«Рэжым баіцца змовы паміж сілавікамі». Вадзім Мажэйка пра ролю сілавікоў у Беларусі


Старшыня КДБ Іван Церцель заявіў, што сілавікі ягонага ведамства не будуць вагацца і настроеныя рашуча, каб выканаць загады Лукашэнкі. Словы гэткага кшталту кажуць і сілавікі іншых ведамстваў. Вадзім Мажэйка, каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение», у размове з «Белсатам» кажа, што роля сілавікоў у Беларусі з 2020 года значна вырасла. І гэта ёсць тыповай рысаю аўтакратыі.

Лукашэнка падчас сустрэчы.
Фота: president.gov.by

Кіраўнікі органаў бяспекі і спецыяльных службаў дзяржаваў – удзельніц СНД сабраліся ў Менску дзеля абмеркавання праблемаў і выклікаў, з якімі яны сутыкаюцца. У афіцыйных паведамленнях гаворыцца пра барацьбу з міжнародным тэрарызмам і гвалтоўнымі праявамі экстрэмізму, пра супрацьдзеянне кантрабандзе зброі ды наркотыкаў і інфармацыйна-псіхалагічнаму ўздзеянню ды распаўсюду непраўдзівай інфармацыі. У Беларусі «экстрэмізмам» улады называюць палітычную нелаяльнасць, часам да гэтага прыраўноўваюць і «тэрарызм». А роля сілавікоў у Беларусі значна павялічваецца.

Кіраўнікі сілавых ведамстваў, сярод якіх старшыня КДБ Іван Церцель ды кіраўнік МУС Іван Кубракоў, часта выступаюць са словамі, што гатовыя без ваганняў выканаць любы загад Лукашэнкі. Вадзім Мажэйка, каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение», кажа, што аўтакратыі ўвогуле абапіраюцца на спецслужбы, гэта рыса аўтарытарных рэжымаў з часоў Івана Грознага.

Hавiны
Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні праект закону аб народным апалчэнні
2023.05.31 13:54

Аўтакраты спрабуюць таксама абапірацца не на просты гвалт, але і на пэўную лаяльнасць насельніцтва, а яшчэ на прапаганду, пагрозы і страх. Але спецслужбы неабходныя, каб сачыць за людзьмі, а таксама гэта сілавы кампанент, так бы мовіць, апошні аргумент. Калі няма лаяльнасці, няма страху і не працуе прапаганда, застаюцца сілавікі, арышты і катаванні людзей.

«Роля спецслужбаў сапраўды ў Беларусі з 2020 года істотна вырасла. Мы бачым і з іхнай дзейнасці, бо сілавікі ўсё больш праяўляюць ініцыятыву, у тым ліку і колькасць карных захадаў істотна вырасла. У сваю чаргу, улады заахвочваюць дзейнасць сілавікоў», – кажа Вадзім Мажэйка.

Іван Церцель.
Фота: БелТА / belta.by

Пры гэтым самыя сілавікі становяцца ўсё часцей вышэйшымі за закон. Рэжымы маюць тры прычыны, каб не караць сваіх сілавікоў, тлумачыць суразмоўца «Белсату». Рэжым даводзіць ім, што ніхто за гвалт супраць мірных жыхароў іх не пакарае, што яны могуць парушаць закон з палітычных меркаванняў. І дзеля гэтага рэжым імкнецца нават заахвоціць прадстаўнікоў сілавых ведамстваў. Гэта праяўляецца ў іхным забеспячэнні. Ім даюць кватэры, яны раней выходзяць на пенсію.

«У выніку ствараецца сітуацыя, пры якой прадстаўнікі рэжыму прызвычайваюцца працаваць не паводле законаў і правілаў, але паводле сваіх нормаў. І відавочна, што ўся сістэма, сілавікі, рэжым парушаюць закон. І яны не могуць жыць паводле заканадаўства», – кажа эксперт.

Hавiны
Уладзімір Зяленскі: Беларусь – наступная пасля Украіны
2023.05.30 17:26

Адпаведна, парушэнне права ў аўтарытарным рэжыме не ёсць чымсьці вельмі важным. Таму пакуль сілавікі палітычна лаяльныя, іх не будуць караць, акрамя надзвычайных выпадкаў. Да таго ж варта, дадаць карпарацыйную салідарнасць, бо сілавікі часта самыя сябе «крышуюць», не хочуць сварыцца паміж сабою. А незалежнага кантролю проста няма, кажа Вадзім Мажэйка.

Іван Кубракоў выступае перад Лукашэнкам на паседжанні 6 верасня 2022 года.
Фота: president.gov.by

У выніку існаванне ў такой сістэме прыводзіць да таго, што сілавікі пачуваюцца беспакаранымі не толькі там, дзе існуе палітычны аспект, але і ў іншых справах. Эксперт узгадвае выпадак, калі высокапасадны міліцыянт страляў з пісталета ў падлеткаў. У той сітуацыі не было палітычнага падтэксту, гэта была побытавая сітуацыя. Але нават у гэтым выпадку выявілася, што сілавіку за злоўжыванне нічога не будзе.

«Гэта стварае праблему не толькі для грамадства, але і для аўтакратыяў. Гэта не дадае моцы для існавання сістэмы, стабільнасці. Калі на вуліцах ходзяць людзі, якія лічаць сябе вышэйшымі за ўсіх, вышэйшымі за закон, гэта фактычна толькі пытанне часу, калі адбудзецца вельмі непрыемны інцыдэнт, калі гэтыя асобы раззлуюць грамадства. Гэта патэнцыйна можа стаць трыгерам пратэстаў у Беларусі, калі з нейкай прычыны, не паводле палітыкі, нейкі сілавік перагне палку, гэта можа выклікаць народнае абурэнне і стаць праблемай існавання рэжыму», – лічыць каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение».

Лукашэнка ў пэўнай ступені разумее гэтую пагрозу, бо мы бачым, што ўлады штучна імкнуцца стварыць баланс паміж рознымі сілавікамі. Рэжым баіцца ўзнікнення моцнай сілы, баіцца змовы паміж сілавікамі, таму ствараюцца структуры, паўнамоцтвы якіх перасякацца і немагчыма нават вызначыць, якая з структураў важнейшая. Адных могуць наблізіць, а іншых адправіць у апалу. І потым змяніць гэта. Таму тут Лукашэнка паступае даволі тыпова, але дзеля сваёй карысці, тлумачыць суразмоўца «Белсату». У выніку сілавыя структуры занятыя змаганнем паміж сабою, але пры гэтым яны працуюць нашмат меней эфектыўна ў звычайным, цывільным, сэнсе.

Каментар
Лукашэнка зноў не памёр. Чаму ягонае здароўе выклікае столькі чутак?
2023.05.29 17:23

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў