Спікер пракуратуры Харкаўскай вобласці Дзмітрый Чубенка заявіў, што Расея 2 студзеня нанесла ўдары па Харкаве ракетамі, якія магла атрымаць ад Паўночнай Карэі. Пра гэта паведамляе NV.ua.
У выніку ракетнага ўдару па Харкаву 2 студзеня два чалавекі загінулі і 62 атрымалі раненні.
Падчас даследавання абломкаў было выяўлена, што некаторыя парадкавыя нумары на ракетах былі выдаленыя. Верагодна, гэта было зроблена для таго, каб схаваць краіну-вытворцу, удакладніў Чубенка.
«Знайшлі, што некаторыя парадкавыя нумары, абрэвіятуры і адзнакі з дапамогай прыбораў выдалілі адтуль. Магчыма, з дапамогай балгаркі ці іншых прылад. Імаверна, нехта хацеў схаваць сляды менавіта краіны-вытворцы ракеты. Магчыма, гэта ракеты, якія Расеі дала Паўночная Карэя, паколькі ў іх шчыльнае ўзаемадзеянне і па ўзбраенні, і па тэхналогіях. Магчыма, гэта вынік іх супрацы», – распавёў Чубенка у эфіры «Суспільне».
Пра выкарыстанне паўночнакарэйскіх ракетаў таксама заявіў дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.
«РФ у межах сваёй адкрыта генацыднай вайны ўпершыню нанесла ўдары па тэрыторыі Украіны з дапамогаю ракетаў, атрыманых з… Паўночнай Карэі», – заявіў ён.
Паводле Падаляка, цяпер Расея, КНДР і Іран складаюць «вось зла», якая яшчэ ніколі не выглядала настолькі «відавочна, карыкатурна злачынна».
Раней, 4 студзеня, прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі падчас брыфінгу заявіў, што Расея выкарыстоўвае балістычныя ракеты Паўночнай Карэі далёкасцю ў 900 км. Паводле ягоных дадзеных, удары такімі ракетамі па тэрыторыі Украіны былі нанесеныя 30 снежня і 2 студзеня. Падчас першага маштабнага нападу паўночнакарэйская ракета ўпала ў Запарожскай вобласці, а 2 студзеня Расея выпусціла ўжо некалькі такіх ракет, заявіў Кірбі.
У МЗС Кітаю заявілі, што не валодаюць інфармацыяй пра перадачу Расеі паўночнакарэйскіх балістычных ракетаў, піша «Укрінформ».
Глеб Нержын belsat.eu