Свабода альбо Казахстан. Навукоўцы апісалі чатыры сцэнары Беларусі-2022


Стабільнае балота, працяглы востры канфлікт, павольная-павольная дэмакратызацыя альбо змена ўлады праз памылку. Такія варыянты развіцця падзеяў у Беларусі навукоўцы з Беларусі, Польшчы і Нямеччыны прадставілі еўрадэпутатам.

Сцэнары развіцця беларускага палітычнага крызісу ў 2022 годзе. Выява: ak-belarus.org. Пераклад: Белсат

Дванаццаць экспертаў распрацавалі чатыры сцэнары развіцця беларускага палітычнага крызісу да канца 2022 года і прэзентавалі іх у Бруселі дэпутатам Еўрапарламенту, расказвае «Deutsche Welle». Поўная версія версія дакладу ёсць тут на ангельскай мове.

У разліках улічвалі дэмакратычную трансфармацыю і гатоўнасць рэжыму да рэформаў, а таксама ўзровень гатоўнасці беларускага грамадства патрабаваць пераменаў. Асобны фактар – падзеі, якія называюць «чорным лебедзем»: рэдкія падзеі, якія немагчыма спрагназаваць і якія выклікаюць сур’ёзныя наступствы (як то захоп самалёта «Ryanair»).

Навукоўцы прызнаюць, што сцэнары не на 100 % дакладныя, але яны хочуць паказаць тэндэнцыі: могуць спраўдзіцца асобныя элементы сцэнароў. Аўтары прагнозу сцвярджаюць, што ўмовы сцэнароў не супярэчаць рэчаіснасці:

«Напрыклад, ніхто з экспертаў не ставіў пад сумнеў, што ў бліжэйшы год Расеі будзе выгадна падтрымліваць Лукашэнку», – тлумачыць адзін з даследчыкаў, дырэктар беларускага інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Таксама сярод ключавых здагадак, на якіх будуюць прагнозы, такія тры пункты: «сацыяльны кантракт» між уладамі і грамадствам зламаны, Лукашэнка не можа перамагчы на свабодных і справядлівых выбарах, канстытуцыйная рэформа сапраўды з’яўляецца важнай для планаў рэжыму на будучыню.

Сцэнары такія:

  1. «Стабільнае балота». Лукашэнка ладзіць такія рэпрэсіі, якія прыводзяць грамадства ў апатыю. Усе палітычна актыўныя з’язджаюць за мяжу, расколу ў дзяржаўным апараце няма, «чорных лебедзяў» не здараецца.
  2. «Акопная вайна». Лукашэнка адмаўляецца ад рэферэндуму, праводзіць абнаўленне Канстытуцыі праз «парламент», змяншае мінімальны ўзрост прэзідэнта да 25 гадоў дзеля перадачы ўлады сыну Мікалаю. Здараецца нейкі страшны «чорны лебедзь», як то смерць кагосьці з лідараў апазіцыі ў няволі, што шакуе грамадства. Еўразвяз узмацняе санкцыі, актывісты працягваюць падпольную барацьбу, нягледзячы на рэпрэсіі. Лукашэнка трымаецца на падтрымцы Расеі, але значных зменаў няма.
  3. «Белазахстан». То значыць, казахская схема па-беларуску. Лукашэнка кіруе Беларуссю з пасады старшыні «Усебеларускага сходу». Польшча заключае дамову з Беларуссю праз міграцыйны крызіс (гэта і ёсць «чорны лебедзь», але карысны для Лукашэнкі). Дэмакратычныя сілы расчараваныя і дэмаралізаваныя. Але аўтакратыя менш персаніфікаваная, магчымыя маленькія крокі да дэмакратызацыі ўнутры сістэмы. Іншыя магчымыя «чорныя лебедзі» – смерць польскага памежніка ў сутыкненні з мігрантамі на беларускай мяжы і кібератака, якая прыводзіць да смерцяў людзей у беларускіх шпіталях.
  4. «Змена ўлады праз памылку». Правал рэферэндуму правакуе чысткі дзяржаўнага апарату, хтосьці з чыноўнікаў нават памірае. Перапужаныя эліты і сілавікі самі ладзяць дзяржаўны пераварот, забіраюць уладу і садзяць Лукашэнку пад варту. І Захад, і Расея (каб ахаваць свой уплыў) гэта падтрымліваюць. Грамадзянская супольнасць уцягнутая ў перамовы аб транзіце, рыхтуюцца свабодныя выбары ў 2023 годзе. Такі сцэнар малаімаверны і магчымы толькі пры ўмове пэўнага «чорнага лебедзя» – у тым ліку смерці ад катаваннях у турмах кагосьці з затрыманых чыноўнікаў, пакараных за сабатаж фальсіфікацыяў рэферэндуму або чуткі пра чысткі сярод сілавікоў.
Якім Аляксандр Лукашэнка можа быць у глыбокай старасці. Выява: FaceApp

Апошні сцэнар магчымы, калі Расея ўдзельнічае ў працэсе перадачы ўлады, мяркуюць эксперты. Але калі Расея будзе процістаяць пераходу, можа пачацца і грамадзянскі канфлікт. Ды гэты варыянт не разглядаюць сярод чатырох асноўных сцэнароў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў