Амністыя або новыя рэпрэсіі? Што рыхтуе Лукашэнка на 17 верасня


Падчас 4-гадзіннай прамовы перад школьнікамі Аляксандр Лукашэнка анансаваў нейкія важныя рашэнні, якія будуць прымеркаваныя да так званага «Дня народнага адзінства». Belsat.eu разважае, што рэжым можа рыхтаваць да 17 верасня.

Аляксандр Лукашэнка падчас 4-гадзіннай прамовы перад школьнікамі ў Палацы Незалежнасці. Менск, Беларусь. 1 верасня 2022 года.
Фота: president.gov.by

Падчас выступу 1 верасня Лукашэнка згадаў пра «беглых», якія «рванулі за мяжу».

«А вы ведаеце, колькі назад цяпер просіцца? Мы ім не закрывалі ўезду. Але яны баяцца вярнуцца – некаторыя, што накасячылі, бо з законам непарадак. А раптам з іх спытаюць? У найбліжэйшы час я адкажу на гэтае пытанне. Якраз 17 верасня – Дзень народнага адзінства – блізка. Мы разглядзім некаторыя пытанні. Не хачу загадзя анансаваць. І прымем адпаведнае рашэнне. Але гэта прымем мы на сваёй зямлі», – падкрэсліў ён.

Зразумела, што ідзецца пра нейкае рашэнне датычна іншадумцаў, апанентаў рэжыму. Але пра канкрэтны змест рашэння можна толькі здагадвацца. Некаторыя пабачылі ў гэтым намёк на рыхтаванне амністыі, а некаторыя – наадварот, анансаванне новых рэпрэсіўных захадаў.

Вызваленне палітвязняў?

Сам факт таго, што Лукашэнка хоча прымеркаваць сваё рашэнне да 17 верасня, сведчыць на карысць версіі, што рыхтуюцца паслабленні, прынамсі фармальныя, кропкавыя. Магчыма, маецца на ўвазе палітычная амністыя.

Традыцыя прымяркоўваць амністыю да дзяржаўных святаў мае даўнюю гісторыю і цягнецца яшчэ з савецкага часу. Усе апошнія амністыі менавіта паводле такога сцэнара і праходзілі: у 2019 годзе яе праводзілі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад немцаў, у 2020 годзе – у сувязі 75-годдзем перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Праўда, амністыю ў Беларусі заўсёды выкарыстоўвалі як механізм вызваленне вязняў, якія трапілі ў турму за звычайныя крымінальныя справы, а не за палітыку.

Летась, з падачы Юрыя Васкрасенскага, вельмі актыўна распаўсюджваліся чуткі менавіта пра палітычную амністыю, якая магла датычыць 650 палітычных вязняў. Але амністыю (паводле чутак, яе рыхтавалі на 3 ліпеня) так і не зацвердзілі, што Васкрасенскі тады патлумачыў ціскам Захаду на афіцыйны Менск і пазіцыяй сілавых ведамстваў. Пасля гэтага размовы пра вызваленне палітвязняў вяліся выключна ў кантэксце памілавання.

Белорусы провели акцию у посольства Беларуси в Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Сапраўды, для вызвалення палітвязняў рэжым Лукашэнкі звычайна звяртаўся да працэдуры памілавання. Часта на палітвязняў у турмах і калоніях ціснулі, каб дабіцца ад іх прашэння на імя Лукашэнкі з прызнаннем віны. Гэта адбывалася ў Беларусі і ў 2021 годзе. Паводле таго ж Васкрасенскага, на пачатак верасня ўжо каля 200 палітвязняў пагадзіліся напісаць прашэнне аб памілаванні. Але да масавага вызвалення людзей з турмаў гэта не прывяло. Лукашэнка абмежаваўся памілаваннем 13 палітычных вязняў напярэдадні Дня народнага адзінства, 17 верасня 2021 года. Большасць з іх адбывалі пакаранне на «хіміі», а некаторых нават не цалкам вызвалілі, а проста змякчылі пакаранне (калонію на «хімію», «хімію» на «хатнюю хімію»).

Яшчэ адно кропкавае памілаванне было абвешчана «асаблівым актам гуманізму ў сувязі са святкаваннем 8 сакавіка»: 9 сакавіка 2022 года з гомельскай жаночай калоніі вызвалілі чатырох палітзняволеных. Іншыя кропкавыя выпадкі памілавання палітычных вязняў (Наталля Хершэ і справа Прэс-клубу) да нейкіх святочных датаў не прымяркоўваліся.

Цікава, што анансаванне Лукашэнкам рашэнняў да Дня народнага адзінства адбылося ў той жа дзень, калі прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў абвесціў амністыю ў дачыненні шараговых удзельнікаў студзеньскіх падзеяў 2022 года.

Амністыя для палітэмігрантаў?

Але не факт, што заява Лукашэнкі наогул датычыла палітзняволеных: ён казаў пра рашэнні на 17 верасня ў кантэксце лёсу «беглых», якія «рванулі за мяжу».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Да тэмы палітэмігрантаў Лукашэнка звяртаецца не ўпершыню. У чэрвені ён заявіў, што нібыта 95 % тых, хто з’ехаў, хоча вярнуцца. Але акрамя турмы ён нічога палітэмігрантам не прапанаваў. «95 % вярнуліся б. Я не супраць: хто ў турму, хто куды – хто што заслужыў. Трэба вяртацца. Вы там не прыжывяцеся», – адзначыў ён.

