Латвія не стала забараняць беларускія нумары на машынах – пад забаронаю толькі расейскія


Сейм Латвіі 2 лістапада прыняў папраўкі ў закон «Аб дарожным руху»: з 14 лютага 2024 года ў Латвіі нельга будзе ездзіць на машынах з расейскімі нумарамі, піша Lsm.lv. Як і прасіў Офіс Святланы Ціханоўскай, закон не сталі пашыраць на беларускія нумары.

«Rolls Royce» з латвійскім нумарам
Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Rolls Royce» з латышскім нумарам.
Фота: Sludge G / Flickr, CC BY-SA 2.0 DEED

Закон, што забараняе расейскія нумары, набудзе моц 15 лістапада, але новыя нормы набудуць моц толькі праз тры месяцы. Да 14 лютага 2024 года ўладальнікі машынаў на расейскіх нумарах могуць перарэгістравацца на нумары Латвіі або вывезці машыну ў іншую краіну.

Тым, хто пасля 14 лютага наступнага года будзе ездзіць у Латвіі з расейскімі нумарамі, пагражаюць штрафы ад 750 да 2000 еўра і нават канфіскацыя аўтаў з наступнай іх перадачай Украіне.

Еўракамісія яшчэ ў верасні пастанавіла забараніць завоз у Еўразвяз шэрагу рэчаў з Расеі: пад забарону могуць трапіць нават асабістыя машыны, лічбавая тэхніка накшталт ноўтбукаў і тэлефонаў, касметыка, валізы, каштоўныя камяні і іншае. Як дакладна рэалізоўваць гэтыя санкцыі, кожная краіна мусіць вызначыць сама. Польшча, краіны Балтыі і некаторыя іншыя краіны пастанавілі, што забароняць заезд машынаў на расейскіх нумарах.

Прадстаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай у кастрычніку сустракаліся з дэпутатамі Сейму Латвіі з групы «За дэмакратычную Беларусь» і прасілі, каб абмежаванне не пашыралі на беларускія нумары.

Сейм у выніку сапраўды не падтрымаў прапановы забараніць яшчэ і беларускія нумары. Дэпутат Яніс Вітэнбэргс адзначыў, што ўладальнікі машынаў на расейскіх нумарах могуць выехаць у Беларусь і перарэгістравацца на беларускія.

Hавiны
Аўта з расейскай рэгістрацыяй пры ўездзе ў Літву можа быць канфіскаванае
2023.09.12 17:25

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў