У Менску вынеслі прысуд у «справе Каардынацыйнай рады». Лідарцы беларускіх дэмакратычных сілаў Святлане Ціханоўскай завочна прысудзілі 15 гадоў калоніі, Паўлу Латушку – 18 гадоў калоніі, паведамляе БелТА.
Раней дзяржаўны абвінаваўца ў завочным судзе ў «справе Каардынацыйнай рады» запрасіў па 19 гадоў для Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі.
Завочны працэс у справе супраць Каардынацыйнай рады пачаўся ў Менскім гарадскім судзе 17 студзеня 2023 года. Фігурантаў справы – Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку, Марыю Мароз, Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага – абвінавацілі паводле 12 артыкулаў.
Кавалькову, Дылеўскага і Мароз завочна пакаралі 12 гадамі зняволення.
Суд прызнаў усіх абвінавачваных у справе вінаватымі ў змове, здзейсненай з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам; стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве такім фармаваннем; публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады і ўчыненні іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, у тым ліку на ўжыванне захадаў абмежавальнага характару (санкцыяў) у дачыненні Беларусі, фізічных і юрыдычных асобаў рэспублікі, распаўсюдзе матэрыялаў, якія змяшчаюць такія заклікі. Яны таксама прызнаныя вінаватымі ў наўмысных дзеяннях, скіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці, учыненых групай асобаў.
Святлана Ціханоўская па рашэнні суда павінна адбываць пакаранне ў калоніі агульнага рэжыму. Прысуды іншым абвінавачаным не ўдакладняюцца.
Алена Рувіна belsat.eu