Дзе прадукты таннейшыя? Параўналі беларускія «падмарожаныя» цэны з Украінай, Польшчай, Грузіяй і Літвой


Нават па спробах замарозіць цэны беларус зможа купіць на заробак удвая менш прадуктаў за паляка і толькі крыху больш за грузіна, які не ходзіць на рынкі і не таргуецца. Гэта вынікае з нашага параўнання цэнаў на аднолькавы набор з 50 прадуктаў.

Такое параўнанне мы рабілі ў мінулым чэрвені, цяпер жа яго давялося ўдасканаліць, бо мы не паверылі сваім вачам. Летась мы аналізавалі адну папулярную онлайн-краму на кожную краіну. Цяпер жа вынікі здаліся дзіўнымі – спраўдзілі цэны ў яшчэ адной краме ў кожнай краіне, і калі ў праверачнай краме цана на нешта была істотна ніжэйшая за асноўную, бралі цану з праверачнай.

Ды нават пры гэтым вынікі могуць здзівіць.

Параўнанне цэнаў на прадукты харчавання ў онлайн-крамах Беларусі, Украіны, Польшчы, Грузіі і Літвы. Станам на 6 красавіка 2023 года. Выява: БелсатШто тут адметна?

• Цяпер Беларусь самая танная (праз штучнае рэгуляванне цэнаў), следам Украіна, Польшча, Грузія і Літва. Летась самы танны кошык быў у Польшчы ($ 64,24), следам ішлі Украіна ($ 70,36), Беларусь ($ 74,46), Грузія ($ 78,67) і Літва ($ 94,27). Літоўцы заўважылі, што цэны ў іх высокія, і ўсё часцей закупляюцца ў Польшчы.

• Параўноўваць цэны цяжка нават у адной валюце: гэтак, праз вайну ва Украіне курс грыўні даўно замарожаны (і з даступнасцю тавараў шмат дзе ва Украіне могуць быць праблемы), а беларусы не маюць даверу да курсу свайго рубля і да трываласці эканомікі.

• Інфляцыя па-рознаму ўдарыла па розных кошыках. У параўнанні з тым, што мы падлічылі ў мінулым чэрвені, кошык (калі лічыць у доларах) патаннеў у Беларусі на 3,4 %. У іншых краінах ён падаражэў: ва Украіне на 7,7 %, у Польшчы на 20,8 %, у Грузіі на 15,4 %, у Літве на 5,8 %.

• Гэта, вядома, неідэальна адлюстроўвае інфляцыю: цэны на сезонныя тавары адрозніваюцца ў красавіку і чэрвені, дый адныя брэнды і віды тавараў знікаюць з продажу, іншыя з’яўляюцца. І зусім не факт, што новы тавар вытворчасці Расеі будзе такім жа смачным, як той з Еўразвязу, які знік з продажу праз закрыццё памежных пераходаў ці санкцыі.

• Найменш можа сабе дазволіць украінец: на сярэдні заробак па вынятку падаткаў ва Украіне можна купіць 4,8 нашага кошыка. Следам Грузія з 5,6 кошыка (але ў Грузіі трэба хадзіць на рынкі і таргавацца – цэны ў сеткавых крамах шмат на што надта высокія). За ёй Беларусь з 7,3 кошыка. У Літве можна купіць 12,1 кошыка, у Польшчы – 14,2.

• Кошт жыцця складаецца не з адных толькі прадуктаў харчавання. Напрыклад, нядаўна мы параўноўвалі цэны на арэнду кватэраў – і Тбілісі амаль дагнаў Варшаву (калі не лічыць «камуналкі»), а ў Вільні і Рызе цэны ўпалі. Таксама параўноўвалі цэны на медыцыну: пабачылі, напрыклад, што ў Літве яна самая дарагая, але самая якасная і прадказальная.

Разбор
Польскі «Лідскі квас» перасталі вырабляць. Дзе цяпер у Польшчы купіць беларускія прадукты?
2022.11.18 08:00

Як мы лічылі цэны на прадукты?

• Летась мы пыталі ў сацсетках, колькі якіх тавараў чытачы ўзялі б сабе з разліку на тыдзень – з гэтага склалі кошык «запоўніць лядоўню». Той самы набор тавараў узялі і гэтым разам. І калі аб’ём таго самага прадукту змяніўся, пералічвалі (напрыклад, летась пачка была 260 грамаў, сёлета 250 грамаў – дзялілі сёлетнюю цану на 250 і памнажалі на 260).

• Гэта не той набор прадуктаў, які спатрэбіцца канкрэтнаму чалавеку ці сярэднестатыстычнаму пакупніку на пэўны час. Некаму чатыры ёгурты на тыдзень зашмат, а некаму трох бутэлек піва хопіць толькі на адзін дзень. Хтосьці зусім не спажывае мяса, некаму не трэба столькі фруктаў. Набіралі кошык «пальцам у неба» з улікам пажаданняў чытачоў.

• Бралі цэны з дзвюх папулярных онлайн-крамаў у кожнай краіне. Спачатку запісвалі цэны з асноўнай крамы, затым спраўджвалі, ці нармальныя гэта цэны, у дадатковай, і калі ў першай краме цана была неадэкватна высокай, бралі тавар з другой.

• Выбіралі або самы танны прадукт, або папулярны недарагі прадукт міжнароднага брэнду (гарбата, кава, пітны ёгурт), які ёсць ува ўсіх краінах. Не гурманствавалі: макарону бралі самую танную, нават калі не ўпэўненыя, ці не зварыцца яна ў кашу.

• Тавараў на акцыі не ўлічвалі – бралі цэны без акцыяў. Варта ўлічваць, што характар акцыяў можа адрознівацца: у адной краме ставяць зніжкі на памідоры, якія заўтра згніюць; у другой – акцыя на арэхі проста таму, што мала купляюць арэхаў гэтага віду; у трэцяй – кава на зніжках, бо гэтага віду кавы засталося тры пачкі.

• Калі прадукты мелі розныя фасоўкі, пераводзілі цэны ў беларускую фасоўку (напрыклад, нейкі прадукт у Беларусі фасуюць па 430 г, а ва Украіне самы падобны па 510 г – дзелім украінскую цану на 510 і памнажаем на 430).

• Перавялі ўсё ў долары ЗША як валюту, якая не ёсць нацыянальнай ні ў адной з гэтых краінаў, але пры тым яе ахвотна прадаюць і купляюць у абменніках. Узялі найлепшы курс, за які банкі прадавалі долары на дзень аналізу.

• У Грузіі онлайн-гандаль па-ранейшаму не развіты – там давялося скарыстацца сайтам дастаўкі ежы, кур’еры якога заязджаюць у офлайнавыя крамы. І з грузінскімі цэнамі трэба памятаць, што там больш, чым у іншых краінах, прынята хадзіць на рынкі і таргавацца: можна купіць 1 кг агуркоў за 4 лары ў краме, а можна, добра пагутарыўшы, атрымаць яго ж за 2 лары на рынку.

• У іншых краінах таксама ёсць свае асаблівасці спажывання. Напрыклад, у Польшчы вы наўрад ці будзеце купляць заводскія хлеб і пельмені ў сеткавай краме, бо, хутчэй за ўсё, у вас побач з домам будзе асобная пякарня са смачнюткім свежым хлебам і «pierogarnia» са свежымі «pierogami» (так у Польшчы называюць варэнікі, і яны могуць быць з мясам).

Параўнанне цэнаў на прадукты харчавання ў онлайн-крамах Беларусі, Украіны, Польшчы, Грузіі і Літвы. Станам на 6 красавіка 2023 года. Выява: Белсат
Аналітыка
Сілавікі супраць гандлю. Хто ў беларускім рытэйле правініўся, «зажэрся» і «страх згубіў»
2023.03.02 07:08

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў