Кампанія «Wargaming», якая з’яўляецца распрацоўшчыкам гульні «World of Tanks» сыходзіць з Беларусі і Расеі, а таксама закрывае офіс у Менску. Аб гэтым кампанія паведаміла на Linkedin.
«За апошнія тыдні «Wargaming» правяла стратэгічны агляд бізнес-аперацый па ўсім свеце і вырашыла, што не будзе валодаць або кіраваць бізнесам у Расеі і Беларусі і пакіне абедзве краіны», – заявілі ў кампаніі.
З 31 сакавіка кампанія перадала свой гульнявы бізнес у Расеі і Беларусі пад мясцовае ўпраўленне «Lesta Studio», якая больш не звязана з «Wargaming». Кампанія больш не будзе атрымліваць прыбытку ад гэтага бізнесу. «Наадварот, мы чакаем значных страт у выніку гэтага рашэння», – напісана ў паведамленні.
Кампанія завершыць аперацыйны пераход у неабходным тэмпе, у адпаведнасці з усімі законамі і забяспечыць пастаянную бяспеку і падтрымку супрацоўнікаў. На працягу пераходнага перыяду дзейныя прадукты застануцца даступнымі ў Расеі і Беларусі і будуць кіравацца новым уладальнікам.
«Wargaming» таксама пачала працэс закрыцця сваёй студыі ў Менску.
«Мы дамо максімальна магчымую дапамогу і падтрымку нашым супрацоўнікам, закранутых зменамі», – сказана ў паведамленні.
Але ў кампаніі, нягледзячы на маштабнасць гэтага рашэння, упэўненыя ў будучыні бізнесу і будуць імкнуцца рабіць для гульцоў якасныя гульні, адзначылі ў кампаніі.
Пасля пачатку вайны, 26 лютага, работнікі расейскай ІТ-галіны апублікавалі адкрыты ліст супраць вайны Расеі з Украінай. Яго падпісалі ў тым ліку і супрацоўнікі «Wargaming». Пазней кампанія вылучыла 1 млн долараў украінскаму «Чырвоным крыжы», якія пайшлі на патрэбы ўкраінскіх шпіталей і лекараў, а таксама на дапамогу вымушаным перасяленцам.
Сёння, 4 красавіка, стала вядома, што Лукашэнка збіраецца правесці нараду з рэзідэнтамі ПВТ аб тым, «што там адбываецца ў гэтым парку» і на колькі высокая тэндэнцыя адтоку кадраў.
АД belsat.eu