Вадзім Гігін, адзін з галоўных ідэолагаў беларускага рэжыму, які зараз з’яўляецца дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі, прызнаўся ў перадачы «Скажинемолчи», што ініцыятыва выключыць са школьнай праграмы твор выбітнага класіка Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» належала менавіта яму.
«Гэта была мая ініцыятыва. Я даваў справаздачу аб гэтым на радзе па гістарычнай палітыцы. Гэта цікавы раман нашага выбітнага класіка Уладзіміра Караткевіча. Але школьная праграма – гэта фармаванне пэўнай гістарычнай памяці», – звярнула ўвагу на словы Гігіна «Наша Ніва».
На думку прапагандыста, у рамане «шмат выдуманага, розныя гістарычныя персанажы паказаныя ва ўспрыняцці нашага выбітнага пісьменніка, але не так, як яны прадстаюць з гістарычных дакументаў».
Раней раман вывучаўся школьнікамі ў 11-м класе, сярод іншага ў ім адлюстараваныя падзеі напярэдадні паўстання 1863 года, звязаныя з такімі постацямі, як Кастусь Каліноўскі (актыўная кампанія па аспрэчванні ягонай ролі ў беларускай гісторыі была распачатая беларускай прапагандай пасля 2020 года) ці Тарас Шаўчэнка.
Гігін лічыць, што Караткевіч шмат у чым ідэалізаваў Каліноўскага.
«Разумееце, літаратура, гісторыя, тое, як мы выкладаем у школе, гэта пэўная праграма выхавання грамадзяніна. І мы расстаўляем акцэнты на тых літаратурных творах, якія выконваюць гэту задачу – выхаванне грамадзяніна нашай Рэспублікі Беларусь. Мы замянілі адзін раман Караткевіча на другі твор выбітнага пісьменніка», – гаворыць прапагандыст.
Зараз замест «Каласы пад сярпом тваім» школьнікі вывучаюць «Чорны замак Альшанскі», у якім, кажа Гігін, «няма вось гэтых гістарычных перакосаў».
Нагадаем, што ў 2019 годзе кніга «Каласы пад сярпом тваім» была прызнаная самай папулярнай кнігай у Беларусі, аб чым пісала «БелТА».
Сярод іншага, закрануў дырэктар нацыянальнай бібліятэкі і постаць пісьменніка Васіля Быкава. На яго думку, успрыняцце Быкава як паплечніка Зянона Пазняка «прыніжае» нашага вялікага класіка.
«Колькі коп’яў зламана з нагоды Васіля Быкава. У наступным годзе – 100-годдзе гэтага выбітнага класіка. І які ўрок нам усім даў прэзідэнт 1 верасня мінулага года, калі загаварыў пра Быкава? Быкава, якога праціўнікі нашай дзяржаўнасці, праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі, праціўнікі нашага ладу падаюць толькі з пазіцый яго палітычных поглядаў, яго ідэалагічных поглядаў, прычым апошняй стадыі жыцця.
Для іх Быкаў важны не як вялікі пісьменнік, не як Герой сацыялістычнай працы. Гэта вялікі пісьменнік-экзістэнцыяліст свайго часу. «Сотнікаў» – гэта твор, які не мае роўных у сусветнай літаратуры. І ён не адзіны. Гэта і «Альпійская балада». Мы можам бясконца пералічваць.
Але для іх Быкаў важны не гэтым. А як паплечнік, як яны думаюць, Зянона Пазняка. А гэта ж прыніжае вялікага класіка нашай літаратуры», – сказаў Гігін.
Раман Шавель belsat.eu