«Белсат» падводзіць вынікі 654-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 9 снежня чытайце ў нашым аглядзе.
На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці наступаюць расейскія вайскоўцы. У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра 11 няўдалых атак расейцаў каля населеных пунктаў Сынькоўка, Петрапаўлаўка і Іванаўка ў Купянскім раёне.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Харьковское направление» піша, што на фоне актыўнасці праціўніка на кірунку ЗСУ рыхтуюцца да абароны гораду Купянск. Адзначаецца, што ўжо ўзведзена некалькі абарончых лініяў у межах раённага цэнтру.
На ліманскім кірунку большай актыўнасцю адзначыліся ўкраінскія вайскоўцы, якія атакавалі каля Белагораўкі, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва. УС РФ адказалі атакай у ваколіцах Спірнага. Зменаў па лініі фронту не зафіксавана.
У ваколіцах Бахмуту ціснуць Узброеныя сілы РФ. Украінскае камандаванне піша пра 13 няўдалых атак праціўніка каля населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка.
Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што каля Клішчыеўкі баі вядуцца за пануючыя вышыні.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» удакладняе, што войскі РФ намагаюцца заняць апорны пункт «Востраў» (на адлегласці каля кіламетра ад сяла), праз які праходзіць галоўная дарога ў Клішчыеўку.
У гэты ж час праўкраінскі «Бахмутський Демон» фіксуе невялікія прасоўванні расейцаў каля населенага пункту.
Найбольшая актыўнасць Узброеных сілаў РФ па-ранейшаму засяроджаная ў ваколіцах Данецку.
На поўначы ад гораду яны прынамсі 35 разоў атакавалі каля населеных пунктаў Новабахмутаўка, Стэпавое, Аўдзееўка, Танэнькае і Первамайскае, але, паводле Генштабу ЗСУ, поспеху не мелі.
Між тым у Deepstate пішуць, што УС РФ прасунуліся на поўначы ад Аўдзееўкі.
Прарасейскі «Белорусский силовик» сцвярджае, што таксама расейцы прасунуліся і ў самой Аўдзееўцы з поўдня ад гарадскіх ачышчальных збудаванняў.
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што войскі РФ мелі поспех і каля Новабахмутаўкі (на поўначы ад Аўдзееўкі).
На захадзе ад абласнога цэнтру расейцы наступаюць каля Краснагораўкі, Мар’інкі, Пабеды і Новаміхайлаўкі. Паводле ўкраінскага камандавання, толькі за апошнія содні сілы абароны краіны адбілі 24 атакі праціўніка на гэтых участках фронту.
Сямён Пегаў піша, што таксама расейцы атакавалі ў бок населенага пункту Вострае (на ўчастку фронту паміж Краснагораўкай і Мар’інкай).
«Белорусский силовик» сцвярджае, што на поўначы ад Краснагораўкі УС РФ удалося праціснуць абарону праціўніка.
На бярдзянскім кірунку фіксуецца атака ўкраінскіх вайскоўцаў каля сяла Новаданецкае на паўночным захадзе вобласці. У Міністэрстве абароны РФ гавораць, што ЗСУ не мелі поспеху.
На мелітопальскім кірунку працягваюцца баі на поўдні ад гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці.
У Генштабе ЗСУ заявілі пра адбіццё ўсіх атак праціўніка на захадзе ад сяла Вэрбовае.
Ваенкор Сямён Пегаў піша, што таксама расейцы атакуюць з боку Навафёдараўкі ўздоўж трасы Н-08. У сваю чаргу ўкраінскія вайскоўцы контратакуюць каля Вэрбовага.
На херсонскім кірунку працягваюцца сустрэчныя баі ў ваколіцах сяла Крынкі на левым беразе Дняпра, дзе Збройныя сілы Украіны ўтрымліваюць невялікі плацдарм.
Тэлеграм-канал «Позывной OSETIN» паведамляе, што УС РФ з дапамогаю БпЛА сарвалі шматлікія спробы ўкраінцаў правесці ратацыю ў Крынках. У прыватнасці, гаворка ідзе пра некалькі патопленых лодак ЗСУ.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu