Міністэрства прыроды Беларусі абвесціла ўльтыматум Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. Нагодай стала патрабаванне аднавіць рэгістрацыю грамадскай арганізацыі «Экадом», рашэнне аб чым было прынятае падчас сустрэчы бакоў Архускай канвенцыі. У гэтым рашэнні ліквідацыя «Экадому» прызнаецца пераследам і ціскам на НДА, піша «Зялёны партал».
У лісце, падпісаным Андрэем Худыкам, які адрасаваны выканаўчаму сакратару ЕЭК Вользе Алгаеравай, Беларусь пагражае распачаць працэдуру выйсця з Архускай канвенцыі, калі да 1 студзеня 2022 году рашэнне, прынятае на сустрэчы бакоў, не будзе адмененае.
У рашэнні краінаў-удзельніц Архускай канвенцыі ўтрымліваецца не толькі патрабаванне аднавіць рэгістрацыю «Экадому», але і спыніць пераслед экалагічных грамадскіх арганізацыяў і актывістаў у Беларусі. За рашэнне прагаласавалі 34 краіны, 4 выказаліся супраць. Беларусь заклікалі да 1 снежня прыняць крокі па аднаўленні «Экадому». Інакш з 1 лютага 2022 году ў дачыненні да Беларусі ўступіць у сілу прыпыненне асаблівых правоў і прывілеяў па Канвенцыі. Калі рэгістрацыю не адновяць, то Беларусь не зможа ўдзельнічаць у сустрэчах бакоў Архускай канвенцыі і галасаваць на іх, а таксама можа пазбавіцца доступу да міжнароднай дапамогі. Пра якія яшчэ санкцыі вядзецца гаворка, цяжка сказаць, бо гэта першы прэцэдэнт.
«Заява Беларусі пра намер выйсці з Канвенцыі прадстаўляецца шантажом органаў Канвенцыі. І выглядае дастаткова камічна, паколькі Беларусь у сваім лісце ўказвае, што была вымушана паставіць пытанне аб прыняцці Рашэння на галасаванне (хоць насамрэч гэта адбывалася не так), і калі вынікі галасавання яе не задаволілі (34 з 4), яна пераходзіць да пагрозаў», – каментуе сітуацыю экс-дырэктарка «Экадому» Марына Дубіна і зазначае, што ў сітуацыі прававога дэфолту «выхад краіны з міжнароднага пагаднення для грамадскасці сітуацыю кардынальна не змяняе».
У «Экадоме» перакананыя: адмены рашэння не будзе.
Архуская канвенцыя і звязаныя з ёй мерапрыемствы – гэта ледзь не апошнія форумы, на якіх еўрапейцы на роўных сустракаюцца і размаўляюць з прадстаўнікамі цяперашняй беларускай дзяржавы. Амаль усе астатнія сувязі ўжо абарваныя ўсур’ёз і да змены рэжыму.
«Паставіўшы ўльтыматум ААН, пагражаючы выйсцем з канвенцыі, міністр Худык вось-вось абарве і гэтую нітку. Тым самым не толькі нашкодзіць краіне, вырваўшы яе з еўрапейскай сістэмы экалагічнага права і практыкаў, але і падарве ўласныя апаратныя пазіцыі, як адказны за адзін з апошніх каналаў сувязі з Захадам», – кажа сябра Рады «Экадому» Ірына Сухій.
«Экадом» – старэйшая экалагічная арганізацыя Беларусі, ліквідаваная ў жніўні 2021 году паводле рашэння Вярхоўнага Суду.
Архуская канвенцыя – гэта канвенцыя Еўрапейскай Эканамічнай Камісіі ААН «Аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, якія датычаць навакольнага асяроддзя». Яна існуе з 1998 году, Беларусь ратыфікавала канвенцыю ў 2001 годзе.
Камітэт Архускай канвенцыі прыняў 4 паведамленні пра невыкананне канвенцыі:
– па будаўніцтве Нёманскай ГЭС
– па будаўніцтве Астравецкай АЭС
– па пераследу анціядзерных актывістаў у Беларусі ў рамках кампаніі па асвятленні будаўніцтва АЭС у 2017 годзе
– па будаўніцтве акумулятарнага заводу ў Берасці (2020 год)
ГГ, belsat.eu