Праверкі на мяжы з Расеяй – магчымая падрыхтоўка да мабілізацыі


Памежны камітэт Рэспублікі Беларусь увёў кантроль на мяжы з Расейскай Федэрацыяй. У тых, хто едзе ў нашую краіну, правяраюць пашпарты. Кантрольныя пункты абсталяваныя на мяжы як з Гомельскай, так і з Віцебскай абласцямі. З якой нагоды ўвялі такую меру і якія мэты пераследуюць улады, мы спыталі ў госця студыі «Белсат» – спецыяліста ў нацыянальнай бяспецы, палітолага Аляксандра Казака.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Belsat.eu

Паводле сведчанняў Памежнага камітэту, робяцца такія захады дзеля выканання пагаднення аб узаемным прызнанні візаў з Расеяй. Такая праверка працягнецца, як было адзначана, «да асобага ўказання». Аднак ці сапраўды гэта асноўная прычына або мэта на самой справе зусім іншая?

Аляксандр Казак лічыць, што гэта можа быць толькі адной з падставаў. На яго думку, перадусім звязваць такія захады трэба з падзеяй, якая адбылася 3 траўня, а менавіта з выбухам дрона над Крамлём.  Галоўныя пытанні, якія ўзнікаюць ва ўладаў, тут такія: «адкуль гэта прыйшло, як гэта прыйшло, чаму гэта прыйшло?» На яго думку, улады хочуць манітараваць, сачыць за межамі, бо фактычна мяжа з Украінай не кантралюецца, таму што ідзе вайна. Але тое, што гэты дрон мог быць завезены нейкім чынам праз Беларусь, у якой асабліва і няма межаў з Расеяй, цалкам верагодна.

На пытанне, чаму пра ўвядзенне такіх мераў не было адмысловага папярэджання, палітолаг адказаў іншым пытаннем: «А навошта папярэджваць?» Ён нагадаў, што можа быць яшчэ не адна хваля мабілізацыі ў Расеі, а таму расейскім уладам трэба кантраляваць сітуацыю і ведаць, хто, куды, калі, навошта і з якімі рэчамі з’ехаў з краіны.

Нягледзячы на тое, што Аляксандр Лукашэнка заўсёды хваліўся адкрытасцю межаў з Расеяй, якія не закрываліся нават падчас ковіду, сёння ўсё ж было прынята рашэнне аб увядзенні кантролю. Такі факт палітолаг пракаментаваў так, што хваліцца можна чым заўгодна да тае пары, пакуль «над хатаю твайго суседа не выбухае дрон». Цалкам магчыма, кажа эксперт, што тое ж самае можа здарыцца ў любую хвіліну над любой з рэзідэнцыяў Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі. Такая параноя, на думку Казака, ужо з’явілася пасля выбуху самалёта А-50 у Мачулічшах. А тут атрымліваецца, што дрон спакойна даляцеў да Крамля і выбухнуў, таму ёсць элемент параноі як з беларускага, так і з расейскага боку.

Пры гэтым Аляксандр Казак лічыць, што наўрад ці мяжа будзе закрыта поўнасцю. Хутчэй за ўсё, асноўная прычына – гэта маніторынг пад мабілізацыю, а таксама з мэтаю паменшыць рызыку ўзнікнення новых падобных здарэнняў з дронамі. Бо, як нагадаў палітолаг, набліжаецца 9 траўня, сакральнае свята ў Расеі, а ва Украіне ўжо абвесцілі конкурс на тое, хто прызямліць дрон у Маскве з украінскім сцягам, таму ўсё гэта падпітвае параною і страх, бо замест сцяга можа быць нешта іншае.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў