CNN: у канцы 2022 года ЗША рыхтаваліся да расейскага ядравага ўдару па Украіне


У канцы 2022 года ЗША пачалі «старанна рыхтавацца» да таго, што Расея можа нанесці ядравы ўдар па Украіне. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на высокапастаўленых чыноўнікаў у адміністрацыі прэзідэнта Джо Байдэна.

Тактычная ядравая зброя Расеі.
Фота: Міністэрства абароны РФ

У канцы 2022 году ўлады ЗША былі вельмі занепакоены тым, што Расея можа нанесці ядравы ўдар па Украіне. Ацэнкі адміністрацыі Байдэна грунтаваліся не на нейкім адным паказніку, а на сукупнасці падзеяў, іх аналізу і, што найбольш важна, «вельмі адчувальнай разведвальнай інфармацыі».

Як падкрэслівае адна з крыніцаў CNN, асцярогі Белага дому «былі не проста гіпатэтычнымі – яны грунтаваліся на некаторай інфармацыі, якую мы атрымалі».

«Мы павінны былі спланаваць усё такім чынам, каб апынуцца ў найлепшым становішчы на выпадак, калі гэтая неймаверная падзея сапраўды адбудзецца», – сказаў CNN той жа высокапастаўлены супрацоўнік адміністрацыі прэзідэнта.

У перыяд з канца лета да восені 2022 года Рада нацыянальнай бяспекі ЗША правяла шэраг нарадаў, каб распрацаваць план дзеянняў на выпадак, калі з’явіцца выразнае ўказанне на тое, што Расея нанясе ядравы ўдар, або пасля таго, як яна ўжо гэта зробіць.

У канцы 2022 годзе Украіна вяла паспяховае контрнаступленне: расейцаў разграмілі на Харкаўшчыне, быў вызвалены Херсон. ЗША меркавалі, што катастрафічнае развіццё падзеяў на фронце можа прывесці да таго, што Уладзімір Пуцін вырашыцца на ядравы ўдар, каб спыніць ЗСУ.

Заходнія спецслужбы тады атрымалі інфармацыю, што паміж расейскімі афіцыйнымі асобамі адкрыта абмяркоўваецца ядравы ўдар. Паводле крыніцаў CNN, меліся звесткі, што абмеркаванне адбываецца прынамсі на больш нізкіх узроўнях расейскай сістэмы.

«Гэта ніколі не бывае чыстай, чорна-​белай ацэнкай, – сказаў адзін з суразмоўцаў тэлеканалу, – Але ўзровень рызыкі, здавалася, быў вышэй, чым у любы іншы момант».

Hавiны
Байдэн: пагроза прымянення Пуціным тактычнай ядравай зброі – рэальная
2023.06.20 14:31

Амерыканская выведка ніводнага разу не атрымлівала інфармацыі, якая б сведчыла пра тое, што Расея ўжо распачала мабілізацыю сваіх ядравых сілаў для ажыццяўлення адпаведнай атакі. Аднак тактычная ядравая зброя мае досыць малыя габарыты і амерыканцы былі не ўпэўнены, што здолеюць адсачыць яе перамяшчэнне. Тым больш, калі б расейцы вырашылі разгарнуць адну або невялікую колькасць боегаловак ТЯЗ. «Гэта было б не на сто адсоткаў зразумела для нас», – тлумачыць крыніца CNN.

Кіраўніцтва ЗША тады наўпрост звярнулася да кіраўніцтва РФ па некалькіх каналах (МЗС, спецслужбы, армейскае кіраўніцтва), выказала сваю заклапочанасць наконт магчымага ядравага ўдару і папярэдзіла Маскву аб наступствах.

Акрамя таго, ЗША імкнуліся заручыцца ў гэтым пытанні падтрымкай краінаў, якія не з’яўляюцца іх саюзнікамі, – у прыватнасці Кітая і Індыі. Афіцыйныя асобы ЗША мяркуюць, што інфармацыйная дзейнасць і публічныя заявы лідараў КНР ды Індыі былі сапраўды карыснымі і дапамаглі перадухіліць крызіс.

Крыніцы CNN лічаць, што пагроза ядравай эскалацыі знізілася пасля таго як вайна ва Украіне зайшла ў пазіцыйны тупік. Аднак ЗША і іх саюзнікі застаюцца пільнымі. «Мы працягваем удасканальваць планы, і… не выключана, што мы можам зноў сутыкнуцца з ростам рызыкі ў бліжэйшыя месяцы», – заявіў адзін з суразмоўцаў CNN.

Аналітыка
Пуцін рыхтуе вайну ў космасе? У ЗША заявілі пра «сур’ёзную пагрозу нацбяспецы»
2024.02.15 17:25

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў