Санкцыі супраць Менску або суверэнітэт краіны? Што сапраўды пагражае беларускай незалежнасці

Перыядычна задаюць пытанні аб санкцыях і суверэнітэце, якія патрабуюць разгорнутых адказаў.

Заўзятары на стадыёне «Дынама». Менск, Беларусь. 27 сакавіка 2021 года.
Фота: Дзяніс Касцючэнка / Reuters / Forum

Ці не здаецца вам, што Дэмакратычныя сілы, дамагаючыся санкцый, штурхаюць Беларусь у бок Расеі?

Па-першае, нагадаем, што альянс з Расеяй – гэта той лозунг, з якога Лукашэнка пачынаў сваю ўладу. Пытанне «інтэграцыі» выносілася ім на рэфэрэндум 1995 году. У 2000 годзе Лукашэнка падпісаў дамову аб «саюзнай дзяржаве». Ужо больш за дваццаць гадоў саюзная дзяржава – гэта інструмент Лукашэнкі для атрымання грошай з Крамля. У Беларусі не існуе больш пракрамлёўскага палітыка, чым ён.

Лукашэнка ў бок Крамля ўжо больш за дваццаць гадоў штурхаюць не еўрапейскія санкцыі і не заклікі беларускіх дэмакратаў, а выключна ягоны асабісты несупынны запал да ўлады (і расейскіх крэдытаў, якія гэтую ўладу забяспечваюць). І роўна тая ж самая воля да ўлады раўназначна ўтрымлівае яго ад падпісання нейкіх значных папер, які б азначалі страту яго кантролю над краінай на карысць Крамля. Калі б роля губернатара Беларускага аўтаномнай акругі была для Лукашэнкі мяжой летуценняў – у яго былі ўсе магчымасці яе рэалізаваць яшчэ дваццаць гадоў таму.

Меркаванні
Навошта браць удзел у рэферэндуме? Галасоў не лічаць, у камісіі назіральнікаў не пусцяць
2021.12.02 14:46

Бо, па вялікім рахунку, якая розніца для аўтакрата, каму перадаць сваю пасаду – Пуціну ці Ціханоўскай? Тут можна запярэчыць, што Пуцін, у адрозненне ад Ціханоўскай, больш «класава» блізкі да АРЛ, зразумелы і бяспечны. Але для чалавека з такой паталагічнай цягай да ўлады – сама думка аб перадачы яе камусьці максімальна непрымальная. Да таго ж Лукашэнка значна больш паранаідальны, нават у параўнанні з Пуціным. Апошні ў свой час адважваўся перадаць паўнамоцтвы Мядзведзеву. Няхай фармальна і часова – але, тым не менш.

Калісьці я чуў ад беларускіх сілавікоў цынічную сентэнцыю з адценнем шкадавання «вось падрыхтаваў бы сабе пераемніка за паўгода да выбараў – і ніякіх пратэстаў не здарылася б». Аднак мы ўсе пераканаліся ў 2020-2021, што для Лукашэнкі падобныя, нават «сімвалічныя», ракіроўкі цалкам недапушчальныя. Не хапіла духу ні перадаць уладу пераемніку, ні нават стаць старшынёй УНС. Саступіць хоць бы частку сваёй неабмежаванай улады, хаця б «для выгляду» Лукашэнка не гатовы. Тым больш дзіўна казаць аб яго нібыта гатоўнасці рэальнай перадачы ўлады Крамлю. Бо з такім партнёрам як Крэмль, «сімвалічнай» гэтая перадача быць не можа – вагавыя катэгорыі няроўныя.

Лукашэнка падчас УНС 11 лютага.
Фота: president.gov.by

Яшчэ адзін важны момант: Лукашэнка часта ўяўляюць нейкім статычным назіральнікам, без якіх-небудзь магчымасцяў уплыву на сітуацыю. Ва ўсіх свая роля: «Дэмсілы заклікаюць да санкцый», «ЕЗ і ЗША ўводзяць санкцыі», «Крэмль паглынае» і толькі Лукашэнка, які знаходзіцца ў цэнтры падзей, «не можа нічога зрабіць», нібы паралізаваны невядомай сілай. Ужо ў чым нельга абвінаваціць беларускага аўтакрата, дык гэта ў пасіўнасці. Рэальны Лукашэнка, у адрозненне ад канспіралагічнага, увесь час нешта робіць. То УНС правядзе, то абвесціць рэферэндум, то пасадзіць самалёт, то мігрантаў да мяжы падвязе.

Пагроза страты часткі суверэнітэту для Беларусі існуе і з’яўляецца, на мой погляд, рэальнай. Наўрад ці гэта пагроза паўнавартаснай юрыдычнай анэксіі, па прынцыпе крымскай – занадта вялікія выдаткі будуць для Крамля. Значна бяспечней эскалаваць паўзучую, гібрыдную інтэграцыю, ведучы прапаганду і падтрымліваючы прарасейскіх палітыкаў. Зусім не абавязкова пры гэтым знішчаць фармальныя атрыбуты незалежнасці (герб, сцяг). Дадатковы голас у ААН таксама лішнім не будзе.

Але хіба беларусы хочуць абмяняць незалежнасць сваёй краіны на танны газ і крэдыты? Дваццаць гадоў таму, на мой погляд, такіх людзей было значна больш. Бо гэта з нашай маўклівай згоды дваццаць гадоў таму Лукашэнка праводзіў і рэферэндум 1995 года, на падставе якога змяняў сімвалы на прарасейскія, ажыццяўляў прымусовую русіфікацыю ВНУ і школ. Што гэта, як не страта часткі суверэнітэту? Няхай невядома, колькі людзей насамрэч тады галасавала «за», але тое, што Лукашэнка ў пачатку свайго шляху карыстаўся папулярнасцю і яго шчыра падтрымлівалі беларусы, якія настальгуюць па СССР, – сумневаў не выклікае.

Прайшло дваццаць гадоў. Як памяняліся настроі беларусаў?

Пра змену пакаленняў ужо шмат было сказана, але ўсё ж: тым, хто нарадзіўся ў 1991 годзе, цяпер трыццаць. Тым, хто нарадзіўся ў 2001 годзе – цяпер 21. Усе яны ўжо не «народжаныя ў СССР». Паўтара пакалення беларусаў – гэта не адзін мільён чалавек.

Узгадайце, дваццаць гадоў таму, за футбольную каманду Расеі на чэмпіянаце заўзелі як за сваю. Не магу прыгадаць у той час людзей, якія свядома заўзелі супраць Расеі. Цяпер, назіраючы рэакцыю ў сацсетках на спартыўныя падзеі, бачу такое рэгулярна.

Крым і Данбас. Як аказалася, узброены захоп некалькіх абласцей суседняй краіны зусім не ўзмацняе сяброўскія настроі.

Падтрымка Лукашэнкі Пуціным ужо больш за год успрымаецца не як дапамога краіне, а як фінансаванне людзей, якія саджаюць беларусаў у турмы па фальшывых абвінавачваннях і катуюць іх там. Большасць людзей на выбарах 2020 года галасавала супраць Лукашэнкі, гэта факт. Гэта прызналі ўрады ўсіх краін суседзяў Беларусі, акрамя Расеі. З кожным днём, пакуль Пуцін працягвае фінансаваць Лукашэнку, колькасць людзей, якія негатыўна ўспрымаюць Расею, будзе расці.

Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі каля будынка КДБ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

У 2020-м сотні тысяч людзей выходзілі пад бел-чырвона-белымі сцягамі і Пагоняй – сімваламі беларускай незалежнасці. Але за незалежнасць ад якой краіны змагалася Беларусь апошнія 200 гадоў? Хто з суседзяў больш за ўсё замахваўся на нашу незалежнасць, знішчаў беларускую мову? Гаворка ідзе аб незалежнасці не ад Літвы і ад Польшчы, а менавіта ад Расеі. І менавіта так успрымаюць наш сцяг у Крамлі.

І ў сувязі з гэтым заканамернае пытанне – дзе ўвесь гэты прарасейскі глыбінны беларус, неаднаразова апісаны ў сацапытаннях, які любіць Пуціна і чакае рускі свет? Дзе былі ўсе гэтыя людзі ў дні максімальнай палітычнай актыўнасці беларусаў у жніўні-верасні 2020-га? Куды выходзілі адстаяць свае інтарэсы з трыкалорамі, дзе заклікалі ўвесці Пуціна войскі і абараніць краіну ад падступнага Захаду? Нідзе і нікуды. Дык можа і не існуе ніякіх 30-40-50% беларусаў, якія «паводле сацыялагічных апытанняў» хочуць жыць у адной федэрацыі з Расеяй і Пуціным?

Меркаванні
Ці працуюць санкцыі Захаду, навошта яны патрэбныя і якога эфекту мы чакаем?
2021.10.10 14:12

Час пазбаўляцца ад міфічных пужлівых вобразаў, што навязваюцца нам прапагандай, і глядзець у вочы рэальнай небяспецы.

Адзіная рэальная небяспека для суверэнітэту – гэта калі беларусы не захочуць яго абараняць. Спалохаюцца. Скажуць, што «нічога не зробіш, усё ўжо вырашана». «Гэта ўсё вашыя санкцыі». «А вось не трэба было бунтаваць супраць Лукашэнкі». «А вы можаце даць 100% гарантыі, што мы пераможам?». «А які ў вас план Б». «Сілы няроўныя». У баязлівасці мільён апраўданняў.

Ці гатовыя мы стаць на абарону незалежнасці Беларусі? Калі не, мы не маем права перакладаць адказнасць за краіну ні на Лукашэнку, ні на дэмакратычныя сілы, ні на Пуціна, ні на еўрапейскія санкцыі. Калі так, то ніякія Пуцін і Лукашэнка не змогуць у нас гэтую незалежнасць забраць.

Міхаіл Кірылюк/ДБ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў