У Херсонскай вобласці ўзарвалі плаціну Кахоўскай ГЭС. Праз пагрозу затаплення абвесцілі эвакуацыю


Аператыўнае камандаванне ЗСУ «Поўдзень» паведаміла ў Facebook, што расейскія акупацыйныя войскі ўзарвалі Кахоўскую ГЭС. Імаверныя раёны затаплення цяпер удакладняюцца. Абвесцілі эвакуацыю жыхароў небяспечных раёнаў.

Кахоўская ГЭС пасля выбуху. 6 чэрвеня 2023 года.
Фота: Инсайдер UA / Telegram

Наступствы выбуху на Кахоўскай гідраэлектрастанцыі знялі на відэа. У ЗСУ вінавацяць у здарэнні расейскія войскі, акупацыйныя ўлады – украінскую армію.

Агенцтва «Reuters» апублікавала спадарожнікавы здымак Кахоўскай ГЭС пасля выбуху.

Кахоўская ГЭС пасля выбуху. Спадарожнікавы здымак кампаніі «Maxar». Херсонская вобласць, Украіна. 6 чэрвеня 2023 года.
Фота: Maxar Technologies / AFP / East News

Кіраўнік Херсонскай абласной адміністрацыі Аляксандр Пракудзін абвясціў эвакуацыю жыхароў небяспечных раёнаў, што кантралюе Украіна. Ён сказаў, што ўзровень вады дасягне крытычнага ўзроўню праз 5 гадзінаў.

Выкід вады пагражае затапленнем тэрыторыяў Херсонскай вобласці. Людзей вывезуць з дзесяці паселішчаў на правым беразе Дняпра, акрамя таго, часткова эвакуююць Херсон. Паводле звестак расейскай інфармацыйнай кампаніі ТАСС, на гідраэлектрастанцыі разбураныя 11 з 28 пралётаў, а ў зону затаплення могуць трапіць 80 паселішчаў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі склікаў тэрміновае пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны, паведаміў сакратар РНБА Аляксей Данілаў.

Раней пра пагрозу падрыву Кахоўскай ГЭС казалі падчас контрнаступу ЗСУ ў Херсонскай вобласці. Кіраўнік ГУР Кірыла Буданаў заяўляў, што падрыў дамбы зробіць немагчымым эксплуатацыю Паўночна-Крымскага каналу і Запарожскай АЭС, расейцы больш страцяць, чымся выйграюць, бо атрымаюць затапленне левабярэжнай часткі Херсонскай вобласці.

Уладзімір Зяленскі папярэджваў Маскву: «Любая вашая спроба падарваць Кахоўскую ГЭС і затапіць нашую тэрыторыю ды абязводзіць Запарожскую АЭС будзе азначаць абвяшчэнне вайны ўсяму свету».

Аналітыка
Пагроза разбурэння Кахоўскай ГЭС: навошта гэта трэба і ці рэальны такі сцэнар?
2022.10.21 17:11

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў