«Белсат» сабраў адказы на 60 частых пытанняў: па 20 пра вакцыны, маскі і хваробу, якую выклікае каронавірус. Ніжэй – самае галоўнае максімальна сцісла, а таксама спасылкі на падрабязныя артыкулы са спасылкамі на навуковыя даследаванні і парады адмыслоўцаў.
Каронавірус можа заразіць любога, захварэць могуць усе. Незалежна ад папярэдняга стану здароўя, чалавек можа цяжка хварэць і памерці, імунітэту ад прыроды супраць віруса SARS-CoV-2 няма.
Паміраюць каля 5 % інфікаваных – ужо памерлі мільёны. Каля 80 % пераносяць хваробу лёгка, некаторыя – зусім без сімптомаў. Але нават пасля выздараўлення могуць застацца праблемы са здароўем і розумам.
У групе рызыкі – асобы, старэйшыя за 60 гадоў, і тыя, хто мае праблемы са здароўем ды імунітэтам. Дзеці хварэюць нячаста, але з новымі штамамі заражаюцца часцей, чым раней.
Каронавірус SARS-CoV-2 перадаецца праз гэтак званыя аэразолі, якія выдыхае інфікаваны (нават калі не мае сімптомаў). Гэтыя аэразолі могуць вісець у памяшканнях даўжэй за тры гадзіны, адлятаць ад «гаспадара» на 6 метраў, заставацца на паверхнях тры дні.
Сімптомы бываюць розныя, але асноўныя – высокая тэмпература, сухі кашаль і стома, часта – страта нюху. Калі сімптомы не крытычныя, не трэба выклікаць хуткай, але трэба атрымаць кансультацыю доктара (магчыма, дыстанцыйную). Перахварэць у лёгкай форме можна і ўдома, але важна сачыць за тэмператураю, пульсам, ціскам, частатою дыхання і насычанасцю крыві кіслародам (чытайце інструкцыю ад пульсаксіметра!).
Каб не захварэць, не заразіць іншых і спыніць пандэмію, трэба вакцынавацца, насіць маскі і трымаць сацыяльную дыстанцыю (хаця б 1 метр), мыць рукі і ветрыць памяшканні. Лекаў ад COVID-19 не знайшлі – толькі вакцыны, каб перадухіліць хваробу да яе пачатку, і лекі ад некаторых сімптомаў ды спадарожных хваробаў. Супраць цяжкай формы дапамагае штучная вентыляцыя лёгкіх (калі ў горла ўстаўляюць трубку).
Эфектыўнасць масак даказаная, і калі маска правільная, яна не перашкаджае дыхаць. Правільная маска – трохслойная, мусіць закрываць нос, рот і падбароддзе, шчыльна прылягаць па баках. Медычныя маскі і рэспіратары бароняць лепш, але ў агульным выпадку хопіць і шматразовай маскі.
Правераных вакцынаў з даказанай эфектыўнасцю і бяспекаю шмат. Беларусам прапануюць «недаправераны» (але, падобна, бяспечны і вельмі эфектыўны) «Спутник V», а таксама кітайскія вакцыны (менш эфектыўныя). Пабочныя эфекты ад іх нязначныя, супрацьпаказанняў амаль няма (хіба вострая хвароба і алергія на кампанент менавіта гэтай вакцыны).
У Беларусі сітуацыя вельмі кепская. Афіцыйная статыстыка не выклікае даверу, а незалежныя эксперты кажуць, што ад ковіду паміраюць у дзясяткі разоў больш, чым кажуць улады.
Калі не пераможам каронавіруса, будуць развівацца новыя штамы, якія могуць быць больш заразныя і смертаносныя. Але пакуль вакцыны супраць новых штамаў працуюць. Гучаць аптымістычныя прагнозы: у 2022 годзе гэта ўсё можа скончыцца.
Пра каронавірус распаўсюджваюць вельмі шмат фэйкаў і міфаў. Не раз хлусіў і даваў фальшывыя рэцэпты Аляксандр Лукашэнка. Давяраць варта рэцэнзаваным навуковым часопісам і Сусветнай арганізацыі здароўя.
Разгорнутыя адказы на ўсе папулярныя пытанні са спасылкамі на навуковыя даследаванні і рэкамендацыі прызнаных экспертаў «Белсат» сабраў у шэрагу дэталёвых публікацыях. Вось яны: