У Беларусі імкліва працягваецца адток ІТ-спецыялістаў


Telegram-канал «Нашы грошы» прааналізаваў статыстыку адтоку ІТ-кампаніяў. Толькі за люты Беларусь страціла каля 800 спецыялістаў у гэтай галіне. Акрамя таго, на днях стала вядома, што з краіны ідзе яшчэ адна буйная ІТ-кампанія.

Аўтары каналу агаворваюцца загадзя, што атрымаць дакладныя звесткі наконт колькасці прынятых і звольненых працаўнікоў у нашай краіне стала праблематычна: Белстат перастаў публікаваць такую статыстыку. Яны зазначаюць, што гэта адно з яскравых сведчанняў таго, што справы ў галіне ідуць вельмі кепска.

Для аднаўлення карціны даводзіцца выкарыстоўваць звесткі пра дынаміку рынку працы ў сферы «Інфармацыя і сувязь», якая, акрамя ІТ-спецыялістаў, ахоплівае таксама працаўнікоў тэлекамунікацыйнай і выдавецкай дзейнасці. Тым не менш, нават з гэтых лічбаў можна зрабіць выснову, што адток у ІТ-сферы імкліва працягваецца.

Так, у сферы «Інфармацыя і сувязь» перавышэнне колькасці звольненых над прынятымі гэтым лютым налічвае 900 асобаў. Гэта гаворыць пра ўстойлівы характар адтоку кадраў.

Пэўным пацвярджэннем даволі нярадаснай статыстыкі стала заява буйной амерыканскай ІТ-кампаніі «Kyriba» пра ліквідацыю свайго бізнесу ў Беларусі. Гэта адзін з лідараў у распрацоўванні воблачных тэхналогіяў для кіравання фінансамі.

6 красавіка ў часопісе «Юстыцыя Беларусі» з’явіўся запіс пра ліквідацыю дачкі вядомага распрацоўніка «Кайрыба Інжынірынг». На піку сваёй дзейнасці штат кампаніі дасягаў 100 працаўнікоў. У студзені 2023 года ўрад Беларусі ўключыў «Кайрыба Інжынірынг» у спіс актываў, што не падлягаюць продажу.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў