Актыўнасці на лініі Саюзнай дзяржавы, СНД і АДКБ. Што адбываецца? Каму сігналізуюць?


Апошнімі днямі ў публічнай прасторы на лініі АДКБ, СНД і нават Саюзнай дзяржавы адбылося даволі шмат падзеяў і сустрэч, што можа выглядаць як нейкая інтэнсіфікацыя інтэграцыйных працэсаў на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу. 8 чэрвеня некалькі нібыта гучных заяваў зрабіў і Лукашэнка. Распавядаем, што адбываецца. Абмеркавалі з палітычным аглядальнікам Віталём Цыганковым, ці ёсць нешта значнае за фасадам сустрэчаў і заяваў. І каму адрасаваныя ўсе гэтыя сігналы.

Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з сакратарамі Саветаў бяспекі дзяржаваў – чальцоў АДКБ. Менск, 8 чэрвеня 2023 года.
Фота: belta.by

Некалькі дзён назіраецца ўсплёск актыўнасці так званых інтэграцыйных абʼяднанняў былых савецкіх рэспублік. АДКБ, СНД, ЕАЭС, Саюзная дзяржава – на ўсіх гэтых кірунках адбываюцца публічныя падзеі. Паводле палітычнага аглядальніка Віталя Цыганкова, у гэтым няма нічога экстраардынарнага, усе падзеі планавыя. Аднак амаль усе яны сталі пляцоўкамі, з якіх Аляксандр Лукашэнка беспасярэдне ці праз сваё атачэнне дасылае пэўныя сігналы ў Крэмль Уладзіміру Пуціну, з якім збіраецца сустрэцца бліжэйшым часам.

Пра што казалі Лукашэнка і ягонае атачэнне на інтэграцыйных пляцоўках гэтымі днямі

У 2023 годзе Беларусь старшынюе ў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), таму цяпер адбываецца адразу некалькі падзеяў, звязаных з гэтым абʼяднаннем.

У Берасці з 6 да 8 чэрвеня праходзілі штабныя перамовы аб арганізацыі і правядзенні супольных вучэнняў «Узаемадзеянне-2023» з калектыўнымі сіламі хуткага рэагавання (КСОР), супольных вайсковых сілаў дзяржаваў – чальцоў АДКБ. Там жа абмеркавалі вучэнні выведкі, вучэнні сілаў радыехімічнай барацьбы і медычнага забяспечвання і вучэнні службаў тылу. Па сутнасці, гэта адны вучэнні калектыўных сілаў АДКБ, падзеленыя на чатыры часткі.

У Менску адбылося паседжанне працоўнай групы пры Савеце міністраў абароны АДКБ у пытаннях радыёэлектроннай барацьбы. Следам за ім у беларускай сталіцы прайшла сустрэча сакратароў Саветаў бяспекі дзяржаваў – удзельніц АДКБ, у якой узяў удзел і Аляксандр Лукашэнка. На гэтай пляцоўцы ён зрабіў некалькі «гучных» заяваў. Сцісла сутнасць самых заўважных з іх такая:

  • цяпер важна спыніць канфлікт ва Украіне, а не шукаць яго прычыны;
  • у падрыве Кахоўскай ГЭС вінавата не Расея, а Украіна;
  • падчас контрнаступу Украіна нясе вялікія страты, хаця даўно можна было дамовіцца, і ў суагрэсараў – Беларусі і Расеі – для Украіны ёсць мірныя прапановы;
  • санкцыі ператварыліся ў новую комплексную пагрозу глабальнага маштабу, але краіны АДКБ могуць акуратна супрацоўнічаць з падсанкцыйнымі Беларуссю і Расеяй, ёсць варыянты;
  • выступаючы супраць Расеі, калектыўны Захад на самай справе цэліцца ў Кітай;
  • Арменія і Азербайджан павінны шукаць міру на ўзаемавыгадных умовах, бо яны «два пальцы на адной руцэ».

А яшчэ Лукашэнка анансаваў чарговую сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, у часе якой збіраецца прапанаваць нейкую праграму дзеянняў, каб Беларусь і Расея былі самадастатковымі, як у старыя часы быў самадастатковым Савецкі Саюз.  Пазней Дзмітрый Пяскоў пацвердзіў, што на 9 чэрвеня запланавана сустрэча двух палітыкаў.

Hавiны
Лукашэнка зноў ляціць да Пуціна
2023.06.08 15:15

Месцам сустрэчы можа быць Сочы, куды з’ехаліся кіраўнікі ўрадаў краінаў СНД. У паседжаннях ад Беларусі бярэ ўдзел прэмʼер-міністр Раман Галоўчанка, які ўжо сустракаўся і з краснадарскім губернатарам Веньямінам Кандрацьевым і з расейскім прэмʼерам Міхаілам Мішусціным. З кіраўнікамі ўрадаў, паводле Лукашэнкі, у Пуціна таксама на 9 чэрвеня запланаваная сустрэча. З гэтага вынікае, што і Лукашэнка можа далучыцца да гэтай сустрэчы ці правесці перамовы з Пуціным у асобным фармаце.

Што за дакументы падпісваюць цяпер на «інтэграцыйных» пляцоўках

Перад тым, як накіраваць Галоўчанку ў Сочы і, як цяпер вядома, напярэдадні свайго візіту да Пуціна Лукашэнка ўзгадніў праект чарговага пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцыяў у СНД. 8 чэрвеня гэтае пагадненне падпісалі кіраўнікі ўрадаў краінаў СНД.

Трэба адзначыць, што і падчас вышэй названых сустрэчаў былі падпісаны пэўныя міждзяржаўныя дакументы. Удзельнікі берасцейскага абмеркавання вучэнняў АДКБ падпісалі пратакол, Вальфовіч і Патрушаў падпісалі пагадненне аб узаемадзеянні ў сферы інфармацыйнай бяспекі.

Агулам на лініі ўсіх інтэграцыйных абʼяднанняў – СНД, АДКБ, ЕАЭС, Саюзнай дзяржавы і гэтак далей за гады і дзесяцігоддзі падпісана мноства дакументаў. Аб стаўленні да гэтых дакументаў Лукашэнкі сведчыць яго выказванне падчас сустрэчы з сакратарамі саветаў бяспекі АДКБ.

Як перадае БелТА, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці комплексную рэвізію дагаворна-прававой базы АДКБ, Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС.

«Трэба паглядзець, што нам трэба, што не трэба. Адкінуць усё тое, што мы там панапрацавалі, панапісалі таго, што не можа і не будзе ніколі працаваць, і пакінуць асноўныя кірункі. Трэба вярнуцца да асноўных дакументаў, усё там прапісаць жалезабетонна і дамовіцца, што ў такім выпадку, пры такім характары канфлікту – рэагаванне такое», – прапанаваў палітык.

Кажучы пра канфлікты, Лукашэнка меў на ўвазе вострыя адносіны паміж Арменіяй і Азербайджанам, а таксама Кыргызстанам і Таджыкістанам, ва ўрэгуляванні якіх АДКБ асаблівай ролі не сыграла, нягледзячы на ўсе пагадненні.

Каму і якія сігналы пасылае Лукашэнка

Для чаго ўся гэтая «інтэграцыйная» актыўнасць і навошта Лукашэнка чарговы раз зрабіў «гучныя» заявы? На гэтае пытанне «Белсату» адказаў палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў. Найперш ён зазначыў, што ўсе «інтэграцыйныя» сустрэчы планавыя, там няма нічога надзвычайнага.

«Усе сустрэчы былі загадзя распісаныя, гэта ўсё адбываецца пастаянна. Іншая справа, што Лукашэнка гэтымі днямі выконвае ролю прэс-сакратара Пуціна лепш, чым Пяскоў. Ён зараз ва ўсіх сваіх публічных выступах адстойвае расейскія інтарэсы, расейскую версію падзеяў. Асабліва ярка гэта ён адстойвае тады, калі яму трэба ехаць і сустракацца з Пуціным», – сказаў Цыганкоў.

А вось што сапраўды нечакана, то гэта чарговая сустрэча двух палітыкаў. Не зразумела, што там можна абмяркоўваць, калі яны сустракаліся два тыдні таму.

«Магчыма, сапраўды ёсць нейкая патрэба. Магчыма, нешта тоіцца за словамі Лукашэнкі аб тым, што трэба не разважаць пра тое, хто вінаваты, а шукаць нейкі мірны адказ на гэтую вайну. Магчыма, Крэмль і саспеў да нейкіх такіх ініцыятываў. Натуральна, гэтыя ініцыятывы, калі яны будуць, то будуць на іх умовах. На што Украіна не пагодзіцца. Але Лукашэнка, мабыць, збіраецца быць пасярэднікам», – мяркуе палітычны аглядальнік.

Пры гэтым Цыганкоў звяртае ўвагу на тое, што, гаворачы пра Украіну, Лукашэнка паўтарае расейскую прапаганду. Кажа, што не любіць быць міратворцам, але ўвесь час высоўваецца з абстрактнымі міратворчымі прапановамі, якія на самай справе аказваюцца прапановамі Крамля: «Ён проста паўтарае крамлёўскія наратывы. Гэта такая бяспройгрышная стратэгія – казаць, што ты за мір, вылучаць нейкія прапановы, а потым казаць, што маіх прапановаў не прынялі. Хаця прапановы непрымальныя апрыёры».

Магчыма, што і наадварот, ніякіх мірных ініцыятываў не будзе. У часе чарговай сустрэчы Лукашэнка і Пуцін могуць канчаткова абмеркаваць усё, што датычыць ядравай зброі. Аднак Цыганкоў скептычна кажа, што не трэба чарговы раз чакаць нечага грандыёзнага і сенсацыйнага ад сустрэчы двух хаўруснікаў.

«Кожны раз перад візітам Лукашэнкі абмяркоўваюцца розныя версіі, але звычайна нічога такога экстраардынарнага не адбываецца. А адбываецца нешта важнае потым, пасля сустрэчы. Так бывае, што праз тыдзень-другі нешта абʼяўляюць. Як Пуцін абʼявіў пра ядравую зброю. Ад сустрэчы чакаць нічога такога не трэба», – мяркуе суразмоўца.

Што датычыць дэманстратыўных заяваў пра агульную пагрозу для ўсіх чальцоў «інтэграцыйных» абʼяднанняў і заклікаў падтрымоўваць адно аднаго, то адрасат гэтага сігналу – зноў жа Пуцін.

«Сустрэча з удзелам сакратароў бяспекі АДКБ была свайго роду масоўкай, на тле якой Лукашэнка паспрабаваў быць большым расейцам, чым сам Пуцін. Спрабаваў штурхаць гэтыя краіны АДКБ да больш актыўнай дзейнасці, добра разумеючы, што ніхто не адгукнецца на гэтыя заклікі і не стане больш актыўна дзейнічаць на баку Расеі. Але Лукашэнка гэта сказаў, бо перад паездкай у Крэмль яму гэта патрэбна», – канстатаваў Цыганкоў.

Наконт заяваў пра Кітай, якому нібыта пагражае Захад у супрацьстаянні з Расеяй, то, як падкрэсліў Віталь Цыганкоў, Лукашэнка ўжо даўно «хоча прышпіліць Кітай да гэтай антызаходняй кааліцыі, яму сумна аднаму з Расеяй. Але і Кітай не спяшаецца далучацца, у яго свае матывы, свае аргументы, свае страхі санкцыяў».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў