Як заснавальнік ПВК Вагнэра пераўтвараецца ў палітыка і што гэта значыць для Расеі


Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну алігарх Яўген Прыгожын стаў адной з самых медыйных і ўплывовых фігураў пуцінскага рэжыму. Ён адкрыта канфліктуе з Мінабароны і высокапастаўленымі чыноўнікамі, актыўна піярыцца ў публічнай прасторы, што прымушае некаторых экспертаў казаць пра яго палітычныя амбіцыі. Belsat.eu распавядае як былы крымінальнік і заснавальнік ПВК Вагнэра пачаў пераўтварацца ў палітыка.

Яўген Прыгожын ва ўласнай рэстарацыі падае ежу тагачаснаму прэм’ер-міністру Расеі Уладзіміру Пуціну.
Фота: AP Photo  /Pool / East News

Хто такі Прыгожын

Яўген Прыгожын нарадзіўся ў Ленінградзе ў 1961 годзе. У 1979-м, ва ўзросце 18 гадоў, яго пакаралі ўмоўным тэрмінам за «крадзеж», а ў 1981-м ён атрымаў ужо рэальны тэрмін за «крадзеж», «разбой», «махлярства» і «уцягванне непаўналетняга ў злачынную дзейнасць». Тады яму прысудзілі 13 гадоў калоніі. Выйшаў будучы алігарх датэрмінова, у 1990 годзе.

У 90-е Прыгожын заняўся рэстаранным бізнесам. Адзін з ягоных рэстаранаў – «New Island» – стаў папулярным месцам адпачынку для палітычнай і фінансавай эліты РФ. У 2001 годзе ў «New Island» Уладзімір Пуцін праводзіў сустрэчы з прэзідэнтам Францыі Жакам Шыракам, у 2002-м – з амерыканскім лідарам Джорджам Бушам. У 2003-м, паводле медыяў, Пуцін там святкаваў свой дзень народзінаў. Прыгожын асабіста абслугоўваў высокапастаўленых гасцей, таму ў публічнай прасторы да яго прычапілася мянушка – «кухар Пуціна».

Асабістае знаёмства з Пуціным перадвызначыла неверагодны ўзлёт Прыгожына: ягоны бізнес стаў імкліва пашырацца. Ён пачаў абслугоўваць статусныя мерапрыемствы, у тым ліку крамлёўскія прыёмы і інаўгурацыі. Кампанія Прыгожына «Канкорд» атрымлівала дзяржаўныя падрады на арганізацыю школьнага харчавання, стала ключавым пастаўшчыком прадуктаў для Мінабароны, занялася будаўнічымі праектамі і г.д.

Паступова Прыгожын уцягнуўся ў палітыку. У 2013 годзе ён стварыў Агенцтва інтэрнэт-расследаванняў, больш вядомае як «фабрыка троляў». Спачатку «фабрыка троляў» выкарыстоўвалася для атакаў на расейскую апазіцыю, аднак потым стала адным з механізмаў умяшання ў выбары ў ЗША. У 2014-м Прыгожын заснаваў так званую ПВК Вагнэра, якая прымала ўдзел у вайне на Данбасе, а потым у Сірыі. У 2017-м алігарх пераканаў Пуціна распачаць пры дапамозе вагнэраўцаў экспансію ў Афрыцы.

Аналітыка
Што ПВК Вагнэра робіць у Афрыцы? Тлумачым, у чым інтарэс РФ
2023.03.27 07:31

Датычнасць Прыгожына да ПВК Вагнэра і «фабрыкі троляў» заўсёды была «сакрэтам Палішынэлю». Аднак фармальна да 2022 году ён гэта адмаўляў і заставаўся абсалютна не медыйнай персонай.

Вайна, піяр і кувалда

Поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну прывяла да рэзкага росту ўплыву Прыгожына і разрастання ПВК Вагнэр. Калі ў 2017-2018-м колькасць ПВК Вагнэра ацэньвалася ў некалькі тысяч байцоў, то ў студзені 2023 году заходнія выведкі казалі ўжо пра 50 тысяч наймітаў у арміі Прыгожына.

Такі рост быў выкліканы аб’ектыўнымі прычынамі. Бліцкрыг, на які рабілі стаўку ў Крамлі праваліўся, кадравая расейская армія ў першыя месяцы канфлікту панесла значныя страты. Паколькі абвяшчаць мабілізацыю Пуцін доўга не вырашаўся, то адзіным эфектыўным механізмам папаўнення сілаў на фронце сталі найміты.

Прыгожыну дазволілі вербаваць наймітаў сярод зняволеных. Ён асабіста прыязджаў у калоніі, выступаў перад вязнямі, заклікаў пайсці ваяваць і абяцаў за гэта памілаванне. Па некаторых ацэнках, агулам у расейскіх калонах было завербавана каля 50 тысяч зэкаў.

Прыгожын пры гэтым не атрымаў ніякіх афіцыйных пасадаў, а прыватныя ваенныя кампаніі не былі легалізаваныя дэ-юрэ. Таму візіты алігарха ў калонію і вербаванне зэкаў самі па сабе выглядалі поўным беззаконнем. Аднак ва ўмовах вайны Крэмль ужо не меў патрэбы імітаваць цывілізаванасць і таму Прыгожын мог выйсці з цені.

Яўген Прыгожын прыехаў развітацца з байцом «Вагнера». На здымку відаць, што Прыгожын мае тры зоркі Героя РФ. Гэтая дзяржузнагарода – вышэйшае званне, якое прысвойваецца за заслугі перад дзяржавай і народам, звязаныя са здзяйсненнем геройскага подзвігу.
Фота: Канстанцін Саўрыкаў / V1.RU

Свой выхад у публічную прастору Прыгожын выкарыстаў вельмі эфектыўна. Расейская армія цярпела паразу за паразай, а вагнэраўцы ў гэты час няспынна штурмавалі Бахмут. Прасоўванне вагнэраўцаў было вельмі павольным, а страты – жудасныя. Аднак на іншых участках фронту ўсё было яшчэ горш. У гэтых умовах стаў стварацца міф аб тым, што ПВК Вагнэра – гэта самае надзейнае і баяздольнае падраздзяленне РФ, без якога фронт абваліцца. Прыгожын праз падкантрольныя яму тэлеграм-каналы і медыі арганізаваў маштабную піяр-кампанію па папулярызацыі вобразу вагнэраўца, з’явіліся прапагандысцкія кінастужкі і песні на гэтую тэму. У Санкт-Пецярбургу быў адкрыты «ПВК Вагнэр цэнтр».

Піяр ПВК Вагнэра суправаджаўся дэманстратыўным укараненнем у публічную прастору культу гвалту, крымінальных паняццяў і лексікі. Сімвалам гэтых працэсаў стала кувалда – вагнэраўцы выкарыстоўваюць яе для бязсудных забойстваў. У лістападзе 2022 году Прыгожын у якасці папярэджання адправіў у Еўрапарламент кувалду з плямамі крыві.

Аналітыка
Салядар – самы гарачы пункт вайны ў пачатку 2023 года. Тлумачым, што там адбываецца
2023.01.11 18:51

Канфлікт з генераламі

Восенню 2022 году Прыгожын адчуў сябе настолькі ўпэўнена, што адкрыта кінуў выклік генералітэту. Пасля абвалу фронту на Харкаўшчыне і здачы Ліману ён падтрымаў крытыку адносна генерала Аляксандра Лапіна і заклікаў «усіх гэтых ушлёпкаў» (то бок генералаў) кінуць «з аўтаматамі босымі на фронт».

Мінабароны і Генштаб яўна былі незадаволены ростам уплыву Прыгожына і пастараліся аслабіць ягоныя пазіцыі, каб зрабіць групу Вагнэра больш кіраванай. У снежні 2022-га найміты пачалі скардзіцца на тое, што іх кепска забяспечваюць боепрыпасамі і нават запісалі відэазварот, дзе нецэнзурна абражалі начальніка Генштабу. У студзені Прыгожын і Міністэрства абароны завочна спрачаліся, хто з іх захапіў Салядар – найміты або Узброеныя сілы РФ. У лютым Прыгожын сам заявіў, што Міністэрства абароны наўмысна скарачае колькасць снарадаў для вагнэраўцаў і наогул перашкаджае забеспячэнню групоўкі. Ён абвінаваціў міністра абароны Сяргея Шайгу ды начальніка Генштаба Валерыя Герасімава ў масавай гібелі наймітаў і намеры «знішчыць ПВК Вагнэра». Паралельна быў спынены набор наймітаў сярод вязняў расейскіх турмаў.

У сакавіку Прыгожын быў вымушаны звярнуцца да Шайгу з просьбай перадухіліць акружэнне ПВК Вагнэра пад Бахмутам. Акрамя таго, ён намякнуў, што вагнэраўцы могуць сысці ў Афрыку, калі адчуюць, што больш не патрэбныя на фронце.

Гэтыя заявы сведчаць пра тое, што ў канфлікце з Мінабароны і Генштабам Прыгожын пакуль зазнае паразу. Аднак «кухар Пуціна» праз гэта не замаўчаў, а наадварот – стаў яшчэ больш востра выказвацца і крытыкаваць эліты.

Прыгожын у ролі абаронцы «простых людзей»

Яўген Прыгожын стварае сабе імідж сапраўднага патрыёта, які выступае абаронцам простых байцоў у акопах і не баіцца казаць праўду пра «тылавых пацукоў» і «здраднікаў» у высокіх кабінетах.

«Наверсе, хутчэй за ўсё, сядзяць грамадзяне, якія зусім абарзелі, і думаюць, што краіна створана для таго, каб яны атрымлівалі задавальненне і ўшанаванні», – падкрэсліваў ён.

Алігарх абвінавачвае генералаў и чыноўнікаў у тым, што тыя купаюцца ў раскошы, адпраўляюць сваіх дзяцей у Дубаі, пакуль «рускі салдат гіне ў акопе». Каб падкрэсліць кантраст паміж ім і найвышэйшым камандаваннем, Прыгожын часта з’яўляецца ў раёне баявых дзеянняў і распавядае медыям, што ягоны сын таксама ваюе.

Натуральна, апраўданасць агрэсіі супраць Украіны пад сумнеў не ставіцца: алігарх кажа, што Расея змагаецца з «сусветным злом». Але ён настойвае на тым, што змагацца трэба больш эфектыўна.

Грузавік з сімволікай «Z» у падтрымку расейскіх узброеных сіл ля будынку «Вагнэр цэнтру» у Санкт-Пецярбургу. 4 лістапада 2022 года.
Фота: Igor Russak / Reuters / Forum

Сярод фанатычных прыхільнікаў вайны папулізм Прыгожына, імаверна, можа знаходзіць свой водгук, улічваючы нарастанне незадаволенасці сітуацыяй на фронце. Пры гэтым алігарх не баіцца ставіць пад сумнеў прапагандысцкія наратывы: нядаўна ён зняпраўдзіў, што Расея ваюе з НАТО і прызнаўся, што не ведае, ці ёсць ва Украіне нацысты.

Прыгожын у ролі праваабаронцы

Цікава, што на фоне гратэскавага радыкалізму Дзмітрыя Мядзведзева або Рамзана Кадырава публічныя заявы Прыгожына часам выглядаюць больш стрыманымі і ўзважанымі.

Напрыклад, Прыгожын уступіўся за бацьку школьніцы Машы Маскалёвай, які трапіў пад пераслед за антываенны малюнак дачкі. Алігарх напісаў ліст пракурору Тульскай вобласці з просьбай праверыць законнасць рэзананснага прысуд. Ён назваў вырак несправядлівым, прапанаваў дапамагчы з адвакатам і заклікаў не дапусціць таго, каб дзяўчынка трапіла ў дзіцячы дом.

«13-гадовая дзяўчынка вымушана расці, фактычна, сіратой з-за таго, што камусьці не спадабаўся яе малюнак», – абураўся заснавальнік ПВК Вагнэра.

Яўген Прыгожын таксама заступіўся за прадзюсара Іосіфа Прыгожына, чыя злітая ў сеціва тэлефонная размова з жорсткай крытыкай Пуціна нарабіла шмат шуму. Алігарх падкрэсліў, што чалавек можа казаць па тэлефоне, што заўгодна, гэта ягоная асабістая справа.

«Калі зараз тэлефонныя размовы забараніць па артыкуле «дыскрэдытацыя», то тады можна проста пачаць пагалоўную кастрацыю ці яшчэ якія-небудзь драконаўскія захады», – заявіў ён.

Такі «лібералізм» Прыгожына, канешне, звярнуў на сябе ўвагу ў Расеі.

«Уяўляеце ўзровень вар’яцтва, што на яго фоне нават кіраўнік ПВК Вагнэр выглядае праваабаронцам!» – сумна заўважыў папулярны блогер «Сталингулаг».

Гульня на ўльтрапатрыятычным поле

Цяпер Прыгожын імкнецца выкарыстаць любую нагоду для піяру. Пасля гібелі Z-прапагандыста Уладлена Татарскага, якога ўзарвалі ў кавярні, алігарх зладзіў сустрэчу са сваімі прыхільнікамі прама ў разбураным выбухам памяшканні. Прыгожын падкрэсліў, што ніхто з прадстаўнікоў уладаў на месцы здарэння не з’явіўся, губернатар Санкт-Пецярбургу працягнуў «сядзець на ср…», а вось ён адразу прыехаў з Бахмуту, «каб аддаць доўг памяці» і дапамагчы пацярпелым.

«На жаль, тое, што адбываецца сёння ў многіх калідорах улады – гэта старое звыклае расслабленае жыццё», – дадаў ён.

Алігарх не дазваляе сабе публічна крытыкаваць асабіста Пуціна. Хаця некаторыя эксперты заўважылі ў асобных выступах Прыгожына пародыю або тролінг расейскага прэзідэнта.

«Яўген Прыгожын, магчыма, выкарыстоўвае свой уплыў у расейскім медыя-ландшафце, каб прадставіць сябе ў якасці патэнцыйнага прэтэндэнта на прэзідэнцкіх выбарах у Расеі ў 2024 годзе», – прыйшлі да высновы аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны (ISW).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.  Яўген Прыгожын падчас сустрэчы лідараў СНД у Сочы, Расея. 11 кастрычніка 2017 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Яшчэ восенню 2022 году крыніцы выдання «Медуза», блізкія да Крамля, паведамлялі, што Прыгожын думае над тым, каб стварыць нейкі кансерватыўны рух ці нават палітычную партыю. Ідэалогіяй партыі мусіў бы стаць ультрапатрыятызм і дзяржаўніцтва, а галоўнай мішэнню крытыкі – чыноўнікі і фінансавыя эліты. Намёк на стварэнне такога руху можна знайсці і ў некаторых публічных заявах алігарха. Гэтую гульню Прыгожына, паводле крыніцаў «Медузы», падтрымліваюць браты Кавальчукі – мільярдэры, што ўваходзяць у блізкае атачэнне Пуціна.

«Для іх гэта інструмент працы ў патрыятычным сегменце, [а таксама] запалохвання і дэмаралізацыі эліты, каб тая і не падумвала «адскочыць« ад прэзідэнта», – патлумачыў суразмоўца расейскага выдання.

Гэта не значыць, што Прыгожын у публічнай прасторы дзейнічае выключна па сцэнару Крамля. Можна дапусціць, што алігарх цяпер сапраўды хоча назапасіць палітычны капітал на будучыню: загадзя рыхтуецца да таго, каб дзяліць уладу пасля Пуціна. Аднак пакуль рэжым дастаткова моцны, такая сітуацыя на руку Пуціну. Паколькі ўся дэмакратычная апазіцыя ў краіне знішчана, адзінымі легальнымі крытыкамі рэжыму становяцца крымінальнік Яўген Прыгожын і імперскі фанатык Ігар Стралкоў (Гіркін). Такая альтэрнатыва мусіць палохаць грамадства і эліты яшчэ больш чым працяг цяперашняга курсу Пуціна.

Праўда, у доўгатэрміновай перспектыве гэтая гульня выглядае даволі небяспечна. Калі Пуцін аслабне і пачне страчваць кантроль за сітуацыяй, менавіта гэтыя ўльтрапатрыёты могуць стаць галоўнай пагрозай для прэзідэнта і ягонага блізкага атачэння.

Аналітыка
Аўдзееўка замест Бахмуту і шанец ЗСУ. Тлумачым, што цяпер адбываецца на фронце
2023.03.26 08:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў