Кацярына Ваданосава распачала курс хіміятэрапіі: «Мяне так дастала быць моцнай»


Вядоўца «Белсату», музыка і культурніцкая дзяячка Кацярына Ваданосава пачала курс хіміятэрапіі пасля дзвюх аперацыяў. Медыкі кажуць, што такое імклівае развіццё раку магчымае толькі пры вялікім стрэсе. Мы паразмаўлялі з Кацяй пра самыя страшныя падзеі ў ейным жыцці і пра тое, як нязвыкла для траўмаванага беларускай медыцынай чалавека сутыкнуцца з польскай.

Вядоўца, музыка і культурная дзяячка Кацярына Ваданосава.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Самыя страшныя моманты

Першай самай страшнай падзеяй Ваданосава называе 9–10 жніўня 2020 года, калі пасля выбараў пачаліся мітынгі супраць сфальшаваных вынікаў галасавання, хоць яна і не была ў самым эпіцэнтры падзеяў:

«Я была ўпэўненая, што будзе як у 2010-м, 2006 годзе, калі большая частка людзей нават галасаваць не пайшла. Калі мы ўбачылі агромністыя чэргі людзей з белымі стужкамі на ўчастках, у мяне быў шок. Калі галасавалі ў гэтых адкрытых кабінках, у маёй мамы рукі трэсліся, нібыта яна злачынца. І 9-га ў гэтым неразуменні таго, што будзе, мы «адгаласілі» і паехалі яшчэ на рэчку. А вярталіся пад вечар, і ўвесь горад быў запоўнены машынамі, людзьмі. І тады было страшнавата, бо з намі дзеці ехалі».

Далей гісторыі ідуць усё больш і больш эмацыйна складаныя. Праз пэўны час затрымалі дваіх сяброў, і «мы не ведалі, што рабіць і куды бегчы». Самой Кацярыне таксама выпала пабегаць ад сілавікоў:

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Я бегла ад амапаўцаў шмат калі. Нават праз плот пералазіла. Упершыню ў жыцці, калі мне ўжо было трыццаць з гакам гадоў (смяецца), старая цётка, але палезла. Гэта быў яшчэ буйны марш. На плошчы Незалежнасці былі кардоны, нас чакалі, і мы як панесліся. Я не згадаю, дзе быў той плот, у галаве быў проста туман. Але памятаю, што зачапілася джынсамі і думала: бляха, калі зараз джынсы парвуцца, то будзе адразу зразумела, што я бегла. Цяпер гэта смешна згадваць, але тады было вельмі страшна. Нават калі вайна пачалася ва Украіне, мне не было так страшна, як тады падчас маршаў».

Калі вялікія маршы стала рабіць немагчыма, і людзі збіраліся ў раёнах, гэта было яшчэ больш складана з эмацыйнага боку.

«Калі ты разумееш, што ты проста ў пастцы. Кожны раз, калі выходзіш – ты проста гарматнае мяса, нічога не можаш зрабіць, нікому не дакажаш і не пакажаш, бо вас вельмі мала. Збіраюцца 30 чалавек, з іх 25 жанчын і 5 хлопцаў. Што мы можам? Прайсці 5–10 хвілін да першага хапуна», – згадвае Кацярына.

Інтэрв’ю
Кацярына Ваданосава: «Калі мне сказалі, што гэта рак, не было часу раскісаць»
2022.06.16 15:02

Яна прызнаецца, што не атрымлівае асалоды ад адрэналіну, нават на снаўбордзе коўзацца – занадта для яе экстрэмальна. Таму ніякага задавальнення ад рызыкі на вуліцы ў яе не было.

Самым страшным за апошнія два гады Кацярына назвала той дзень, калі разганялі плошчу Пераменаў у Менску. Сама яна тады моцна захварэла, але на той пратэст пайшоў ейны муж Васіль.

«Я ляжала дома з тэмпературай, глядзела ў паніцы стрым, тэліла і крычала: «Вася, Вася, яны там!», а ён адказваў: «Так, коцік, я бачу, добра». І калі сталі ўсіх разганяць, і ён хаваўся ў нечай кватэры, сядзелі там цішэй вады – гэта было самае страшнае. Калі я зразумела, што я нічога не магу зрабіць і не магу яго адтуль выцягнуць. І толькі пракручвала ў галаве, ці ўзяў ён з сабой інсулін, а наколькі яго хопіць, а хто там будзе разбірацца, што гэта за лекі. Каму там будзе справа да дыябету», – кажа нашая суразмоўца.

Яна таксама адзначыла, што наступным моцным ударам стала пагроза, што дзяцей забяруць у прытулак. Пра тое, што сям’я стаіць на ўліку як СНС, Кацярына даведалася выпадкова:

«Дачка – пераможца ўсіх мажлівых конкурсаў і алімпіядаў, яе фота вісіць на дошцы гонару школы. Аказваецца, гэта нічога не значыць. Мне патэлефанавала настаўніца, каб зноў прыйсці на нейкі конкурс, я кажу, што мы не пойдзем бо не хочам, а яна тады: «Вы ж разумееце, што вы ўжо ў СНС». Я так здзівілася, бо ніхто не прыходзіў правяраць умоваў. Але ад таго СНС нам не было ні халодна, ні горача. А ўжо потым, калі мне тэлефанавалі з пагрозамі, тады прагучала простым тэкстам, што мяне пасадзяць, а дзяцей адправяць у прытулак. Тое, што ў мяне ёсць муж і маці, нікога ў гэтай сітуацыі не хвалявала».

Да гэтай размовы з сілавіком, які нават не назваўся, Кацярына не мела на думцы пакідаць радзіму. Але шантаж дзецьмі аказаўся невыносным выпрабаваннем для сям’і, і яны пачалі пакаваць самае неабходнае.

«Ад’езд быў нечаканы. Мы хуценька пачалі збірацца. Да таго я ніяк не разглядала іншую краіну. Ніяк. Але тут выпала перагледзець свае перакананні. А калі ты не плануеш з’язджаць, то ну што ты бярэш – самае неабходнае. Дзеці ехалі толькі са зменным адзеннем і бялізнай. Ні забавак, ні кніжак. Мы збіраемся, і я ім кажу, што яны не могуць узяць з сабой нічога.

Фота Аліса Ганчар / Белсат

Дзеці пайшлі ў пакой перад самым выхадам, там шабуршыліся некаторы час, потым выходзяць і трымаюць у жменьках лега і кіндары, розная драбяза. І яны просяць хоць гэта ўзяць, бо гэта не шмат месца займае. Гэта мяне зламала. Я не плакала, трымалася, а гэта мяне выбіла з каляіны», – узгадвае са слязамі на вачах Кацярына.

З Менску сям’я паехала ў Вільню, але потым перабраліся ў Кіеў. Там і сустрэлі пачатак вайны.

«На той момант я была ў такім псіхалагічным каматозе. Мне не было страшна. Бо я разумела, што калі я дам слабіну, то ніхто гэтага не вывезе. Я вельмі кахаю свайго мужа, але на той момант ён не пасаваў на лідара сям’і, бо ў яго здарыўся інсулінавы выбух. З-за стрэсу ўзровень цукру расце, і напярэдадні вайны ён аказаўся крытычным, паламаўся арганізм, і адмовіла палова твару, нібыта інсульт», – распавядае Ваданосава.

Сям’я жыла на 17-м паверсе, і на свае вочы бачылі, як над Кіевам лёталі знішчальнікі, адбываліся выбухі і як дарогі імгненна ператварыліся ў адзін вялікі затор.

Артыкулы
«Стала зразумела, што ёсць рэчы, страшнейшыя за турму». Вядоўца «Белсату» Кацярына Ваданосава – пра эвакуацыю з Украіны
2022.02.27 16:10

«Панікі не было. Ты на аўтамаце пачынаеш збіраць рэчы і рабіць неабходныя дзеянні. Мы разумелі, што не маючы машыны, самі з дзецьмі не ў стане пакінуць Кіеў. Пачалі набіраць ваду ў каністры, шукаць бамбасховішча, скідвалі на ложак дакументы і паперы – ты проста замкнёны ў гэтай прасторы. Нам патэлілі супер-пупер альтруісты знаёмыя і сказалі, што ёсць у машыне месца для нас, але не для рэчаў. Дзеці ўсё цудоўна зразумелі, пра цацкі не казалі», – адзначыла Кацярына.

Сын Кацярыны Ян хіба ўсцешыўся, што не трэба было ісці ў школу, і глядзеў мульцікі, пакуль сям’я пакавала рэчы першай неабходнасці. На глыбакадумныя размовы з дзецьмі ў спадарыні проста не было часу і сілаў.

За содні яны даехалі да Львова і акурат на львоўскім вакзале сям’я Ваданосавай святкавала гадавіну шлюбу Кацярыны і Васіля:

«Купілі дзецям дзве булкі, бо ежы не было і набыць нешта было не магчыма. Я калі ўрвала тыя булкі – гэта было проста ўаў, што дзеці паядуць».

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Калі стала зразумела, што сям’я сама не выберацца, «Белсат» арганізаваў эвакуацыю пры дапамозе валанцёраў. Але нават гэта не гарантавала спакойнай дарогі. Каля мяжы машыну спыніла тэрабарона, выклікалі паліцыю на беларусаў, а калі Каця пацягнулася па дакументы, на яе наставілі аўтамат.

«Я мела з імі ўсе рэляцыі. Яны не ведалі ні пра апазіцыю, ні пра пратэсты, што нехта можа быць супраць Лукашэнкі. Ваську сказала, каб ён, такі скрыўлены, не выходзіў з машыны. Выходжу, пачынаю гаварыць, яны гыркаюць. Я лезу ў кішэню па дакументы, і тут паліцэйскі падхоплівае аўтамат і накіроўвае на мяне.

Я пачала крычаць, што ў мяне ў машыне дзеці, і што – яны іх будуць ратаваць, калі мяне застрэляць? Усе былі на нервах страшных.

Я паказала дакументы, і яны нас павезлі да мяжы. А таго, што я там нагледзелася, я не збуду ніколі – безліч жанчын з дзецьмі, з зусім маленечкімі немаўляткамі на руках. Стала халодна, і жанчыны распраналіся і хуталі малых, каб хоць тыя не памерзлі», – згадвае Кацярына.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Ад стрэсу яна не адчувала холаду, а калі ўжо перайшлі мяжу і даехалі да прытулку, то спадарыня не магла сагрэцца тры дні.

«Мая пухліна вырасла вельмі хутка, літаральна месяца за паўтара. І так, мне лекары кажуць, што гэта ўсё ад стрэсу. Яны называюць менавіта яго першапрычынай», – кажа Ваданосава.

Польская медыцына для траўмаваных беларускай

Падазрэнні на тое, што са здароўем нешта не тое, пачаліся яшчэ ўвосень 2020-га ў Беларусі. Тады Кацярына звярнулася да медыкаў, але агляд не атрымалася скончыць праз уцёкі. Ва Украіне было не да таго, таму дыягназ паставілі ўжо ў Польшчы.

Hавiны
«Ампутацыі грудзі аказалася недастаткова». Кацярыне Ваданосавай будуць рабіць яшчэ адну аперацыю
2022.07.14 18:17

Спадарыню не перастае ўражваць, што медыкі, сацыяльныя службы і іншыя ўстановы могуць быць настолькі чалавекаарыентаванымі, намагацца дапамагчы і нават падладжвацца пад цябе.

«Яны тут усе людзі, суперажываюць, спачуваюць. Для мяне гэта дзіка. Для людзей, траўмаваных беларускай медыцынай, такое не ўкладаецца ў галаве. Калі там пасля родаў у цябе кровацячэнне, ты неяк дабіраешся да прыбіральні, за табой крывавы след, а потым прыходзіць прыбіральшчыца і кажа: «А што ты тут кроў разліла, а ну ўставай ды выцірай». І ты ўстаеш, толькі што зашытая, бярэш анучу і выціраеш. А тут усё іначай. Можа, гэта мне так пашчасціла. Але вось тэлефанавала пані з сацыяльнай службы, каб я данесла нейкія паперкі на легалізацыю і, калі яна даведалася, што ў мяне вось-вось будзе хіміятэрапія, то вырашыла прыйсці да мяне сама і ў зручны час, каб я магла яшчэ дзетак у школу сабраць. Гэта для мяне нешта нерэальнае: мне трэба тая легалізацыя, а пані пойдзе да мяне яшчэ і ў зручны час!» – дзівіцца Ваданосава.

Пра свае больнічныя прыгоды яна распавядае з яшчэ большым здзіўленнем, бо не прыходзілася пачувацца вінаватай перад медыкамі, што прыйшла да іх хворая і адцягвае іхную ўвагу:

«Не было такога, каб нехта раніў мяне эмацыйна ці зняважліва паставіўся. А пасля наркозу я страціла прытомнасць. Пайшла ў прыбіральню, павалілася, пабіла галаву аб ракавіну. Туды сабраліся медсястрычкі, даставалі мяне. На наступны дзень мне таксама было блага. Я пайшла на перавязку, а перавязачны кабінет быў насупраць палаты, літаральна пара метраў. Мне апрацавалі швы, наклеілі пластыр, і тут я кажу, што галава кружыцца. Тут жа лекарка прывозіць вазочак, саджае мяне, вязе літаральна два метры і ў палаце пад ручанькі ўкладае на ложак. І да аперацыйнай я ехала на вазочку, хаця казала, што мне нармальна і нагамі дайсці. А яны: «Не, мы вас павязем. Як вам лепей: лежачы, седзячы? Спінай наперад везці ці тварам?».

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Яшчэ Кацярыну вельмі здзівіла і кранула стаўленне медыкаў перад самай аперацыяй. У аперацыйнай зале было халодна, але для камфорту пацыентам стол там усталяваны з падагрэвам.

«Я ўкладаюся на гэты стол, раскідваю рукі, а лекарка просіць мяне пацярпець пару секундаў, што рукам будзе халодна. Нібыта прабачаецца за такую акалічнасць», – дзівіцца Ваданосава.

Лекары нават намагаліся вырашыць, як падчас хіміятэрапіі захаваць валасы пацыентцы, прыдумалі выкарыстоўваць ледзяны шлем. Але аказалася, што сеансаў будзе так шмат, што той шлем можа нашкодзіць.

Кожная такая чалавечая рэакцыя з боку службаў не перастае здзіўляць нашу суразмоўцу. Праз хваробу і лякарні яна не паспела падаць дакументаў на працяг страхоўкі па міжнароднай абароне, то супрацоўнік сацыяльнай службы паклікаў калег, і яны разам вылічвалі дні, што Кацярына правяла ў шпіталі, каб аднавіць ёй страхоўку, падрыхтавалі ліст:

«Лекавацца ад раку за свой кошт – гэта вельмі дорага. Яны намагаліся прыдумаць, як мне захаваць забеспячэнне і нават атрымаць нейкія выплаты. Я такога не ўяўляю, каб ты ў Беларусі прыйшоў у нейкую службу, і там чалавек дзеля тваіх інтарэсаў марнаваў свой час і на іншай мове табе нешта спрабаваў патлумачыць, што ён зробіць, каб табе было лягчэй».

Што далей?

Кацярына перад хіміятэрапіяй вырашыла наведаць сяброў ва Вроцлаве, і прывезла адтуль кошык. Выглядае, што ў пані поўна планаў на будучыню. Але яна прызнаецца, што трымацца ёй даволі складана.

«Не тое каб у мяне ёсць планы. Я проста разумею, што мне нельга здавацца. Але насамрэч мяне так дастала быць моцнай. Гэта папулярны каментар, калі мне пішуць: «Кацярына, вы такая моцная». А гэта ні халеры не камплімент, гэта заганяе мяне ў яшчэ большую дэпрэсію. Мне вельмі цяжка быць моцнай. Іншая справа, што ніхто не можа мне дапамагчы, ёсць толькі я і лекары. Кацярына Пытлева піша, што гэта – ейная вайна. Для мяне – гэта не вайна, а бяссілле і боль. У вайне ёсць нейкая ўзрушанасць, калі ты можаш сілкавацца гэтымі эмоцыямі. У мяне няма нейкага адрэналіну, і аптымізму вялікага таксама няма. Але трэба яго неяк знаходзіць», – прызнаецца нашая суразмоўца.

Яна распавяла, што быў выпадак, калі яе запрашалі весці канцэрт у лістападзе, а калі Каця распавяла, што ў гэты час яна будзе лысая, без броваў і пазногцяў, то ёй далікатна сказалі: «Мы вам ператэлефануем».

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Незалежна ад сябе я губляю сябе. І гэта вельмі цяжка. Гэта не толькі валасы, пазногці і скура. Гэта час жыцця. Я ў тым ліку гандлюю сваёй знешнасцю, такая праца. І з аднаго боку, я не магу кінуць працу, бо няма такой опцыі, а з другога, я не ведаю, як тую працу рабіць, быць запатрабаванай у гэтым стане. І я не ведаю, колькі часу гэта забярэ. Вельмі горка і балюча», – дзеліцца сваімі перажываннямі Кацярына.

Пра рак з дзецьмі яна не размаўляе, хаця, падаецца, яны самі разумеюць, што адбываецца, нават калі не ўсведамляюць сітуацыі да канца.

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў