На Балканах учора прагучала расейскае слова «дэнацыфікацыя». Сербія назвала дату, калі на яе «нападзе» Косава. Некаторыя баяліся пачатку буйной вайны – згадвалі нават, што Першая сусветная пачалася з Балканаў. Але ў той жа дзень канфлікт калі не залагодзіўся, то адклаўся. Тлумачым, што гэта за канфлікт.
Канфлікты на Балканах даўнія і складаныя. Гісторыю канфлікту вакол Косава можна адсачыць аж з сярэднявечча: з паразы сербскіх феадалаў ад асманскай імперыі ў бітве на Косавым полі ў 1389 годзе. Пасля таго як тэрыторыю сучаснага Косава заваявалі туркі, славяне сталі адыходзіць, а албанцы займаць іхнае месца.
Можна лічыць пачаткам канфлікту XIX стагоддзе, калі Асманская імперыя пачала слабнуць, а заваяваныя ёю народы – прагнуць незалежнасці. Можна згадаць выгнанне албанцаў з княстваў Сербіі ды Чарнагорыі ў 1877–78 гадах і разню сербаў у Косава ў 1901 годзе ды албанцаў у часе Балканскіх войнаў 1912–13 гадоў… Можна вінаваціць і кіраўніка сацыялістычнай Югаславіі Ёсыпа Броза Тыта, які не пераадолеў, а толькі замарозіў этнічныя канфлікты, і прэзідэнта Сербіі Слабодана Мілошэвіча, пры якім (або «дзякуючы» якому) канфлікты перараслі ў крывавыя грамадзянскія войны ў 1990-х. Адною з якіх была Косаўская вайна, у часе якой ваенныя злачынствы чынілі як сербы, так і албанцы.
Косаўская вайна скончылася ў 1999 годзе пасля бамбаванняў Югаславіі сіламі NATO (Расея іх асудзіла, але амаль не ўмешвалася). Армія Мілошэвіча пакінула Косава, на яе месца прыйшлі міратворцы KFOR пад кіраўніцтвам NATO, кантынгент дасягаў 50 тысячаў чалавек. Мілошэвіча судзілі як ваеннага злачынцу, але ён памёр да выраку Гаагскага трыбуналу ад сэрцавага спохвату.
Этнічныя канфлікты не спыніліся, але ўжо не перарасталі ў маштабную вайну. Агулам у югаслаўскіх войнах загінулі больш за 130 тысячаў чалавек, каля 4 мільёнаў сталіся ўцекачамі. Межы між дзяржавамі былой Югаславіі нібы ўсталяваліся, але народы ўсё яшчэ перамяшаныя, буйныя нацыянальныя меншасці застаюцца далёка за межамі «сваіх» дзяржаваў і з памяццю пра ваенныя злачынствы ўзроўню разні ў Бучы.
Сёння Косава – часткова прызнаная дзяржава са сталіцай у Прышціне, насельніцтвам каля 2 мільёнаў чалавек, з якіх 92 % – албанцы, 4 % – сербы. Яе вызнаюць незалежнай ад Сербіі 97 краінаў – сябраў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, у тым ліку большая частка Еўразвязу, ЗША, Канада, Вялікая Брытанія, Турэччына… Незалежнасці Косава, абвешчаную ў 2008 годзе, не прызнаюць Расея, Кітай, Індыя, Іспанія, Грэцыя, Украіна, Беларусь і яшчэ дзевяць дзясяткаў дзяржаваў – яны лічаць яе часткаю Сербіі.
Рэспубліка Косава населеная пераважна албанцамі (збольшага мусульманамі), але са значнай і нераўнаважна расселенай сербскаю меншасцю (пераважна праваслаўнымі). Бывае, як у Мітравіцы: на поўдзень ад ракі Ібар жывуць амаль выключна албанцы, а ў паўночнай частцы жывуць сербы са сваёй асобнай адміністрацыяй. У 2010-х узнікла і «заглухла» ідэя асацыяцыі сербскіх муніцыпалітэтаў у Косаве, каб 10 тэрыторыяў з пераважна сербскім насельніцтвам маглі дзеяць каардынавана. Рашэнні ўладаў Косава нярэдка выклікаюць незадаволенасць косаўскіх сербаў, некаторыя з якіх маюць сербскія пашпарты.
Хоць Сербія не прызнае незалежнасці Косава і лічыць рэспубліку «спрадвечна сербскімі землямі», але больш за дзесяць гадоў вядзе з косаўскімі ўладамі перамовы пра нармалізацыю стасункаў. Ды нармалізацыя ідзе не без правакацыяў. Паказальнаю была спроба аднавіць рух цягнікоў між сербскім Бялградам і Косаўскаю-Мітравіцай: абодва бакі пагадзіліся, усё падрыхтавалі – і з Бялграду пайшоў цягнік з надпісамі «Косава – гэта Сербія», які косаўцы не захацелі пускаць.
У Сербіі цяпер ва ўладзе папулісты, якія адначасова выступаюць і за далучэнне да Еўразвязу, і за цесныя стасункі з Расеяй. Шмат сербаў падтрымліваюць Уладзіміра Пуціна і любыя дзеянні Расеі, у тым ліку вайну з Украінаю. Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч працягнуў падтрымліваць Крэмль нават пасля таго, як Пуцін пакрыўдзіў яго параўнаннем косаўскай незалежнасці з правам на незалежнасць «ДНР» і «ЛНР».
У цяперашніх канфліктах на Балканах часта бачаць «руку Крамля» – як у спрэчках у Босніі і Герцагавіне, падзеленай на баснійскую і сербскую часткі. Расейскія дзяржаўныя медыі надавалі ўчорашняму канфлікту асаблівую ўвагу, прэс-сакратар Пуціна заявіў пра падтрыманне Расеяй Сербіі. Але цяперашні канфлікт адбыўся на фоне напружання між Кітаем і Злучанымі Штатамі, а Кітай падазравалі ў тым, што ён паспрабуе заняць месца Расеі ў Сербіі, пакуль Крэмль заняты вайною супраць Украіны.
Нагодаю да канфлікту 31 ліпеня сталася пастанова Косава, што з 1 жніўня на тэрыторыі краіны не будуць прымаць сербскіх дакументаў (і даваць адмысловых папераў накшталт візы ў тым ліку жыхарам Косава з сербскімі пашпартамі), а аўтамабілі з сербскімі нумарамі трэба будзе перарэгістраваць (у тым ліку жыхарам Косава, якія яшчэ маюць такія нумары). Косаўскія албанцы тлумачылі (як, напрыклад, у гэтым пасце на «Reddit»), што Сербія так ужо робіць адносна косаўскіх дакументаў, таму косаўскія ўлады проста прымаюць люстэркавыя захады.
31 ліпеня з невядомай прычыны загучалі сірэны ў населеных сербамі гарадах Косава. Паведамлялася, што ў сербскіх грамадах Косава хтосьці блакаваў дарогі і будаваў барыкады, на мяжы былі чуваць стрэлы.
Прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч заявіў увечары 31 ліпеня, што паліцыя Косава апоўначы пачне сілавую аперацыю супраць косаўскіх сербаў, а ў выпадку агрэсіўных дзеянняў супраць сербаў у Косава «Сербія пераможа».
«Прышцінскі рэжым спрабуе выстаўляць сябе ахвяраю, каб выкарыстаць настроі і разыграць карту пагрозы з боку міні-Пуціна», – сказаў Вучыч пра патэнцыйны канфлікт з Косава.
Украінцы адразу параўналі гэта з нападам Расеі 24 лютага ды заявамі ўладаў Расеі і Беларусі, што гэта з Украіны «рыхтаваўся напад». Топ-функцыянер кіроўнай Сербскай прагрэсіўнай партыі Владымір Джуканавіч заявіў у Twitter, што Сербія можа быць вымушаная распачаць «дэнацыфікацыю Балканаў». Гэта шмат хто зразумеў як цытаванне расейскіх наратываў. Дарэчы, сербскі нацыяналізм і да таго параўноўвалі з канцэпцыяй «русского мира».
Пакуль канфлікт не перарос у гарачы. Місія KFOR (а гэта некалькі тысяч вайскоўцаў з дзясяткаў краінаў) абвясціла, што гатовая ўмяшацца ў сітуацыю і будзе бараніць бяспеку ў Косаве. Улады Косава адклалі рашэнне пра забарону сербскіх дакументаў на 1 верасня пры ўмове зняцця барыкадаў.
Украінская экспертка-балканістка Марыя Гэлэцій у эфіры «Белсату» казала, што не чакае канфлікту, але патэнцыйны канфлікт – «вельмі добры падыход, каб раз’яднаць высілкі Еўрапейскага Звязу і ЗША ва ўрэгуляванні вайны ва Украіне, бо будзе вельмі складана дапамагаць і Украіне, і Косаву або нават цэлым Балканам».
На думку эксперткі, Расея зробіць «усё магчымае», каб канфлікт аднавіўся, але начное ўрэгуляванне канфлікту сведчыць, што і Косава, і краіны Захаду не хочуць канфлікту ды шукаюць шляхі, каб дамовіцца. Пакуль Расеі не ўдаецца расхістаць сітуацыі, мяркуе Марыя Гэлэцій, дый у Косаве ўсё яшчэ стаяць сілы NATO – KFOR.
«Мне здаецца, гэтага больш хочуць некаторыя дэпутаты і некаторыя чальцы ўраду Сербіі, а больш Расея, – разважае пра магчымы канфлікт экспертка. – Але разумееце, калі людзі пражываюць канфлікт і такія войны, як пражылі Балканы – і Сербія не выключэнне, яна таксама вельмі пацярпела праз вайну з Косава, – большасць людзей не хоча паўтараць гэтага досведу. Большасць людзей не хоча жыць у вайне. Гэта першае. Другое – шмат людзей на Балканах хочуць быць часткай Еўрапейскага Звязу».
Колькі войскаў у Сербіі ды якую зброю перадала Расея, ніхто дакладна не ведае, дадае Гэлэцій, але згадвае вайну ва Украіне і кажа, што цяпер на вынік вайны ўплывае не колькасць, а якасць зброі. У краінаў Захаду зброя больш дакладная – можа наносіць больш эфектыўныя ўдары, чымся расейская і сербская зброя. На думку эксперткі, нават калі пачнецца ўзброены канфлікт, войскі NATO хутка яго спыняць.
Алесь Наваборскі belsat.eu