Суд у Омску арыштаваў беларуса Сяргея Ерамеева, якога падазраюць у датычнасці да падрыву двух цягнікоў у тунэлі Байкала-Амурскай магістралі. Як паведамляе расейскае агенцтва ТАСС, мужчына будзе пад вартаю мінімальна да 30 студзеня.
Рашэнне аб арышце грамадзяніна Беларусі ўхваліў суддзя Цэнтральнага раённага суда Омску Аляксей Палішчук. Сяргей Ерамееў застанецца пад вартаю мінімальна да 30 студзеня. Трымаць яго будуць у СІЗА Омску.
Паводле ТАСС, на судзе беларус сказаў, што хацеў паралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць перавозам вайсковых грузаў.
Мужчыну абвінавачваюць у падрыве двух цягнікоў у тунэлі Байкала-Амурскай магістралі на тэрыторыі Бураціі 29 і 30 лістапада.
Расейскія спецслужбы сцвярджаюць, што 52-гадовы Ерамееў прывёз выбухоўку з Беларусі на Далёкі Усход і ўсталяваў яе на вагоны двух цягнікоў з нафтапрадуктамі. За гэта ён нібыта атрымаў грошы ад «удзельнікаў арганізаванай злачыннай групы».
7 снежня ФСБ паведаміла пра затрыманне падазраванага і заявіла, што ён дзейнічаў пад кантролем украінскіх спецслужбаў. Сцвярджалася, што заданне Ерамееву даў іншы беларус, які жыве ў Літве.
Сяргей Ерамееў, імаверна, колішні работнік «Нафтану». У 2020 годзе паведамлялася, што ён далучыўся да агульнанацыянальнага страйку.
Сцяпан Кубік belsat.eu