Салідарнасць: беларусы сабралі музыкам з гурта «Tor Band» больш за 12 тысяч еўраў


2 лістапада фонд «BYSOL» абвесціў збор на падтрыманне музыкаў з гурта «Tor Band», засуджаных да вялікіх тэрмінаў за творчасць. Толькі за першыя 19 гадзінаў былі ахвяраваныя 9 тысяч еўраў. Сума працягвае расці.

Злева направа: Яўген Бурло, Дзмітрый Галавач і Андрэй Ярэмчык.
Фота: babruysk.by

«9000 еўраў за 19 гадзін! Дзякуй усім, хто далучыўся. Не спыняйцеся, збор на «Tor Band» працягваецца!» – напісаў учора заснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

Цяпер сума перакрочыла 12 тысяч еўраў. Далучыцца да збору можна па спасылцы. Але пры гэтым трэба памятаць пра захады бяспекі: арганізатары збору заклікаюць не карыстацца беларускімі і расейскімі плацежнымі механізмамі для ахвяравання праз «BYSOL».

Нагадаем, што 31 кастрычніка Гомельскі абласны суд агучыў выракі музыкам гурта «Tor Band». Дзмітрыя Галавача засудзілі на 9 гадоў узмоцненага рэжыму са штрафам 100 базавых велічыняў. Яўген Бурло атрымаў 8 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Андрэя Ярэмчыка засудзілі на 7,5 года ўзмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу.

У Яўгена Бурло за кратамі абвастрылася анкалагічнае захворванне, якое ён меў яшчэ да затрымання, ён моцна схуднеў і не можа перасоўвацца самастойна, таму на судовае пасяджэнне прыйшоў на мыліцах, а падчас зачытвання выраку не мог падняцца.

Гурт «Tor Band» стаў шырока вядомы ў 2020 годзе за свае палымяныя песні-маршы «Жыве Беларусь!», «Сыходзь!», «Бацька», «Маці». Кліп на песню «Мы не народзец» на YouTube за некалькі месяцаў набраў больш за мільён праглядаў.

Музыкаў затрымалі ў кастрычніку 2022 года, у студзені 2023-га «Tor Band» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» і завялі крымінальную справу на яго ўдзельнікаў.

Абноўлена
Музыкам гурта «Tor Band» прысудзілі ад 7,5 да 9 гадоў зняволення
2023.10.31 13:01

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў