Напярэдадні свайго 20-годдзя «Народны Альбом» стане музычным спектаклем. Тэлеканал «Белсат» выступае аўтарам ідэі і выканаўчым прадзюсарам спектаклю.
4 верасня ў Падляскай оперы ў Беластоку ў межах фестывалю «Усход культуры. Іншае вымярэнне» адбудзецца прэмʼера спектаклю «Народны альбом. 20 год». Рэжысёр прадстаўлення – Конрад Смуга. Аўтар сцэнару – Матвей Сабураў, аўтар многіх кліпаў «Ляпіса Трубяцкога», «The Toobes», «Без Білета» ды рэжысёр «Сашы і Сірожы».
Арганізатары абяцаюць, што галоўнымі героямі стануць як удзельнікі таго самага альбому – а гэта каля 25 асобаў, – гэтак і новыя людзі.
«Народны альбом» быў запісаны ў 1997 годзе ў былой студыі легендарнага радыё «101,2», і стаў адной з найбуйнейшых культурніцкіх з’яваў незалежнай Беларусі: ён аб’яднаў не толькі больш за два дзясятка ягоных творцаў, але і тысячы слухачоў па ўсёй краіне.
Гэтак, настаўнік беларускай мовы Сяргей Скурат у прысвечаным альбому фільме «Шлях да мроі» кажа, што на той момант песні з альбому былі фантастычнаю знаходкаю: іх можна было і спяваць, і чытаць, і распавядаць. Сам Сяргей не раз браў гітару на свае ўрокі.
І колькі дзяцей па ўсёй краіне спявала «Настаўніка Рагойшу» на занятках па мове, літаратуры, гісторыі ды музыцы – невядома. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што беластоцкая прэмʼера будзе другой спробай інсцэнізаваць кружэлку: упершыню спектакль паводле матываў «Народнага альбому» паставілі вучні коласаўскага ліцэю.
Альбом апраўдвае сваю назву. «Падчас запісу альбома пахлопвалі і падтоптвалі не толькі музыкі ды супрацоўнікі «Радыё 101,2», але і ахоўнікі студыі разам з левымі людзьмі. Я заходзіў да іх і спойваў, дражніў іх каньяком. Так ці інакш у працэсе стварэння альбома прынялі ўдзел каля 25 чалавек», – прыгадваў тую працу Аляксандр Памідораў, які выканаў для альбому народную габрэйскую песню «Lomir zich iberbetn».
Гэты калектыўны дух разняволенай творчасці яднаў усіх стваральнікаў і праз 10 гадоў пасля запісу. З’яднае, імаверна, і цяпер.
«Для мяне «Народны альбом» застаецца выспай шчырасці, калі абсалютна чужыя людзі становяцца ў «Народным альбоме» адной сям’ёй», – казала напрыканцы двухтысячных Кася Камоцкая, жаночы голас кружэлкі.
Трымацца разам такой колькасці абсалютна розных людзей ды стварыць альбом-ікону музыкантам дапамагла, паводле іроніі, адсутнасць грошай і якой-кольвек дысцыпліны.
«Ніхто не баяўся рабіць нешта дурнаватае. Міхал Анемпадыстаў пісаў проста бесперапынна паміж асноўнай працай і працай над праектамі; я думаю, ён не вельмі гэтыя тэксты і рэдагаваў. Нашай задачай было не сапсаваць ягоныя тэксты сваймі трыма акордамі. Усё рабілася так па-дурному, часам гралі цалкам крыва, не парыліся наконт таго, як будзе гучаць тая ці іншая музыка. Усё было вельмі разняволена», – прыгадвае працу над праектам Лявон Вольскі.
Паводле Вольскага, вераснёўская прэмʼера не будзе канцэптуальна адрознівацца ад арыгіналу.
«Гэтым разам будзе граць цэлы аркестр – 20 музыкаў. Бо ўсё мусіць адбывацца ў беластоцкай оперы, а гэта грандыёзная па памерах і тэхнічных магчымасцях пляцоўка. У Беларусі нічога падобнага няма. Таму мы пашырылі склад удзельнікаў і будзем рабіць новыя аранжыроўкі песень. То бок гэта будзе стары добры «Народны альбом», але на якасна вышэйшым узроўні», – кажа Вольскі.
Спектакль «Народны альбом. 20 год» стане часткаю фестывалю «Wschód Kultury. Inny Wymiar» («Усход культуры. Іншае вымярэнне»), каардынаванага Беластоцкім цэнтрам культуры (Białostocki Ośrodеk Kultury) і Нацыянальным цэнтрам культуры (Narodowе Centrum Kultury) пры падтрыманні парталу kulturadostepna.pl Копрадусарам відовішча з’яўляецца польскі Нацыянальны інстытут аўдыёвізуальны NINA.
Імпрэза ладзіцца ў трох найбуйнейшых гарадах усходняй Польшчы – Жэшаве, Любліне ды Беластоку, – супольна з артыстамі, музыкантамі і мастакамі з краінаў Усходняга партнёрства – Арменіі, Азербайджану, Беларусі, Грузіі, Малдовы ды Украіны.
Традыцыйная рыса ўсіх імпрэзаў – адсутнасць квіткоў: уваход на кінасеансы, спектаклі і канцэрты бясплатны.
ДД, belsat.eu