Раней, у студзені, падчас звароту да Нацыянальнага сходу параіў палітэмігрантам вяртацца ў Беларусь і «каяцца на каленях».

«Далей будзе горш. Таму дадому, на каленях, паўзком!» – заявіў тады ён.

Заклікі вяртацца і каяцца перыядычна распаўсюджвалі і падкантрольныя спецслужбам тэлеграм-каналы. Нават была абвешчана ініцыятыва «Дарога дадому», у межах якой «расчараваным» палітэмігрантам прапаноўвалася пісаць на электронную пошту і абмяркоўваць умовы вяртання. Як распавядалі DW прадстаўнікі ініцыятывы, адной з умоваў бяспечнага вяртання на радзіму ёсць выступ у дзяржаўных СМІ са сваёй гісторыя ўцёкаў і вяртання.

Калі ў сваім выступе 1 верасня Лукашэнка ўсё ж меў на ўвазе амністыю ў той ці іншай форме, то нельга выключаць, што яна мае датычыць толькі палітэмігрантаў. Прыклады такой амністыі можна знайсці ў савецкай гісторыі, якой любіць натхняцца рэжым Лукашэнкі.

Так, у лістападзе 1921 года да чацвертай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі савецкі ўрад прымеркаваў амністыю для асобнай катэгорыі грамадзянаў, якія былі «шляхам падману або гвалтоўна ўцягнутыя ў барацьбу супраць савецкай улады». Амністыя спачатку датычыла толькі тых шараговых удзельнікаў антысавецкіх фармаванняў, што перабывалі ў суседніх дзяржавах (Польшча, Эстонія, Літва, Латвія, Румынія), а потым была распаўсюджана і на іншыя краіны. На падставе гэтай амністыі на радзіму вярнуліся тысячы людзей.

Рэпатрыянты запаўнялі велізарную анкету, у якой мусілі падрабязна распавесці пра свае перакананні, што рабілі падчас рэвалюцыі і чаму былі супраць бальшавікоў. Па вяртанні на радзіму яны ставіліся на ўлік у НКВД і атрымлівалі даведку, што «за службу ў белых арміях суду і пакаранню на падлягаюць». Ад рэпрэсіяў 30-х гадоў гэтая паперка, натуральна, абараніць іх не магла.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Важна таксама адзначыць, што савецкая амністыя прымалася адначасова з масавым пазбаўленнем палітэмігрантаў грамадзянства пастановай ад 15 снежня 1921 года. Гэта якраз мусіла прастымуляваць людзей, што заставаліся за мяжой без дакументаў, да вяртання ў Савецкую Расею паводле амністыі.

Пазбаўленне грамадзянства?

Размовы пра пазбаўлення іншадумцаў грамадзянства вядуцца ў Беларусі з 2021 года. У кастрычніку начальнік аддзелу ГУБАЗіК МУС Вячаслаў Арлоўскі прапанаваў пазбаўляць беларускага грамадзянства асобаў, прызнаных вінаватымі ў экстрэмізме, тэрарызме або злачынствах, якія прычыняюць шкоду інтарэсам Беларусі.

«Людзі, якія збеглі з нашай краіны, ненавідзяць яе і сёння працуюць у інтарэсах заходніх краінаў, не павінны мець права называцца беларусамі, – заявіў прадстаўнік ГУБАЗіК. – Калі яны адвярнуліся ад краіны, чаму краіна не можа адвярнуцца ад іх? У выніку яны не змогуць прыехаць у Беларусь у свабодным парадку, не змогуць удзельнічаць у электаральных працэсах, грамадска-палітычным жыцці дзяржавы».

У ліпені 2022 года ў Савеце Рэспублікі абмяркоўваўся праект зменаў у закон «Аб грамадзянстве». У гэтым дакуменце дзеля «нацыянальнай бяспекі і стабільнасці грамадска-палітычнай сістэмы» прапаноўваецца пазбаўляць грамадзянства тых, хто браў удзел «у экстрэмісцкай дзейнасці» або прычыніў «цяжкую шкоду інтарэсам дзяржавы», калі такая асоба застаецца за межамі Рэспублікі Беларусь.

Праўда, у агучаных прапановах адзначалася, што гэта датычыць толькі тых, у дачыненні каго быў вынесены судовы вырак. Да таго ж з афіцыйнай інфармацыі было незразумела, каго можа закрануць страта грамадзянства: толькі натуралізаваных грамадзянаў або ўсіх беларусаў. У другім выпадку гэта будзе наўпрост супярэчыць Канстытуцыі.

Аналітыка
Улады Беларусі зноў задумалі пазбаўляць грамадзянства сваіх апанентаў. Каго і навошта?
2022.07.07 11:07

Тэарэтычна нельга выключаць, што рашэнні, анансаваныя на 17 верасня, будуць звязаныя з рэалізацыяй ідэі пазбаўляць грамадзянства беларускіх палітэмігрантаў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў