2 сакавіка адбылася тэлефонная размова Уладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта паведамілі ў Крамлі.
Паводле гэтай інфармацыі, прэзідэнт РФ яшчэ раз павіншаваў Аляксандра Лукашэнку «з паспяховым правядзеннем 25 лютага 2024 года парламенцкіх і мясцовых выбараў». Таксама бакі падрабязна абмеркавалі актуальныя пытанні далейшага развіцця «сяброўскіх расейска-беларускіх стасункаў, заснаваных на прынцыпах саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства, а таксама ключавыя аспекты міжнароднай абстаноўкі».
У «Пуле Первого» паведамілі, што Пуцін з Лукашэнкам размаўлялі «фундаментальна» каля гадзіны.
Як адзначаецца, апроч двухбаковых стасункаў яны абмеркавалі «праблематыку ў працы інтэграцыйных структур – Еўразійскага эканамічнага саюзу, АДКБ і іншых фарматаў», таксама найбольш актуальныя міжнародныя тэмы і сітуацыю ў рэгіёне, перспектывы яе развіцця.
Раней прэм’ер Арменіі Нікол Пашыньян заявіў, што ўдзел краіны ў АДКБ замарожаны. А спікер армянскага парламенту Ален Сіманян не выключыў магчымасці выхаду краіны з арганізацыі. Таксама, паводле яго, Арменія гатова стаць кандыдатам на сяброўства ў Еўрапейскім Звязе.
Якуб Хруст belsat.eu