Уладзімір Зяленскі паразмаўляў з прэм'ер-міністаркаю Брытаніі Ліз Трас, запрасіў яе ва Украіну


Прэзідэнт Украіны стаўся першым лідарам замежнай дзяржавы, каму патэлефанавала прызначаная нядаўна прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Ліз Трас. Яна заявіла падчас размовы пра непахіснае падтрыманне Вялікай Брытаніяй свабоды і дэмакратыі ва Украіне, паведамляе офіс прэмʼеркі.

У размове Ліз Трас запэўніла Уладзіміра Зяленскага, што «ён мае яе поўную падтрымку, а Украіна можа разлічваць на дапамогу Вялікай Брытаніі ў доўгатэрміновай перспектыве».

«Лідары ​​абмеркавалі неабходнасць умацаваць глабальную бяспеку і захады для спынення фінансавання, якое падсілкоўвае ваенную машыну Уладзіміра Пуціна», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы офісу прэм’ер-міністаркі Вялікай Брытаніі.

Ліз Трас высока ацаніла барацьбу ўкраінцаў за суверэнітэт і самавызначэнне ды сказала, што вельмі важна, каб Украіна дасягнула поспеху, а Расея зазнала няўдачу.

Уладзімір Зяленскі паведаміў у Twitter, што падчас размовы з Ліс Трас яны абмеркавалі ўдзел Вялікай Брытаніі ў аднаўленні Украіны і скаардынавалі далейшы ціск на Расею:

«Мэта – спыніць агрэсію і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Важна прызнаць РФ тэрарыстычнаю дзяржаваю. Мы працягнем актыўнае ўзаемадзеянне ўва ўсіх фарматах».

Прэзідэнт Украіны таксама паведаміў, што запрасіў прем’ер-міністарку Ліз Трас ва Украіну. Паводле офісу прэм’еркі, яна «з радасцю прыняла гэтае запрашэнне».

Ліз Трас 6 верасня сталася новаю прэм’ер-міністаркаю Вялікай Брытаніі. У барацьбе за лідарства ў кіроўнай Кансерватыўнай партыі яна замяніла Борыса Джонсана, які пайшоў у адстаўку. Борыс Джонсан актыўна падтрымліваў Украіну і неаднаразова наведваў Кіеў падчас вайны.

Hавiны
Абяцала паклапаціцца пра паразу Пуціна. Пяць фактаў пра будучую прэм’ерку Вялікай Брытаніі
2022.09.05 17:40

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў