Старшыня Сейму Літвы: Сітуацыя з маёрам МУС не падстава пагаршаць становішча беларусаў


Старшыня Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн заявіла, што сітуацыя з былым маёрам з Беларусі Аляксандрам Маціевічам, які мае дачыненне да рэпрэсіяў, але атрымаў ВНЖ у Літве, не азначае, што санкцыі супраць беларусаў і расейцаў трэба зраўнаваць.

Старшыня Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн.
Фота: Viktorija Čmilytė-Nielsen / Facebook

«З улікам плыні людзей на службы кладзецца вельмі вялікая нагрузка. Ёсць некаторыя выпадкі, якіх, вядома, хацелася б пазбегчы, але я не мяняю прынцыповай палітыкі, у адпаведнасці з якой мы прымаем прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ці проста людзей, якія ратуюцца ад пераследу Лукашэнкі ў Літве», – сказала Вікторыя Чміліце-Нільсэн.

Уніфікацыя санкцыяў для беларусаў і расейцаў азначала б, што Літва адступае ад сваёй пазіцыі аб Беларусі, мяркуе старшыня Сейму:

«На мой погляд, гэтага рабіць не варта. Падобныя выпадкі могуць здарацца з розных прычынаў. Гэта не мяняе майго меркавання пра ўніфікацыю».

Летась Сейм Літвы прыняў закон аб абмежавальных захадах у дачыненні грамадзянаў Беларусі і Расеі, аднак для беларусаў абмежаванняў уведзена менш.

Тэрмін дзеяння закону заканчваецца 2 траўня 2024-га. Яго могуць падоўжыць яшчэ на год.

Далёка не ўсе літоўскія палітыкі згодныя з Чміліце-Нільсэн. Напрыклад, прэзідэнт Гітанас Наўседа заяўляе, што санкцыі супраць беларусаў і расейцаў мусяць быць аднолькавыя.

Аляксандр Маціевіч – беларускі маёр, які браў удзел у здушэнні пратэстаў у Лідзе ў 2020 годзе. Паводле звестак «BELPOL», Маціевіч таксама даваў паказанні ў судзе супраць адной з пратэстоўцаў, якая нібыта парвала сілавіку форму і збіла двух афіцэраў Лідскага РАУС.

Дэпартамент міграцыі Літвы ануляваў 1 лютага дазвол Маціевіча на часовае пражыванне.

Hавiны
Былы беларускі сілавік, які жыў у Літве, пасля публікацыі «BELPOL» пра яго вярнуўся ў Беларусь
2024.02.01 14:47

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў