Навукоўцы на хамяках даказалі эфектыўнасць масак супраць заражэння каронавірусам


Навукоўцы з Універсітэта Ганконгу з дапамогай эксперыменту з удзелам хамякоў давялі высокую эфектыўнасць медычных масак у барацьбе з COVID-19 і высветлілі, што яны значна дапамагаюць знізіць бескантактную перадачу вірусу.

Пра гэта піша газета South China Morning Post.

У эксперыменце мікрабіёлагаў удзельнічалі 52 хамякі. У невялікім замкнёным памяшканні з аднаго боку ў кожную з клетак яны змясцілі аднаго хворага каронавірусам хамяка, а з другога – па тры здаровых. Паміж клеткамі ўсталявалі вентылятары, якія павінны былі нагнятаць паветра і «распаўсюджваць» вірус ад хворага грызуна здаровым. Таксама даследчыкі паміж клеткамі змясцілі спецыяльную масачную перагародку.

Даследчыкі правялі эксперыменты па трох розных сцэнарах: «масачны бар’ер» ставіўся каля клетак з заражанымі хамякамі, каля клетак са здаровымі хамякамі і зусім не ставіўся. Праз тыдзень пасля эксперыменту 10 з 15 здаровых хамякоў, якія знаходзіліся ў клетках без барʼераў з масак, заразіліся каронавірусам. Аднак у тых выпадках, калі каля клетак з заражанымі грызунамі былі ўсталяваныя маскі, захварэлі толькі два хамякі з 12 у процілеглай клетцы.

Пасля таго, як падчас эксперыменту перагародку змясцілі толькі каля клеткі са здаровымі хамякамі, захварэлі чатыры грызуны з 12.

Гэта ў вялікай ступені верагоднасці пацвярджае, што маскі эфектыўныя і для людзей. Асабліва рэкамендуецца апранаць маскі ў закрытых памяшканнях, дзе не цыркулюе паветра.

КА belsat.eu

Стужка навінаў