У сталіцы Швецыі 2–3 снежня праходзіць паседжанне Рады міністраў замежных справаў Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе. Беларусь там рэпрэзентуе Уладзімір Макей.
Зусім нядаўна хадзілі чуткі, што Уладзімір Макей трапіць пад новыя санкцыі Еўразвязу. Але ў выніку пад новымі санкцыямі, як сцвярджаюць у медыях, з Міністэрства замежных справаў будзе толькі прэс-сакратар.
Макей жа пакуль фатаграфуецца з міністаркаю замежных справаў Швецыі (на наступны дзень пасля сустрэчы Святланы Ціханоўскай з новаю прэм’ер-міністаркаю Швецыі) і ўсімі міністрамі разам, размаўляе з Генеральным сакратаром АБСЕ (з якім Ціханоўская размаўляла на дзень раней) і міністрам замежных справаў Вугоршчыны.
Чаго можа дасягнуць Макей на гэтым саміце? «Белсат» спытаў пра гэта Уладзіміра Астапенку – дыпламата, які быў амбасадарам Беларусі ў Аргентыне, Уругваі, Перу і Парагваі, да таго на Кубе, яшчэ раней – у Нідэрландах, а ў пачатку 1990-х быў намеснікам міністра замежных справаў Беларусі. Цяпер Астапенка – адказны за шматбаковую дыпламатыю ў Народным антыкрызісным упраўленні.
Дакладнай інфармацыі, што Макей збіраецца рабіць у Стакгольме, няма, кажа дыпламат. Але расказвае: цяпер у Стакгольме адбываецца «стандартная» міністэрская канферэнцыя, як і штогод.
«Рашэнні будуць класічныя, як АБСЕ звычайна прымае: зацвердзяць даклады, зацвердзяць бюджэт. Усё, што трэба, будуць прымаць кансэнсусам, – расказвае пра канферэнцыю Астапенка. – Будзе там Макей ці не будзе, рашэнні будуць прынятыя незалежна ад яго.
Я так разумею, што ён, з аднога боку, выслухае ад замежных калегаў шмат крытыкі. З другога боку, можа, будзе планаваць нейкія двухбаковыя сустрэчы: з казахамі, кіргізамі, партугальцамі, брытанцамі – не ведаю, што ў яго атрымаецца. Мяркую, што не так шмат будзе ахвочых з ім сустракацца. Хаця, зноў жа, можа, хтосьці захоча з ім спецыяльна сустрэцца, каб давесці глыбокую заклапочанасць пра сітуацыю з правамі чалавека».
Двухбаковыя сустрэчы падчас такой падзеі бываюць і публічныя, і непублічныя, дадае ён. Захоўваецца інтрыга, ці пойдзе Захад на кантакты з Макеем.
Пакуль жа адзіны міністр з краіны Еўразвязу, з якім сустрэўся Макей, гэта міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта. Паводле МЗС Беларусі, Макей размаўляў з ім пра «перспектывы двухбаковай кааперацыі, падыходы да цяперашніх выклікаў у рэгіянальных і міжнародных справах».
Сам Сіятра расказаў на Facebook пра размову пра іншае. Паводле яго, ён сустрэўся з Макеем, бо «выкарыстанне міграцыйнага ціску на іншыя краіны і выкарыстанне мігрантаў як гібрыднай зброі непрымальнае», але «камунікацыйныя каналы трэба падтрымліваць, бо без іх не будзе вырашэння».
Сіятра нагадаў, што Вугоршчына сутыкнулася з выклікам масавай нелегальнай міграцыі ў 2015 годзе і прыняла адназначнае рашэнне: спыніла нелегальнае пранікненне мігрантаў. З таго часу Вугоршчына збудавала плот і спыніла на паўднёвай мяжы 110 тысяч мігрантаў, якія хацелі трапіць у краіну незаконна. Сітуацыя ў Афганістане, дадаў ён, стварае рызыку выбуху новых міграцыйных хваляў, цяжэйшых за ўсе ранейшыя.
«Таму мы зацікаўленыя ва ўзмацненні аховы нашых межаў, будзе важна адсунуць нашыя лініі абароны так далёка, як магчыма», – тлумачыць Сіярта.
Палітык піша, што Вугоршчына падтрымлівае Польшчу і краіны Балтыі, але крытыкуе ідэю міграцыйных квотаў Еўразвязу, падтрымку «праміграцыйных» няўрадавых арганізацыяў і асуджэнне дзеянняў Вугоршчыны на яе межах.
Менавіта на паседжанні Макей дакладна не сустрэнецца з Ціханоўскай: яе не запрашалі ў раду міністраў замежных справаў.
Проста на вуліцах Стакгольму яны тэарэтычна могуць сустрэцца, але ці стануць размаўляць? Астапенка адказвае пытаннем: «А калі б вы сустрэліся з Макеем, вы б паразмаўлялі?»
«Пакуль нейкіх падставаў, каб весці грунтоўны дыялог, мы не бачым, – кажа Астапенка пра тэарэтычна магчымую сустрэчу Ціханоўскай з Макеем. – Яшчэ трэба чакаць, каб нешта адбылося, каб атрымаць дадатковыя імпульсы».
АА belsat.eu