўтобуса, праходзілі дагляд, садзіліся ў аўтобус і рушылі далей. Даўно такога не было. Праўда, цяпер на зваротным шляху невядома чаго чакаць».

У больш складаную сітуацыю патрапілі жыхары Горадні і Гарадзенскай вобласці, што традыцыйна ездзілі праз «Баброўнікі-Бераставіцу». Адзін з суразмоўцаў карэспандэнта «Белсату» паведаміў, што збіраўся ехаць бліжэйшым часам у Горадню аўтобусам. Цяпер пракладае сабе маршрут праз «Сувалкі»: «Дзіўна, але не знайшоў ніякага транспарту ў Горадню з Друскенікаў, толькі з Вільні».

Сітуацыя на памежным пераходзе «Баброўнікі» падчас яго закрыцця. Баброўнікі, Польшча. 10 лютага 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Паводле інфармацыі фірмаў-перавозчыкаў, маршуты з Горадні ў Беласток пакуль што не працуюць. Прапрацоўваюць варыянты падвозу пасажыраў у Берасце з перасадкай на іншыя аўтобусы.

У сваю чаргу, Андрэй Стрыжак асцярог ад паездак праз Літву ўладальнікаў польскіх працоўных візаў, бо да іх будзе асаблівая ўвага з боку літоўскіх памежнікаў: «Мы ведаем выпадкі, калі літоўскія памежнікі не прапускалі беларусаў, бо ўзніклі пытанні з польскімі працоўнымі дамовамі, паводле якіх ім выдадзены працоўныя візы. З іншымі візамі праблем, на колькі я інфармаваны, не ўзнікала. Але трэба ўлічваць што на фоне вайны ва Украіне і той ролі, якую Беларусь грае ў гэтай вайне, літоўскія памежнікі сталі больш пільна правяраць дакументы, асабліва, паўтаруся, тых, хто мае польскую працоўную візу».

Памежны пераход «Баброўнікі» падчас яго закрыцця. Баброўнікі, Польшча. 10 лютага 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Стрыжак таксама адзначыў, што тых, хто зʼяўляецца не выязным з-за палітычнага пераследу, звесткі з мяжы не павінны хваляваць .

«І пра магчымасці «выезду невыязных», чым мы непасрэдна займаемся. Магчымасці не зменшыліся з закрыццём Польшчай пункта пропуску «Баброўнікі». Пакуль што Беларусь не Паўночная Карэя, мы маем магчымасці эвакуяваць людзей, якія звяртаюцца да нас за дапамогай, пацярпеўшы ад рэжыму Лукашэнкі. Адзін з апошніх вядомых прыкладаў – эвакуацыя блогера Аляксандра Кабанава. Па пытаннях эвакуацыі з Беларусі пішыце нам у тэлеграм @bysol_evacuation», – патлумачыў кіраўнік BySol.

Яшчэ адна крыніца выказала «Белсату» меркаванне па магчымых змяненнях грузаперавозак: у перавозках грузаў «мала што зменіцца», грузавікі і раней рухаліся галоўным чынам праз «Казловічы» на пляцоўкі, дзе адбываецца перачэпка прычэпаў фураў. Апроч таго, «санкцыі дзейнічаюць, грузапаток зменшыўся і лагістычныя маршруты перабудаваць не складана».

Інфармацыю пра наяўнасць чэргаў у пунктах пропускаў на мяжы Беларусі з суседнімі краінамі можна паглядзець анлайн з дапамогай аплікацыі да мабільнага тэлефону.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў