Літоўская выведка: У корпусе рэактару на БелАЭС знайшлі расколіны


У мінулым годзе Беларусь і расейскі «Росатом» схавалі ад грамадскасці інцыдэнты і дэфекты рэактарных сістэмаў, што адбыліся на першым і другім блоках АЭС. Пра гэта паведамляе літоўская выведка.

БелАЭС. 25 красавіка 2021 года. Астравецкі раён, Беларусь.
Фота: ВК / Белсат

У красавіку 2022 года першы блок АЭС быў спынены на планавы рамонт, аднак пра выяўленыя падчас яго дэфекты не паведамлялася. Паводле звестак выведкі, у траўні 2022 года на АЭС у Астраўцы былі знойдзеныя расколіны ў зварных швах корпусу рэактару аднаго з блокаў. На думку спецыялістаў, якасна выправіць дэфекты можна было б толькі пасля дэмантажу рэактару, але з палітычных матываў такі варыянт нават не разглядаўся.

Тэхнічныя праблемы перашкодзілі своечасоваму пуску другога блоку электрастанцыі, які меўся быць уведзены ў эксплуатацыю яшчэ летась. Так, у лютым хімічны склад вады ў першым цыркуляцыйным контуры, што ахалоджвае рэактар энергаблоку, быў зменены – ён быў забруджаны смоламі.

«Неабходна было правесці механічнае ачышчэнне ўсяго контуру трубаправоду і выгрузіць ядравае паліва. Ядравыя цеплавылучальныя сістэмы выгрузілі з рэактару, ачысцілі, а тыя, што не ўдалося ачысціць, замянілі новымі», – паведамілі ў выведцы.

Вельмі магчыма, што дэфекты тэхнічных дэталяў на АЭС былі і пасля запуску другога блоку.

6 сакавіка Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі ад энергетыкі прызнаў, што падчас будаўніцтва БелАЭС былі недахопы, выпраўленне якіх зацягнула тэрміны здачы ў эксплуатацыю. Аднак якія менавіта, не сказаў.

Раней паведамлялася, што ў красавіку 2022 года на БелАЭС адбылося апрамяненне персаналу, але афіцыйна інфармацыі не публікавалі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў