Ці трэба ісці ў «прыгон» да беларускай дзяржавы пасля заканчэння ВНУ?


21 верасня на нарадзе па пытаннях адукацыі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на Захадзе адукацыя каштуе «шалёныя грошы», пры гэтым было вырашана, што для выпускнікоў ВНУ платных аддзяленняў таксама ўвядуць абавязковую адпрацоўку. «Белсат» вырашыў паглядзець, ці сапраўды кошты на адукацыю на Захадзе так кардынальна адрозніваюцца ад беларускіх, і высветліць: можа, больш выгадна адвучыцца ў еўрапейскім ВНУ, каб пазбегнуць «прыгоннага» размеркавання?

Факультэт паланістыкі Варшаўскага ўніверсітэту. Варшава, Польшча. 18 красавіка 2022 года.
Фота: Gerard / Reporter / East News

Адукацыя без «прыгону»

Нават пасля беглага аналізу сітуацыі з адукацыяй у Заходняй Еўропе становіцца зразумела: яе атрыманне там зусім не абавязкова каштуе шалёных грошай, а ў некаторых выпадках нават проста якіх бы то ні было грошай. Аказваецца, на Захадзе ёсць шмат краінаў, дзе грамадзяне могуць вучыцца абсалютна бясплатна. І галоўнае – пасля навучання не мусяць ісці на некалькі гадоў «у прыгон» да дзяржавы, адпрацоўваючы атрыманыя веды.

Так, у Аўстрыі, Вугоршчыне, Грэцыі, Даніі, Нарвегіі, Фінляндыі, Нямеччыне, Польшчы, Славеніі, Францыі і Швецыі бясплатна могуць вучыцца не толькі свае грамадзяне, але і прадстаўнікі іншых краін Еўразвязу.

Больш за тое, у некаторых краінах ёсць магчымасць атрымліваць адукацыю нават студэнтам не з ЕЗ. Праўда, пры ўмове навучання на мове той краіны, у якой знаходзіцца вышэйшая навучальная ўстанова. Так, напрыклад, можна вучыцца ў Нямеччыне, Чэхіі, Польшчы, а ў Нарвегіі можна атрымліваць бясплатную адукацыю не толькі на нарвежскай, але і на англійскай мове.

Платнае навучанне на Захадзе: шалёныя грошы?

Што ж датычыцца адукацыі на платнай аснове ў заходніх ВНУ, то адшукаць можна абсалютна розныя варыянты. І так, навучанне ў некаторых з іх каштуе сапраўды вялікіх грошай.

Напрыклад, у той жа Нямеччыне ёсць прыватныя ўніверсітэты, у якіх год навучання будзе каштаваць ад 3 да 15 тысячаў еўра, у недзяржаўных ВНУ Францыі трэба будзе заплаціць ад 10 да 20 тысячаў еўра, у Вялікай Брытаніі – навучанне на бакалаўрыяце абыйдзецца ў 14–20 тысячаў фунтаў стэрлінгаў.

Даражэй за ўсё, як правіла, вышэйшая адукацыя каштуе ў Злучаных Штатах: у дзяржаўных ВНУ за год навучання просяць ад 10 тысячаў долараў, у прыватных сума можа пачынацца ад 17 тысячаў долараў. Ну і нарэшце такія ўстановы, як Гарвардскі або Стэнфардскі ўніверсітэты, прапануюць адукацыю за суму, не меншую за 30 тысячаў долараў у год.

Гарвардскі ўніверсітэт у Злучаных Штатах. Крыніца: Wikipedia

Дык што, атрымліваецца, што Лукашэнка мае рацыю і вучыцца ў заходніх універсітэтах – гэта раскоша, якую не могуць сабе дазволіць простыя грамадзяне гэтых краін?

На самой справе «ўсё не так адназначна». Па-першае, у тых жа Злучаных Штатах існуе вялікая колькасць  разнастайных стыпендыяў, грантаў, займаў і іншых магчымасцяў, якія дазваляюць зменшыць сумы навучання (падобныя праграмы дзейнічаюць і ў еўрапейскіх ВНУ). Па-другое, часта высокія цэннікі за атрыманне адукацыі выстаўляюць менавіта тыя навучальныя установы, якія знаходзяцца на верхніх радках разнастайных рэйтынгаў. Тут напрошваецца простая аналогія з аўтамабілямі: нельга ж сказаць, гледзячы на «Maserati» ці «Aston Martin», што ўсе аўто на Захадзе каштуюць шалёных грошай, бо ёсць жа і «Ford», «Volkswagen» ці «Peugeot», якія даступныя сярэдняму жыхару заходніх краін.

Агляд
«Адукацыя, не падобная да нашай савецка-наменклатурнай». Дзе беларусам вучыцца за мяжою
2023.05.30 09:00

Платная адукацыя: ад чаго залежыць сума

Дык ад чаго ж залежыць цэны на атрыманне заходняй адукацыі на платнай аснове? На самой справе ёсць некалькі чыннікаў, якія могуць істотна ўплываць на канчатковую суму.

Па-першае, як ужо прагаворвалася, ВНУ могуць быць дзяржаўнымі і прыватнымі, у залежнасці ад чаго будзе адрознівацца і цана. Цікава, што ў некаторых краінах (напрыклад, у Польшчы) адукацыя ў прыватных ВНУ можа каштаваць танней, чым у дзяржаўных. Пры гэтым зусім не значыць, што прыватныя ВНУ менш прэстыжныя ці прапануюць горшую якасць ведаў. Тут хіба спрацоўвае дзеянне рынкавых механізмаў – пры высокай канкурэнцыі ўдзельнікі паніжаюць цэны, каб выглядаць больш прывабна для абітурыентаў.

Па-другое, кошты на навучанне для грамадзянаў той ці іншай краіны і для замежнікаў могуць адрознівацца даволі істотна (для замежнікаў, як правіла, навучанне абыходзіцца даражэй).

Трэці чыннік – мова навучання: тыя, хто хочуць атрымліваць веды па-англійску, а не на мове краіны, у якой збіраюцца вучыцца, маюць шанцы заплаціць за адукацыю больш.

І нарэшце, самы галоўны чыннік – спецыялізацыя, на якую паступае абітурыент: цэны на атрыманне ведаў у галіне біяхіміі ці IT-тэхналогіяў могуць адрознівацца ад філалагічнага ці гістарычнага напрамку.

З улікам дадзеных чыннікаў разбежка ў цэнах можа быць даволі вялікай, таму мы вырашылі выбраць некалькі краін, дзе традыцыйна вучыцца найбольшая колькасць нашых суайчыннікаў, і прааналізаваць, у колькі абыйдзецца навучанне ў тамтэйшых ВНУ.

Колькі каштуе год навучання ў Польшчы, Літве, Чэхіі і Беларусі па аднолькавых спецыяльнасцях (кошты пададзены ў еўра)

Польшча

Гэтая краіна стала адным з найбольш папулярных напрамкаў у Еўропе, якія абіраюць беларускія абітурыенты. Так, у 2022 годзе, паводле Таццяны Шчытцовай, дарадцы Святланы Ціханоўскай, у Польшчы вучылася 11 тысячаў судэнтаў.

Для студэнтаў-палякаў у дзяржаўных установах адукацыя даецца бясплатна. Для замежных грамадзянаў таксама ёсць магчымасць бясплатнага навучання пры наяўнасці карты паляка (на платных аддзяленнях яна дае права зніжкі да 40 %). Акрамя таго, іншаземныя студэнты могуць скарыстацца разнастайнымі праграмамі, каб атрымаць бясплатную адукацыю.

Мы выбралі некалькі універсітэтаў Польшчы (два дзяржаўныя і адзін прыватны) і параўналі ў іх кошты на атрыманне адукацыі.

Так, у кракаўскім Ягелонскім універсітэце, адным з найбольш прэстыжных у краіне, кошты на навучанне пачынаюцца ад 970 еўраў за год, ці 4,5 тысячаў злотых (напрыклад, такія гуманітарныя спецыяльнасці, як украінская ці расейская філалогія) і даходзяць да 4320 еўраў, ці 20 тысячаў злотых (у такую цану абыйдзецца навучанне па спецыяльнасці малекулярная біятэхналогія). Навучанне на такіх спецыяльнасцях, як біялогія, педагогіка, журналістыка, абыйдзецца ў 1080 еўраў (5 тысячаў злотых), на матэматыцы і інфарматыцы – амаль у 1300 еўраў (6 тысячаў злотых), на філалагічных спецыяльнасцях – амаль 1600 еўраў (7400 злотых), адвучыцца на права, псіхалогію ці фінансы, банкаўскую справу і страхаванне будзе каштаваць 2160 еўраў (10 тысячаў злотых) у год.

Гістарычны галоўны корпус Ягелонскага ўніверсітэту. Кракаў, Польшча. Крыніца: Zygmunt Put Zetpe0202 / commons.wikimedia.org, CC BY-SA 4.0

У Варшаўскім універсітэце аплата за навучанне вагаецца ад 660 еўраў (на спецыяльнасці археалогія) да 4200 еўраў (спецыяльнасць біятэхналогія). На такіх спецыяльнасцях, як медычная хімія, беларуская філалогія з англійскай мовай, італьянская філалогія, культуразнаўства, аплата пачынаецца ад 2000 еўраў, на эканоміцы, фінансах, інфарматыцы і эканаметрыі можна адвучыцца за 2900 еўраў, крыміналогіі, інфарматыцы – за 3300 еўраў у год.

А што ў недзяржаўных установах? Ва Універсітэце Лазарскага прапануюць навучанне ад 1320 еўраў (6120 злотых) за год (спецыяльнасці эканоміка ўстойлівага развіцця, міжнародны бізнес, Data Science у эканоміцы) да 2050 еўраў (9480 злотых) на такія спецыяльнасці, як права ў сучасных фінансах, дэцэнтралізаваныя фінансы. Спецыяльнасці інтэрактыўны маркетынг, электронная камерцыя абыйдуцца ў 1386 еўраў (6420 злотых), упраўленне ў сферы відэагульняў абыйдзецца ў 1530 еўраў (7080 злотых).

Чэхія

У Чэхіі можна вучыцца як на чэшскай, так і на англійскай (і нават на французскай, нямецкай ці расейскай) мовах. У першым выпадку веды можна атрымліваць бясплатна – для гэтага неабходна будзе здаць моўны экзамен (на ўзровень В2), а таксама экзамен па профільным прадмеце. Навучанне ж на замежных мовах будзе платным.

Кошты на платнае навучанне ў Чэхіі вагаюцца ад 1700 да 14 700 еўраў і залежаць ад абранага ўніверсітэту і спецыяльнасці.

Так, у найбольш прэстыжным у краіне Карлавым універсітэце разбежка коштаў складае ад 1700 да 3700 еўраў за год. 1710 еўраў прыйдзецца заплаціць за навучанне па такіх спецыяльнасцях, як эканоміка і фінансы, гісторыя, эканамічныя даследаванні, паліталогія. У 2080 еўраў за год абыйдзецца навучанне на філалагічных спецыяльнасцях, медыях і камунікацыі, у 3020 еўраў – на такіх медыцынскіх спецыяльнасцях, як прыкладная фізіятэрапія, інтэнсіўная тэрапія, ці па спецыяльнасці матэматыка. А вось навучанне па праграмах агульная медыцына або стаматалогія абыйдзецца амаль у 14 700 еўраў за год.

Бібліятэка Карлава ўніверсітэта ў Празе. Крыніца: jands-online.eu

Дзяржаўны Масарыкаў універсітэт у горадзе Брно прапануе навучанне ад 2400 за год на філалагічных спецыяльнасцях і да 3500 еўраў на сацыяльных навуках і кіраванні, а таксама эканоміцы і упраўленні бізнесам. У сярэднім адукацыя тут будзе каштаваць у раёне 3000 еўраў: фізічныя навукі, журналістыка і інш.

Прыватная Вышэйшая школа эканомікі, якая знаходзіцца ў Празе і лічыцца адной з найбольш прэстыжных прыватных навучальных установаў у Чэхіі, прапануе навучанне на англійскай (або нават рускай) мовах. За 3600 еўраў у год тут можна вучыцца на такіх спецыяльнасцях, як эканоміка, міжнародны бізнес, міжнародныя і дыпламатычныя даследаванні і інш.

Літва

Літоўская Рэспубліка таксама дае права бясплатнага навучання для грамадзянаў сваёй краіны і Еўразвязу.

У адным з найбольш прэстыжных ВНУ краіны – Вільнюскім універсітэце – навучанне пачынаецца ад 2850 еўраў у год. Столькі каштуе навучанне па такіх спецыяльнасцях, як англійская мова, эканоміка, паліталогія. Найбольш прыйдзецца выкласці за навучанне па спецыяльнасці стаматалогія – амаль 14 тысячаў еўраў. Адвучыцца цягам года на менеджменце, маркетынгу або бухгалтарскім уліку і аўдыце можна за 3050 еўраў, на эканоміцы і ўпраўленні бізнесам – за 3600 еўраў, яшчэ даражэй прыйдзецца заплаціць за спецыяльнасць інфармацыйныя сістэмы і кібербяспека – амаль 4900 еўраў.

Каўнаскі тэхналагічны ўніверсітэт, які знаходзіцца таксама ў першых радках рэйтынгаў літоўскіх ВНУ, прапануе навучанне ад 2865 еўраў (па такіх спецыяльнасцях, як мова новых медыяў, менеджмент, бізнес і прадпрымальніцтва) да 3727 еўраў – па спецыяльнасцях інфарматыка, аўтаматызацыя і кіраванне, інтэлектуальныя робататэхнічныя сістэмы, фізіка матэрыялаў і нанатэхналогіі.

Еўрапейскі Гуманітарны Універсітэт ў Вільні, Літва.
Фота: ehuofficial / Instagram

Гаворачы пра прыватныя ВНУ ў Літве, нельга абмінуць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які з’яўляецца найбольш папулярным сярод абітурыентаў з Беларусі. Кошты на навучанне ў ім для грамадзянаў і рэзідэнтаў Беларусі ніжэйшыя, чым для грамадзянаў іншых краін, і пачынаюцца ад 1320 еўраў за год навучання. Столькі прыйдзецца заплаціць за гадавое навучанне па такім напрамку, як еўрапейская спадчына. Найдаражэй выйдзе адвучыцца год на інфарматыцы – 1760 еўраў. Спецыяльнасці кшталту медыя і камунікацыя, а таксама сусветная палітыка і эканоміка каштуюць 1380 еўраў за год, візуальны дызайн і права – 1430.

Нямеччына

Нямеччына пасля такіх краін, як ЗША, Вялікая Брытанія і Аўстралія, знаходзіцца на чацвёртым месцы па якасці сістэмы адукацыі. Асабліва каціруюцца інжынерныя і тэхнічныя напрамкі.

Але самае галоўнае – адукацыя ў гэтай краіне як для грамадзянаў (у тым ліку для грамадзянаў ЕЗ), так і для замежнікаў бясплатная. Хоць, канечне, пры жаданні можна знайсці і платныя навучальныя ўстановы, аб чым мы пісалі вышэй (напрыклад, у зямлі Бадэн-Вюртэмберг навучанне будзе платным, і пачынаюцца тут кошты ад 3 тысячаў еўраў за адзін навучальны год).

У той жа час трэба ўлічваць некаторыя асаблівасці: у Нямеччыне прадугледжана сплата так званых семестравых узносаў, велічыня якіх вагаецца ад 160 да прыблізна 700 еўраў за год.

Навучанне праходзіць на нямецкай мове (для паступлення трэба мець пацверджаныя сертыфікатам веды на ўзроўні С1). Але ёсць магчымасць навучання на англійскай мове (патрабуецца пацвярджэнне сертыфіката IELTS не ніжэйшае 6.5), асабліва шмат іх для магістрантаў.

У сувязі з тым, што навучанне ў Нямеччыне даецца бясплатна, а якасць нямецкай адукацыі высока каціруецца ва ўсім свеце, на паступленне ў нямецкія ВНУ ёсць традыцыйна высокі конкурс. Па заканчэнні беларускай школы паступіць на бакалаўрыят немагчыма – для гэтага трэба мінімум год адвучыцца ў спецыяльным коледжы (Studienkolleg), які займаецца падрыхтоўкай замежнікаў да паступлення і згладжваннем розніцы паміж сістэмамі нямецкай і замежнай адукацыі. Другі варыянт – 1 год адвучыцца ў беларускай ВНУ па той жа спецыяльнасці, на якую паступаеце ў Нямеччыне.

А што ў Беларусі?

Для параўнання мы таксама паглядзелі цэны на навучанне ў нашай краіне. Тут, як і ў замежных ВНУ, яны залежаць ад канкрэтнага ВНУ і спецыяльнасці, на якую збіраецца паступаць абітурыент. Разбежка – ад 450 еўраў (Мінскі дзяржаўны лігнвістычны ўніверсітэт) да 1410 еўраў (Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт).

Хімічны факультэт БДУ. Менск, Беларусь. 31 траўня 2023 года.
Фота: Белсат

Так, у Беларускім дзяржаўным універсітэце навучанне на факультэце журналістыкі абыйдзецца ў 1480 еўраў (5185 рублёў) за год, на філалагічных спецыяльнасцях – ад 1070 еўраў (3754 рублёў), на па спецыяльнасці эканоміка – 1636 еўраў (5726 рублёў), правазнаўства – 1700 еўраў (5956 рублёў).

У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце навучанне на дзённым аддзяленні абыйдзецца ў 970 еўраў (3403 рублі) на ўсіх спецыяльнасцях. У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі – каля 1300 еўраў (4590 рублёў).

Прыватныя ВНУ прапануюць суадносныя цэны з дзяржаўнымі: у Інстытуце сучасных ведаў кошты пачынаюцца ад 1194 еўраў (4180 рублёў) да 1485 еўраў (5200 рублёў), у Міжнародным інстытуце кіравання і прадпрымальніцтва незалежна ад спецыяльнасці навучанне каштуе 1028 еўраў (3600 рублёў).

Такім чынам, з прыведзеных лічбаў бачна, што ў беларускіх ВНУ кошты на навучанне не нашмат меншыя, чым у вядучых еўрапейскіх універсітэтах. І пры гэтым трэба ўлічваць, што дыпломы, якія выдаюць айчынныя ўстановы, трэба яшчэ пацвярджаць у большасці краін за мяжой. Акрамя таго, у дадатак да беларускага дыплому неўзабаве можа быць далучаны «бонус» у выглядзе 5 (а то і 7) гадоў адпрацоўкі. Дык, можа быць, больш дальнабачна будзе адвучыцца за мяжой за сувымерныя грошы, даплочваючы пэўную суму за пражыванне і харчаванне, але пры гэтым не ісці ў прыгон да беларускай дзяржавы?

Агляд
Што рабіць у эміграцыі з беларускім дыпломам? Паглядзелі, дзе прызнаюць нашую вышэйшую адукацыю
2023.09.16 09:56

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў