«Усё гэта пекла, што тут адбываецца». Былы палітвязень распавёў, як здзекуюцца ў наваполацкай калоніі


Наваполацкая папраўчая калонія адметная сваімі жорсткімі ўмовамі для зняволеных, якіх збіваюць, кідаюць у ШІЗА і не аказваюць медычную дапамогу. Цяпер там утрымліваюцца прынамсі 74 палітычныя зняволеныя, у тым ліку – кандыдат у прэзідэнты ў 2020 годзе, палітзняволены Віктар Бабарыка. Вядома, што ў збіцці і здзекаваннях з асуджаных бярэ ўдзел асабіста начальнік калоніі Андрэй Пальчык.

Начальнік калоніі № 1 Андрэй Пальчык.
Фота: minsknews.by

Былыя палітвязні, у тым ліку Вадзім Хіжнякоў, распавялі праваабаронцам «Вясны» пра тое, як у калоніі здзекуюцца са зняволеных паводле загаду Андрэя Пальчыка і як адміністрацыя хавае наступствы жорсткага абыходжання і катаванняў.

«Пальчык – садыст і самадур. Ставіцца ён да ўсіх жорстка, я б не сказаў, што ў чымсьці адрозніваюцца [да палітычных] адносіны. Сярод астатніх таксама ёсць падонкі, але без каманды самастойна не рызыкуюць пераходзіць мяжу. Яны па дробязі могуць «расцягнуць» без фанатызму, але ім дазволена караць дысцыплінарна, у 99% выпадкаў – без нагоды, а таму што трэба», – распавядае Вадзім Хіжнякоў.

Так, у 2021 годзе супрацоўнікі наваполацкай калоніі моцна збілі грамадзяніна Расеі, 58-гадовага зняволенага Мікалая Хрола – яму зламалі ключыцу і не аказвалі лячэння. «Ключыца не так зраслася і костка ўпіраецца ў горла, месцамі падгнівае, правая рука часткова непрацаздольная. Яго так прымушалі цягаць бярвенне і іншае», – распавядаюць сведкі. Некалькі месяцаў таму Хрола адправілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Паводле асуджаных, зроблена гэта, каб схаваць наступствы здзекаванняў:

«Спрабуюць максімальна ўсё ўтаіць. Таму што замяшаны сам начальнік [Андрэй Пальчык]. Праз такі самы выпадак цяпер ідзе следства над адным іх супрацоўнікаў. Начальнік у шаленстве – пад ім хістаецца крэсла, яшчэ і калегі яму паддаюць, таму што ён жыцця ні вязням, ні супрацоўнікам не дае. Меры ён прыняў цяпер драконаўскія. Усё гэтае пекла, што тут адбываецца, – толькі праз Пальчыка і ягоныя схільнасці».

Былы палітзняволены Вадзім Хіжнякоў, які адбываў тэрмін у гэтай калоніі, пацвердзіў, што сляды збіцця адміністрацыя намагаецца схаваць:

«Траўмы ў выніку гвалту хаваюцца і людзей з імі ізалююць. У большасці выпадкаў такія траўмы і наносяцца ў ШІЗА, каб не было сведак. У такіх выпадках чалавека могуць трымаць 30 і больш содняў, нават 120, каб усё загаілася. Тады, вядома, нейкія лекі і дапамогу даюць, каб не памёр. Пасля звычайна такіх пераводзяць у ПКТ, каб не расказалі нічога, бо з ПКТ выходзяць у зону адзінкі, галоўным чынам – вызваляюцца ці ў турму».

Былыя зняволеныя сцвярджаюць, што за збіццё ў калоніі адказвае начальнік Андрэй Пальчык – ён або ўдзельнічае ў гэтым асабіста, або аддае адпаведныя загады. Хіжнякоў адзначае, што Пальчык жорстка ставіцца да ўсіх зняволеных, не толькі да палітычных.

Хіжнякоў расказаў пра жорсткае збіванне 20-гадовага хлопца, асуджанага не паводле палітычнага артыкулу: «20-гадовы Давід Ліпертарыяні быў збіты асабіста Пальчыкам дубінкай да крывацёку з прамой кішкі. Пасля гэтага парэзаў сабе жывот. Прыйшлося шпіталізаваць, але выставілі ўсё так, быццам сілу ўжылі да яго ў адказ на напад. Распачалі супраць яго справу. Але справу закрылі, атрымаўшы ад яго абяцанне маўчаць. Цяпер пераведзены на турэмны рэжым».

зона.бел
«Камбінат перапрацоўвання чалавечыны». Расказваем пра калонію № 1 у Наваполацку, дзе сядзіць Бабарыка
2022.10.23 13:00

Палітзняволенага юрыста Ігара Пыж’янава ў ШІЗА збілі так, што ён не мог ані сядзець, ані ляжаць:

«Ігара Пыжʼянава «вывозілі на раскрутку», то бок хацелі распачаць новую справу. Ён пачаў галадоўку. Яго пасадзілі за гэта ў ШІЗА, дзе прабыў 30 содняў. Выйшаў адтуль як цень, але працягваў галадаць. Дзесьці ў верасні-кастрычніку я дазнаўся, што ён ізноў у ШІЗА. Чуваць было ягоны голас. Ён патрабаваў лекара. Лекара не клікалі. Ён пачаў крычаць гучней і абурацца. Тады яго збілі. Усе мы чулі яго нечалавечыя крыкі і нават гукі ўдараў. Пасля дайшла інфармацыя, што ён не можа ані сядзець, ані ляжаць, а толькі стаіць. Потым яго пачалі напампоўваць абязбольваючымі і транквілізатарамі. Аднаго разу атрымалася задаць яму некалькі пытанняў у прагулачным дворыку праз сцяну, але ён дрэнна іх разумеў, адказваў недарэчы і затарможана».

Таксама былы палітвязень распавёў яшчэ пра адзін выпадак, калі 22-гадовы Уладзіслаў Марозаў, асуджаны за «хуліганства», з ШІЗА патрапіў у рэанімацыю: «Каля 100 содняў сядзеў у ШІЗА. Сустрэў там і Новы год-2022, і Дзень нараджэння. У асабліва халоднай камеры. Былі абмаражэнні скуры, апёкі ад батарэі, праблемы з ныркамі. Але з яго здзекаваліся, пакуль не атрымаў запаленне. Пасля гэтага быў адпраўлены ў рэанімацыю ў Наваполацк. Пасля вяртання зноў патрапіў у ШІЗА і пасля ў ПКТ, дзе быў Пальчыкам незаконна пазбаўлены атаваркі за нібы сапсаванае люстэрка». Адміністрацыя калоніі заблакавала ягоны рахунак і цяпер з яго спісваюць грошы за «псаванне люстэрка» – нібыта Уладзіслаў пакінуў на ім дзве драпіны, за што яму выставілі рахунак у 300 рублёў.

Вось як апісвае штрафны ізалятар былы зняволены Хіжнякоў:

«ШІЗА – гэта катаванне знясіленнем арганізма, а не толькі холадам. Я адбыў там толькі 11 содняў, але іх я запомню на ўсё жыццё. Хоць ужо мусіла быць ацяпленне, але ў ШІЗА паводле загаду Пальчыка яго не ўключылі. На вуліцы ўдзень блізка да нуля, а ўначы ніжэй за нуль. Акно заўсёды адчыненае і адчыненыя дзверы з калідора ў дворыкі – «для праветрывання». Бесперапынны скразняк. А мне асабліва «пашчасціла»: я апынуўся там па-летняму, то бок без тэрмабялізны. Гэта была «жэсць», хоць я і загартаваны! Трое содняў я наогул не спаў. Потым проста вырубаўся. Не захварэў праз стрэс. Але калі выйшаў, то адразу зваліла хвароба. Там жа яшчэ і «пайка» меншая, а цяпер і спецадзенне выдаюць, як балахон: без каўняра і з тонкай сінтэтыкі».

Былы палітзняволены Вадзім Хіжнякоў. Крыніца: spring96.org

Нядаўна ад былога зняволенага стала вядома, што супраць аднаго з супрацоўнікаў калоніі распачалі крымінальную справу за моцнае збіццё зняволенага. Аднак, як адзначае Хіжнякоў, звычайна да пакарання вінаватых справа не даходзіць. Супольнымі высілкамі Пальчыка, СК, пракуратуры і віцебскага УДВП такія выпадкі замінаюцца: зняволенага проста запалохваюць, і ён ад усяго адмаўляецца. Ці праводзяць праверку, вінаватага адпраўляюць у адпачынак на час разгляду, але потым усё замінаюць.

Таксама зняволеныя скардзяцца, што ў калоніі не аказваюць медычную дапамогу. Згодна з іх словамі, знікаюць медыкаменты, а дактары ігнаруюць скаргі зняволеных.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў