«Пуцін – баязлівец». Спікерка Палаты прадстаўнікоў ЗША падтрымала прызнанне Расеі спонсарам тэрарызму


Спікерка Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлоўсі ў інтэрв’ю MSNBC заявіла, што падтрымлівае ініцыятыву абвяшчэння Расеі дзяржавай – спонсарам тэрарызму. Інакш, паводле яе, гэты спіс не мае сэнсу.

Сустрэча Уладзіміра Зяленскага са спікеркай Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пэлоўсі.
Фота: president.gov.ua

На сёння ў спіс краінаў – спонсараў тэрарызму ўваходзяць Куба, Паўночная Карэя, Іран і Сірыя.

«Калі Расея не ў спісе дзяржаваў – спонсараў тэрарызму, гэты спіс трэба выкінуць. Бо ідзецца пра лідара ядравай дзяржавы, што ўварвалася ў іншую краіну і яшчэ пагражае ўжываннем тактычнай ядравай зброі. Ідзецца пра прэзідэнта краіны, які паслаў сваіх жаўнераў учыняць гвалт, гвалтаваць дзяцей, маленькіх дзяўчатак, на вачах іхных маці і маці на вачах дзяцей», – заявіла Пэлоўсі.

На ейную думку, такія зверствы расейскай арміі выходзяць за рамкі цывілізаваных людскіх паводзінаў.

«Пуцін – баязлівец. Замест таго каб ваяваць, ён змагаецца супраць мірных жыхароў. Ён ваюе з дзецьмі. Выкарыстоўвае гэта як вайсковую зброю. Таму я абсалютна перакананая, што яны мусяць быць у спісе дзяржаваў – спонсараў тэрарыстаў, і я спадзяюся, што гэта адбудзецца», – сказала Пэлоўсі.

Hавiны
Ва Украіне хочуць прызнаць Расею і Беларусь дзяржавамі – спонсарамі тэрарызму
2022.04.20 22:53

Украіна выступае за тое, каб ЗША прызналі Расею і Беларусь дзяржавамі – спонсарамі тэрарызму, а ўзброеныя сілы Расеі – тэрарыстычнай арганізацыяй. Афіцыйнае прызнанне краіны спонсарам тэрарызму дае амерыканскаму ўраду шырокія паўнамоцтвы для ўвядзення забароны на гандаль таварамі двайнога прызначэння і зброі, а таксама фінансавых і эканамічных санкцыяў, у тым ліку другасных. Прадстаўнікі дзяржаваў, што спансуюць тэрарызм, могуць быць пазбаўленыя дыпламатычнага імунітэту.

Грамадзяне краіны, што была прызнаная спонсарам тэрарызму, сутыкнуцца з падвышаным кантролем службаў бяспекі ЗША, у тым ліку пры атрыманні амерыканскіх візаў або фінансавых аперацыях. Але сам факт занясення краіны ў чорны спіс аўтаматычна не накладае на звычайных грамадзянаў абмежаванняў у правах.

Залучэнне ў спіс мае вялікае палітычнае значэнне – фактычна гэта афіцыйнае прызнанне такой дзяржавы выгнаннікам. Статус спонсара тэрарызму робіць немагчымым наладжванне стасункаў без змены дзяржаўнага курсу, ён істотна абмяжоўвае магчымасці для палітычных і дыпламатычных кантактаў.

Аналітыка
Беларусі і Расеі пагражае статус спонсараў тэрарызму. Тлумачым, што гэта значыць
2022.04.21 18:32

ПС belsat.eu

Стужка навінаў