Прагноз: праз пяць гадоў жытло ў Менску патаннее. Але ёсць некалькі ўмоваў

Цыкл будаўніцтва жылога дому – да трох гадоў. Вялікія жылыя комплексы могуць будавацца і больш за 10 гадоў (Новая Баравая таму прыклад – комплекс на 20 тысяч кватэр пачалі будаваць у 2014-м). Але Новая Баравая – усё яшчэ вёска Копішча. Паглядзім, якія аб’ёмы заяўленыя на бліжэйшыя гады ў Менску.

1. «Менск Свет» («Minsk World»). Пабудавана каля паловы ад запланаваных 3 млн квадратных метраў. У год у эксплуатацыю ўводзяць крыху менш за 400 квадратных метраў. Калі тэмпы не знізяцца, жылая частка мегараёну будзе дабудаваная на працягу пяцігодкі. Гэта плюс 27 тысяч кватэр.

Фота ілюстрацыйнага характару.
Фота: minskworld.by

2. «Паўночны Бераг». Жыллё тут будаваць не пачалі, але напэўна пачнуць. Па планах, да канца 2027 года будзе пабудавана больш за 1 млн квадратных метраў жылля, гэта амаль 16 тысяч кватэр. Усяго на тэрыторыі «Паўночнага берагу» да 2040-га запланавана 89 768 кватэр.

3. Дзяржаўныя забудоўнікі будуць будаваць новыя мікрараёны – Масюкоўшчына- 3 і 4. Там запланавана больш за 3,5 тысяч кватэр. У пяцігодку павінны ўкласціся.

4. «Лявада» пабудаваная напалову, прырасце яшчэ на 2 тысячы кватэр.

5. Ужо будуецца пакуль безназоўны ЖК у Сухарава, забудоўнік – Стромінвест. Дадасць у скарбонку не менш за 2, 5 тысячы кватэр.

6. У Сухарава ж МАПІД павінен будаваць новы ЖК на 15 дзесяціпавярховікаў. Плануе пабудаваць 112 квадратных метраў жылля, гэта каля 1,8 тысячы кватэр.

7. Грушаўка за пяцігодку павінна прырасці жылым комплексам «Квартал на Грушаўцы», некалькімі дамамі ад УКБ Захад – камерцыйнымі і для чаргавікоў, дабудуюць ЖК «Гранд Авеню», «Менскі квартал». Гэта ўсё – плюс 3 тысячы кватэр.

8. Не забываем пра невялікія па колькасці квадратных метраў жылыя комплексы, якія ўжо ўзводзяць або пачнуць у бліжэйшы год узводзіць дзяржаўныя забудоўнікі – на Прытыцкага, на Волгаградскай, на Андрэеўскай, на Сямашка, Прылуцкай, Курганнай, Парніковай і гэтак далей. Там па 400–1200 кватэр у кожным, разам – 4,5 тысячы кватэр.

9. Памятаем, што ёсць аб’ёмы Лошыцы з Чыжоўкай – гэтыя мікрараёны будуюцца для чаргавікоў. І яны рэальна будуюцца, за пяць гадоў дададуць у абʼёме не менш за 15 тысяч кватэр.

У выніку? Калі ўсе планы гораду ажыццявяцца, у Менску пабудуюць за пяць гадоў 75 тысяч кватэр. Гэта жыллё для 225 тысяч чалавек.

Людзей без жылля ў Менску становіцца менш

Цяпер у Менску чаргавікоў – 179 тысяч. Ясна, што купляць пабудаванае будуць не толькі чаргавікі, але і гэтая катэгорыя скароціцца.

За апошнія 10 гадоў колькасць людзей, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў у Менску ўжо скарацілася на 100 тысяч. Зразумела, што нехта пабудаваўся. Але іншая цікавая лічба. «Са складу чаргі людзі выбываюць у выніку штогадовай зверкі, якая праводзіцца ўсімі адміністрацыямі раёнаў з лютага па май. Падставы для зняцця з уліку: паляпшэнне жыллёвых умоваў, пераезд у іншы населены пункт, або калі забяспечанасць жыллём у выніку выбыцця членаў сям’і перавысіла неабходны мінімум. У 2022 годзе знялі з уліку каля 11,5 тыс. семʼяў». Гэта дадзеныя начальніка ўпраўлення жыллёвай палітыкі Менгарвыканкаму Алены Лукашэвіч.

Да выбыцця члена сямʼі адносіцца і смерць члена сямʼі. Растлумачу на прыкладзе. У двухпакаёвай старой 47-метровай кватэры жылі чатыры чалавекі і стаялі на чарзе з моманту, калі на кожнага па нарматывах належала па 15 квадратных метраў. Адзін член сямʼі памёр. Цяпер на кожнага прыпадае больш за 15 квадратных метраў. Цяпер у Менску дзейнічае іншы нарматыў для пастаноўкі на чаргу – менш за 10 квадратных метраў на чалавека.

Так што па мерках дзяржавы сямʼя з трох чалавек, якая пражывае ў 47-метровай кватэры, не тое што не мае патрэбы ў дадатковым жыллі – яна больш чым забяспечаная.

За кадрам застаецца яшчэ адзін нюанс. Колькасць насельніцтва Менску зніжаецца. На 1 студзеня 2022 года ў сталіцы пражывала 1 996 553 чалавекі, звестак на 1 студзеня 2023 года пакуль няма, але ёсць у Белстату іншая лічба: у эканоміцы Менску за год стала на 34 тысячы менш задзейнічаных. Паколькі пра масавыя звальненні не было чуваць, можна меркаваць, што гэтыя людзі (самі, з жонкамі і дзецьмі) проста зʼехалі.

Фота ілюстрацыйнага характару.
Фота: Kutredrig / easyfotostock / East News

Адток найбольш якасных і плацежаздольных «чалавечых рэсурсаў» пры нізкай нараджальнасці і невысокай працягласці жыцця вядзе да таго, што тых, хто мае патрэбу ў жыллі, будзе станавіцца з кожным годам усё менш. Ці выратуюць сітуацыю людзі, якія едуць з рэгіёнаў у Менск? Напэўна будуць часткова зніжаць ціск.

Але да 2029 году, падобна, паўстане пытанне: а для каго будаваць? Для каго дабудоўваць высотны «Паўночны Бераг», калі ўсе, хто хоць трохі зарабляе, з жыллём? Цэны на кватэры знізяцца. Пабачым хрушчоўкі ў Заводскім раёне па 500. Пабачым пераборлівых людзей з грашыма – навошта купляць нешта ў высакашчыльным раёне, калі ёсць малапавярховае жыллё? Рынак жылля сур’ёзна зменіцца. Кватэры абсалютна дакладна стануць больш даступнымі.

Зрэшты, гэты сцэнар рэалізуецца пры двух умовах: заяўленае на гэтую пяцігодку сапраўды будзе дабудавана; у краіне не здарыцца пераменаў, якія дазволяць вярнуцца дзясяткам тысяч семʼяў, якія зʼехалі, і ператвораць Менск у бяспечны горад, дзе ёсць перспектывы.

/ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў