Лукашэнка загадаў навесці парадак у медыцыне: разабрацца з недахопам медыкаў і заробкамі


Аляксандр Лукашэнка 2 чэрвеня падпісаў распараджэнне «Аб павышэнні эфектыўнасці працы сістэмы аховы здароўя», паведамляе БелТА. Гэтым распараджэннем ён перадаў «канкрэтныя даручэнні аб навядзенні парадку ва ўстановах аховы здароўя ўсіх узроўняў, стварэнні ўмоваў для аказання якаснай медычнай дапамогі насельніцтву».

Скорая медицинская помощь, 103, неотложная помощь, медпомощь, Минск, Беларусь
Прыёмнае аддзяленне лякарні хуткай медычнай дапамогі.
Фота: Белсат

Дакумент – вынік нарады з медыкамі, якая адбылася 23 траўня. Тады Лукашэнка зладзіў разнос сваім чыноўнікам за якасць медыцыны ў рэгіёнах і запатрабаваў разабрацца з медыкамі-мэтавікамі.

Цяпер старшыні мясцовых органаў улады персанальна адказваюць за санітарна-тэхнічны стан будынкаў і пабудоваў установаў аховы здароўя.

Міністэрства аховы здароўя павінна перагледзець законы, якія рэгулююць медычную і фармацэўтычную дзейнасць, наданне платных медычных паслуг. У прыватнасці, паводле распараджэння, неабходна наладзіць парадак дыспансерызацыі насельніцтва, скараціць тэрміны чакання высокатэхналагічных аператыўных умяшанняў і дыягнастычных даследаванняў.

Даручана прыняць захады для развязання праблемы недахопу медыкаў, асабліва ў сельскай мясцовасці, павышэння якасці іх рыхтавання і замацавання на рабочых месцах. Будзе перагледжаны парадак налічэння заробку медработнікам з павелічэннем долі службовага акладу.

Таксама дадзенае ўказанне распрацаваць новыя запатрабаваныя медыкаменты, павялічыць аб’ёмы вытворчасці і пашырыць наменклатуру айчынных лекавых прэпаратаў, а таксама ўдасканаліць сістэму кіравання фармацэўтычнай галіной.

Міжведамасная працоўная група да канца года павінна прадоўжыць правяранне сістэмы аховы здароўя, у тым ліку ў праблемных пытаннях. Даклады пра вынікі працы павінны быць прэзентаваныя ў студзені 2024 года.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў