Моладзевага актывіста Арсенія Дзядка 23 студзеня камісія па справах няпоўнагадовых Савецкага раёну Менску прызнала вінаватым ва ўдзеле ў акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй і вынесла яму папярэджанне. Як праходзіць працэдура, дзе «судзяць» за палітыку і адначасова яе баяцца – у рэпартажы Belsat.eu.
17-гадовы Арсеній Дзядок прыйшоў на паседжанне з татам Аляксандрам, які падтрымлівае пазіцыю сына і таму дазволіў журналістам прысутнічаць і фіксаваць усё, што адбываецца. Інтарэсы Арсенія таксама прадстаўляе адвакат Вадзім Мушынскі.
23 студзеня камісія разглядала 4 адміністратыўныя пратаколы, складзеныя міліцыянтамі на актывіста: за прамову на сходзе падпісчыкаў блогера NEXTA 8 лістапада на Плошчы Свабоды, за заклік прыходзіць на наступную акцыю 15 лістапада, які нібыта агучыў Арсеній, а таксама за ўдзел у двух вулічных пратэстах супраць паглыблення інтэграцыі з Расеяй – 7 і 8 снежня. Па ўсіх чатырох пратаколах Арсеній сваёй віны не прызнаў.
На ўваходзе ў памяшканне на праспекце Незалежнасці, дзе месціцца камісія, кідаецца ў вочы дзіўнаватая сацыяльная рэклама. Асабліва прыцягвае ўвагу плакат у абарону правоў дзіцяці, дзе гаворыцца, што ў яго ёсць «права на ўдзел у жыцці грамадства» і на «захаванне пачуцця ўласнай годнасці».
Падаецца, апошні раз інтэр’ер тут абнаўлялі задоўга да нараджэння Арсенія. Працёртыя адкідныя крэселкі ў цёмным і цесным калідоры, на сценах – савецкія барэльефы з лозунгамі пра «сяброўства народаў».
«На вуліцы 2020 год, а заходзіш сюды – і адразу ў пачатку 80-ых!» – усміхаецца хлопец.
«Дзядок!» – даносіцца з прыадчыненай дзверы. За доўгім сталом сядзяць 9 чалавек: метадысты, сацыяльныя педагогі і чыноўнікі з раённага ўпраўлення адукацыі Савецкага раёну. У прэзідыуме – Аксана Ласіцкая, намесніца старшыні камісіі па справах няпоўнагадовых Савецкага раёну і міліцыянт у форме, начальнік інспекцыі па справах няпоўнагадовых Іван Кацэба. Ад гістарычнага факультэту БДУ, дзе Арсеній навучаецца на 1 курсе, прыйшла намесніца дэкана па вучэбнай і выхаваўчай працы Лілія Бярэйшык.
На пачатку Дзядок хадайнічаў аб тым, каб весці працэс па-беларуску. Старшыня камісіі запытала, ці ён наагул не разумее расейскай і на якой мове ў такім разе атрымлівае адукацыю.
«У нас на факультэце выкладанне вядзецца і на расейскай, і на беларускай. Дзядок навучаецца на беларускамоўнай плыні, і, паколькі ў нас дзве дзяржаўныя мовы, гэта не ёсць праблемай», – адзначыла Бярэйшык.
Пазней старшыні камісіі давядзецца выбачацца за сваю беларускую, бо час ад часу замест «справа» тая кажа «дэла». Здымаць фота, відэа і нават весці аудыёзапіс Ласіцкая забараніла ўсім, акрамя міліцыянта.
Паводле першага пратаколу, Дзядок нібыта парушыў парадак правядзення пікетавання і ўдзельнічаў у акцыі, якая «не мела дачынення да перадвыбарчай агітацыі». Нагадаем, штона акцыю 8 лістапада на Плошчы Свабоды ў Менску прыйшлі прыкладна 200 чалавек – гэта быў сход блогераў, які фармальна праходзіў у межах дазволенага заканадаўствам пікета кандыдаткі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Партыі БНФ Алены Талстой. З пратаколу вынікае, што Дзядок «выказваў сваё стаўленне да рэзультатаў будучых выбараў» і «выкрыкваў лозунг «Жыве Беларусь!». Адметна, што ў рапартах міліцыянты пішуць гэты лозунг з памылкамі.
У якасці рэчавага доказу правапарушэння камісія прадэманстравала відэа, знятае аператыўнікамі падчас акцыі. На ім Дзядок кажа наступнае:
«Я хацеў бы сказаць, што ў час гэтай выбарчай кампаніі і ў бліжэйшыя гады галоўная задача – быць разам, падтрымліваць адзін аднаго і падтрымліваць незалежнасць Беларусі! Жыве Беларусь! Таму я заклікаю ўсіх далучацца да кампаній па падтрымцы незалежнасці Беларусі, памятаць, што мы беларусы, мы нацыя і мы пераможам!»
Жанчыны за сталом перашэптваюцца і скрушна хістаюць галовамі.
– Скажыце, калі ласка, а якім чынам афіцыйна дазволены пікет пераўтвараецца ў несанкцыянаванае мерапрыемства? – запытаў тата Арсенія ў камісіі.
– Вы ведаеце, у які адрэзак часу можна праводзіць пікетаванне і вы ведаеце, як падаюцца дакументы на афіцыйны дазвол, – адказвае старшыня. Потым яна звяртаецца да Арсенія:
– Вы мэтанакіравана туды ішлі ці выпадкова заблукалі?
Арсеній звяртае ўвагу, што ў той жа час на Плошчы Свабоды праходзілі пікеты праўладных кандыдатаў ад «Белай Русі», але гэта – «не прадмет разгляду». Праз некалькі хвілін дыскусіі, падчас якой Дзядок з татам даказвалі, што дазвол на пікет падчас перадвыбарчай кампаніі непатрэбны, а, значыць, акцыя была легальная, Ласіцкая пагадзілася адкласці разгляд пратаколу. Да таго моманту камісія збіраецца запрасіць у Менгарвыканкаму дакумент, які пацвердзіць, што пікеты ў тым месцы сапраўды былі дазволеныя.
Аднак на фіксаванні прамовы Дзядка 8 лістапада міліцыянты не спыніліся і склалі яшчэ адзін пратакол паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП – за «публічны заклік» на акцыю 15 лістапада. Цытату Арсенія, якую кваліфікавалі як заклік, старэйшы лейтэнант Андрэй Прыходзька выявіў падчас маніторынгу сайту «Хартыя ‘97».
– А навошта супрацоўнік міліцыі зайшоў на заблакаваны ў Беларусі сайт і пачаў яго маніторыць? – заўважае «падсудны».
Цікава, што рапарт начальству міліцыянт Прыходзька даслаў адразу, але ў верхнім правым кутку дакументу маёр Нікіціна алоўкам пазначыла трыма клічнікамі: «Разбіральніцтва праводзіць пасля выбараў!!!»
І па гэтым пратаколе, і па наступным Дзядок не прызнае віны, а доказаў камісіі, відавочна, бракуе. Разгляд пераносяць на 27 студзеня.
Калі Арсеній спрабуе выказаць сваё меркаванне наконт інтэграцыі, старшыня камісіі перарывае: «Не апускаемся ў вобласць абмеркавання палітыкі!»
Чацверты пратакол датычыў удзелу Дзядка ў акцыі 8 снежня. Больш за ўсё старшыню камісіі абурыла, што акцыю не дазволіў Менгарвыканкам.
– Мяне здзіўляе, як і ўсіх тут, хто мае дзяцей, чаму людзі, якія арганізоўвалі гэта, загадзя не паведамілі вам, што ўсё-такі вы будзеце ўдзельнічаць у мерапрыемстве, якое з’яўляецца несанкцыянаваным і за якое існуе артыкул 23.34 КаАП, – кажа Аксана Ласіцкая.
– Я скажу шчыра: я ведаў гэта і ішоў мэтанакіравана. Калі трэба будзе абараняць Беларусь у тым ліку са зброяй у руках, мне не трэба будзе ні загад ад вас, ні ад кагосьці яшчэ, – парыруе хлопец. Сонныя ідэолагі за сталом паднялі вочы ад тэлефонаў.
Пасля непрацяглай нарады за зачыненым дзвярыма камісія прызнала Арсенія Дзядка вінаватым у парушэнні арт. 23.34 КаАП. Зважаючы на станоўчую характарыстыку з універсітэту, яму вынеслі афіцыйнае папярэджанне.
«Справа, відавочна, палітычная. Гэта знішчэнне ўсяго маладога, усяго жывога. Я не ведаю гэтых асобаў у камісіі, але думаю, яны прагаласавалі так, як ім сказалі. Гэта жах», – сказаў па заканчэнні паседжання Аляксандр Дзядок.
«Усё гэта нагадвае сход камсамолу з гісторыі. Сядзяць жанчыны з начосамі і бачна, што ім складана, канец працоўнага дня. Але таксама бачна, што справы вельмі лёгка адпраўляюць на дапрацоўку дый разглядаюць іх не надта ахвотна», – пракаментаваў рашэнне Арсеній Дзядок. Ён дадаў, што ў бліжэйшым часе плануе яго абскардзіць.
КА, фота аўтара Belsat.eu