Да каго прыйшлі па справе самалёта ў Мачулішчах?


Сёння Аляксандр Лукашэнка шмат увагі надаў інцыдэнту з расейскім вайсковым самалётам далёкай выведкі ДРЛВ А-50, ён паведаміў аб затрыманні выканаўцаў «тэракту» і загадаў правесці па ўсёй краіне «жорсткую зачыстку». Але затрыманні па гэтай справе ідуць ужо больш за тыдзень. Што вядома на дадзены момант?

Паводле дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна», першыя затрыманні адбыліся ў Дзяржынску ужо праз пару дзён пасля здарэння. Як мінімум было схоплена 6 чалавек. Усім ім прысудзілі па двое содняў арышту за непадпарадкаванне, але пазней яны выйшлі на волю. Па вызваленні людзі адзначалі, што іх збівалі, прычым рабілі гэта не мясцовыя міліцыянты, а «нейкія іншыя».

4 і 5 сакавіка ў навакольных вёсках каля Мачулішчаў прайшла чарговая хваля затрыманняў – у першую чаргу тых, хто прыцягваўся да адказнасці цягам 2020-2023 гадоў. Так, «вясноўцы» паведамілі, што толькі за нядзелю 5 сакавіка было затрымана мінімум 20 чалавек. Пазней 14 з іх адпусцілі, а шасцёра засталіся ў СІЗА КДБ. Якія абвінавачванні ім былі выстаўленыя – невядома.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», у першую чаргу прыходзілі да ўладальнікаў дронаў, таксама цікавасць выклікалі страйкбалісты, стралкі і аматары рэканструкцый.

Фота мае ілюстратыўны характар.
Фота: russia.travel

Нягледзячы на тое, што сёння Аляксандр Лукашэнка заявіў аб тым, што непасрэдны выканаўца быў схоплены, трэба меркаваць, што на гэтым рэпрэсіі, звязаныя з гэтым інцыдэнтам, не спыняцца.

«Гэта нам урок. Яны схаваліся і сядзяць. Сядзяць і чагосьці чакаюць… А ім я хачу сказаць, каб яны рыхтаваліся. Мы ўжо да іх ідзём. Нашы хлопцы ўжо на парозе, хай рыхтуюцца…  Мы іх вылічым усіх. Вычысцім проста з нашага грамадства», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі пад час уручэння дзяржаўных узнагарод.

Нагадаем, што 26 лютага на аэрадроме ў Мачулішчах адбыліся два выбухі, у выніку якіх, імаверна, пацярпеў самалёт далёкай выведкі ДРЛВ А-50. Адказнасць на сябе ўзялі прадстаўнікі «ByPol». У той жа час афіцыйныя беларускія ўлады спачатку адмаўлялі гэты інцыдэнт, а пазней паказалі па тэлебачанні сам самалёт, які нібыта не пацярпеў. Аднак сёння Аляксандр Лукашэнка расказаў, што нязначныя пашкоджанні самалёта ўсё ж былі, і заявіў аб правядзенні паспяховай аперацыі па затрыманні «тэрарыста», якога рыхтавалі прадстаўнікі ўкраінскай СБУ.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў