«Некаторых запчастак увогуле не існуе». Тэхрэгламент Мытнага звязу забароніць рамантаваць аўтамабілі


Еўразійская эканамічная камісія ўнесла шэраг зменаў у Тэхнічны рэгламент Мытнага звязу ў справе бяспекі колавых транспартных сродкаў. Змены, якія ўступяць у сілу з 31 жніўня бягучага году, істотна закрануць аўтаўладальнікаў, уласнікаў аўтасэрвісаў і аўтаразборак. Бо сярод зменаў значыцца забарона паўторнага выкарыстання дэталяў. То бок бэўшныя запчасткі нельга будзе паставіць.

Змены ў Тэхрэгламенце Мытнага звязу аб бяспецы колавых транспартных сродкаў уступяць у сілу па заканчэнні 180 дзён з даты апублікавання. На сайце ЕАЭС дакумент апублікавалі 4 сакавіка. Еўразійская эканамічная камісія абгрунтоўвае неабходнасць зменаў з мэтай прывесці бяспеку аўтатранспарту ў адпаведнасці з правіламі Ещрапейскай эканамічнай камісіі ААН. Значная частка дакументу прысвечана абсталяванню і тэхнічным нормам аўтамабіляў хуткай дапамогі, аўтобусам, якія перавозяць дзяцей, аўтамабіляў працаўнікоў МУС, лесавозам, грузавой тэхнікі.

Сальда
Улады ўзяліся за аўтасервісы
2016.04.08 16:37

А вось для ўласнікаў аўтамабіляў найбольш істотным з’яўляецца прыкладанне пад нумарам 21. У гэтай частцы пералічваюцца кампаненты, паўторнае выкарыстанне якіх не дапускаецца.

Аўтары дакументу лічаць, што падушкі бяспекі, пасы бяспекі, сядзенні, механізмы сістэмы рулявога кіравання, механізмы тармазной сістэмы, іммабілізатары і абсталяванне для сілкавання рухавікоў з газам паўторна не могуць выкарыстоўвацца. То бок, калі хтосьці захоча выкарыстаць бэўшныя дэталі, зрабіць гэтага не зможа.

«Гэта чарговая лухта, якая не будзе працаваць. Ёсць аўтамабілі, на якія новыя запчасткі немагчыма набыць. На рынку проста няма новых запчастак», – выказвае сваё меркаванне ў размове з «Белсатам» прадстаўнік аднаго з менскіх аўтасэрвісаў.

Прадпрымальнік звяртае ўвагу, што, напрыклад, рулявая рэйка ці супарты на тармазную сістэму або нейкія іншыя механізмы часта рамантуюцца і потым выкарыстоўваюцц. Робіцца гэта з увагі на кошты. Розніца паміж ужываным механізмам і новым камплектам – ледзь не ў дзясяткі разоў. Таму, лічаць у аўтасэрвісах, новаўвядзенне можа ўдарыць па гаманцам аўтаўладальнікаў.

«Мне падаецца, што такая спроба нешта ўвесці ўжо была. Але распаўсюджвалася гэта на прадаўцоў аўтазапчастак. А аўтасэрвісам асаблівай небяспекі няма. Справа ў тым, што запчасткі прывозяць кліенты. Таму мы здымаем з сябе адказнасць у гэтым плане. Калі я не памыляюся, то сітуацыя зусім не новая. Мне падаецца, што робіцца гэта з мэтай, каб нехта зарабіў. Калі паглядзець на статыстыку ДТЗ, то выпадкаў, каб адбылося нешта праз дэфектныя запчасткі – такога амаль і няма. Якасць запчастак у нас не самая горшая і адпавядаюць яны ўсім нормам і патрабаванням», – распавёў «Белсату» Сяргей, уладальнік аўтасэрвісу ў Менску.

Hавiны
«Дыхай роўна»: кліент напісаў адмоўны водгук пра сэрвіс шынамантажу, кіраўніцтва хоча засудзіць яго за абразу
2018.12.05 15:33

Могуць пацярпець ад новаўвядзення і аўтаразборнікі, якія гандлююць ужыванымі аўтазапчасткамі. Праўда, якім чынам будуць кантраляваць выкананне прыкладання № 21 – у дакуменце не прапісана. Але краіны Мытнага звязу могуць самастойна вызначаць заканадаўчыя захады выканання прыкладання.

«Часу да ўступлення ў сілу новаўвядзенняў вельмі мала. І ў мяне больш пытанняў, чым адказаў. Для нас наагул гэты дакумент выглядае абсурдным. Мне падаецца, што ў такім выпадку павінна з’явіцца шмат новых кантралёраў. Акрамя таго, новыя арыгінальныя запчасткі ў нашай краіне людзі не ў стане набываць. Гэта не дазваляе прыбытак. Тая ж рулявая рэйка на стары аўтамабіль можа каштаваць нават больш, чым сама машына. Шэраг запчастак наагул не існуе, акрамя як толькі на «разборах». Таму гэта проста абы што», – распавёў «Белсату» ўладальнік аўтаразбору 4avto.by

Мэтазгоднасці і абгрунтаванасці новаўвядзення ўласнік аўтаразбору не бачыць.

«Сядзяць людзі, ім патрэбна нешта рабіць і яны нешта робяць. Гэтак як з тэхаглядам, напрыклад. Паводле статыстыкі толькі некалькі адсоткаў аўтаў трапляюць у ДТЗ па прычыне таго, што маюць нейкія тэхнічныя пытанні. Закон павінен быць прадуманым. А тут распачалі за здароўе, а закончылі абы як. З намі ніхто не абмяркоўваў гэты дакумент. Таму ён адарваны ад рэальнасці. Гэта проста стрэл у паветра. Мы не ўспрынялі яго ўсур’ёз. Трэба пачакаць, як будуць вырашаць праблемы, што ўзнікнуць у людзей», – кажа ўладальнік аўтаразбору.

Змены ў Тэхрэгламент мусяць уступіць у моц 31 жніўня.

Сяргей Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў