Франак Вячорка: «На пачатку наступнага года пачнем выдаваць першыя пашпарты»


Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў інтэрв’ю «Голосу Америки» распавёў, на якім этапе цяпер распрацоўванне новых беларускіх пашпартоў, хто будзе іх друкаваць і выдаваць беларусам, і як можна будзе дамагчыся міжнароднага прызнання гэтага дакументу.

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Вільня, Літва. 9 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Указ № 278 ад 4 верасня «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйсненні дзеянняў», паводле якога беларускія амбасады і консульствы за мяжой больш не будуць выдаваць беларусам пашпарты, – гэта помста Лукашэнкі ўсім беларусам, якія падтрымалі пратэсты 2020 года і праз рэпрэсіі выехалі з краіны, перакананы Франак Вячорка. Акрамя таго, гэта таксама «спроба націснуць на суседнія краіны, куды беларусы перабраліся, – Польшчу і Літву, каб ім было складана прымаць рашэнні датычна таго, што рабіць з беларусамі».

«Мы ведалі, што да гэтага ідзе, дынаміка адчувалася, што Лукашэнка будзе помсціць тым, хто выехаў, раздзяляць іх з тымі, хто застаўся ў краіне, – кажа дарадца Ціханоўскай. – Таму прыкладна год таму мы запусцілі праект новага беларускага пашпарта, падрыхтавалі тэхнічны дызайн, візуальны складнік, узгаднілі з Еўрапейскай камісіяй – ён адпавядае стандартам ICAO».

На дадзеным этапе ідзе выпуск узораў, якія будуць накіраваныя ў краіны ЕЗ і ва ўсім свеце, зазначае Вячорка.

«Атрымаем фідбэк і спадзяемся, што на пачатку наступнага года пачнем збіраць звесткі і выдаваць першыя пашпарты», – кажа палітык.

Hавiны
Падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» прэзентавалі альтэрнатыўны беларускі пашпарт
2023.08.06 18:54

Франак Вячорка распавёў пра падобныя выпадкі з выдачай пашпартоў у гісторыі іншых краінаў. Гэта, напрыклад, выдача нансэнаўскіх пашпартоў у сітуацыі з Косава, Тайвань, які пачаў выдаваць свае пашпарты, хоць не меў уласнага коду праз ICAO, Тыбет і яго ўрад у выгнанні, якія выдаюць асобныя дакументы. Датычна гістарычных кейсаў, Вячорка згадвае час акупацыі балтыйскіх краінаў Савецкім Саюзам, калі місіі Літвы і іншых краінаў выдавалі ў Францыі і Вялікай Брытаніі свае пашпарты.

Старэйшы дарадца Ціханоўскай прызнае, што выпуск новых беларускіх пашпартоў і іх міжнароднае прызнанне – няпростая мэта, бо «цяпер усё жорстка зарэгулявана».

«Мы не прэтэндуем на тое, каб гэты дакумент атрымаў статус дзяржаўнага пашпарта, але статус дакументу, якія пацвярджае асобу, куды можна паставіць візы, які можна выкарыстоўваць для атрымання ВНЖ – гэтага мы дамагчыся можам», – кажа Франак Вячорка.

Выдаваць пашпарты будзе пашпартны стол, які, хутчэй за ўсё, будзе заснаваны Аб’яднаным пераходным кабінетам і Офісам Святланы Ціханоўскай. Падаваць заяўкі на пашпарт трэба будзе праз візавыя цэнтры, якія прымаюць дакументы на шэнгенскія візы. Потым будзе праводзіцца працэдура верыфікацыі, каб запэўніцца, што заяўнік – грамадзянін Беларусі, і не ёсць «нейкім агентам ці вагнэраўцам». Потым дакументы пойдуць на друк. і чалавек атрымлівае свой пашпарт.

«Потым інфармацыю пра атрыманыя пашпарты мы перадаем нашым партнёрам, каб у іхнай базе гэта таксама фігуравала, напрыклад, пры перасячэнні мяжы ці ў аэрапорце», – кажа Вячорка.

На дадзены момант ужо ўзгоднены дызайн новага беларускага пашпарта. Вядзецца праца з Еўракамісіяй, каб дакумент адпавядаў стандартам, у тым ліку бяспекі.

«Яго немагчыма будзе падрабіць. Гэты дакумент не зможа выдаваць Лукашэнка ў Менску, – запэўнівае дарадца беларускай лідаркі. – Друкаваць пашпарты будзе фірма, якая друкуе дакументы дзясяткам краінаў па ўсім свеце і якая мае вялізны аўтарытэт».

Задача Аб’яднанага пераходнага кабінету і Офісу Святланы Ціханоўскай – на палітычным узроўні дамагчыся прызнання новага беларускага пашпарта.

«Юрысдыкцыя тут нацыянальная, у кожнай краіне рознае заканадаўства датычна прызнання такіх дакументаў. Таму будзем весці перамовы з кожнай краінай асобна. Ёсць ужо дзве дзяржавы, якія папярэдне заявілі, што будуць гатовыя першымі прызнаць гэты пашпарт», – рэзюмаваў Франак Вячорка.

Каментар
Алесь Міхалевіч пра праблему пашпартоў беларусаў у замежжы: самы час падавацца на статус уцекача
2023.09.06 23:50

4 верасня Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў». Дакумент змяняе парадак ажыццяўлення адміністрацыйных працэдураў, а таксама натарыяльных дзеянняў, якія маюць права рабіць дыпламатычныя агенты і консульскія службовыя асобы, і сярод іншага забараняе беларускім амбасадам і консульствам выдаваць новыя пашпарты.

Праект новага беларускага пашпарта быў прадстаўлены Аб’яднаным пераходным кабінетам падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве 6 жніўня. Праект нацыянальнага пашпарта Беларусі з’явіўся ў адказ на запыт беларусаў-эмігрантаў, якія былі вымушаныя зʼехаць з краіны праз пагрозу палітычнага пераследу, а цяпер сутыкаюцца з праблемай страты дакументаў або завяршэння тэрміну іх дзеяння.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў