Ціханоўская і міністарка ўнутраных справаў Літвы абмеркавалі спрашчэнне падачы на ВНЖ для беларусаў


Святлана Ціханоўская правяла працоўную сустрэчу з міністаркай унутраных справаў Літвы Агне Білатайце.

Святлана Ціханоўская правяла працоўную сустрэчу з міністаркай унутраных справаў Літвы Агне Білатайце.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Абраная прэзідэнтка Беларусі падзякавала літоўскай міністарцы за пачутыя і прынятыя прапановы беларусаў па зменах у законапраект «Аб увядзенні абмежавальных мераў у дачыненні да ваеннай агрэсіі супраць Украіны». Ціханоўская выказала падзяку ад імя беларусаў за тое, што ў новай версіі законапраекту абмежавальныя меры ў дачыненні да грамадзянаў Беларусі значна больш мяккія ў параўнанні з першапачатковым праектам.

Таксама Ціханоўская падкрэсліла важнасць падзелу беларусаў і рэжыму Лукашэнкі і падзякавала кіраўніцы Дэпартаменту міграцыі МУС Літвы Эвеліне Гудзінскайце за канструктыўнае супрацоўніцтва па паступовым вырашэнні пытанняў, з якімі даводзіцца сутыкацца беларусам, што вымушана пакінулі Беларусь з-за пагрозы палітычнага пераследу.

Падчас перамоваў Ціханоўская і Білатайце дамовіліся стварыць працоўную групу, якая будзе ўключаць прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінету, Офісу Ціханоўскай і МУС Літвы для вырашэння пытанняў у сферы міграцыі і грамадскай бяспекі. Падобная група ў Польшчы паказала сваю запатрабаванасць і эфектыўнасць.

Святлана Ціханоўская правяла працоўную сустрэчу з міністаркай унутраных справаў Літвы Агне Білатайце.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

На сустрэчы абмяркоўваліся магчымасці спрасціць патрабаванні для беларусаў пры падачы на ВНЖ, у прыватнасці, каб была магчымасць не прыкладаць даведку пра адсутнасць судзімасці або апастыль для тых грамадзянаў Беларусі, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь.

У бліжэйшым часе Дэпартамент міграцыі плануе выпусціць падрабязную інструкцыю, якая тлумачыць дэталі адносна працэдураў па легалізацыі беларусаў у Літве.

Святлана Ціханоўская ўзняла пытанне выдачы ВНЖ па гуманітарных падставах на даўжэйшы перыяд часу, што таксама спрасціла б атрыманне пашпарту замежніка. У адказ на запыт паскорыць прыняцце рашэнняў па міжнароднай абароне літоўскі бок запэўніў, што пытанне заявак беларусаў знаходзіцца на кантролі і зацягнутасць тлумачыцца неабходнасцю праверкі на бяспеку і апрацоўкі вялікай колькасці заявак ад украінскіх уцекачоў. Чакаецца, што да сярэдзіны 2023 года запазычанасць будзе ліквідаваная, і беларускія заяўкі будуць разглядацца згодна з вызначанымі тэрмінамі.

Святлана Ціханоўская правяла працоўную сустрэчу з міністаркай унутраных справаў Літвы Агне Білатайце.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Літва – адна з краін-лідарак у ЕЗ па адсотку станоўчых хадайніцтваў на выдачу міжнароднай абароны для беларусаў. Міністарка Білатайце запэўніла Ціханоўскую, што Літва і літоўскі МУС прадоўжаць і надалей падтрымліваць беларусаў у міграцыйных пытаннях.

Цяпер у Літве жыве больш за 49 000 беларусаў. Гэта другая пасля грамадзянаў Украіны замежная дыяспара ў Літве.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў